«Манастырынг» — некалькі дзён у манастыры ўдалечыні ад гарадской мітусні — гэта фармат павольнага адпачынку і перазагрузкі, які цяпер набірае папулярнасць. У Жыровіцкім манастыры для ахвочых нават запусцілі «Манастырскія духоўныя выхадныя». Але варыянтаў значна больш: у Беларусі працуюць 36 праваслаўных манастыроў.
Hrodna.life выбраў пяць не самых раскручаных, дзе можна пажыць паводле манастырскага распарадку і паспрабаваць сябе ў якасці трудніка. Тры з іх знаходзяцца ў Гродзенскай вобласці, яшчэ два — на Магілёўшчыне і Гомельшчыне.
Як з’явіўся «манастырынг»
Паломніцкія паездкі ў манастыры існавалі задоўга да з’яўлення слова «манастырынг». Аднак калі раней такі фармат быў перадусім звязаны з рэлігійнымі мэтамі, то ў апошнія гады ім зацікавіліся і людзі, якія разглядаюць паездку ў манастыр як магчымасць на некалькі дзён змяніць звыклы рытм жыцця, пабыць у цішыні і адпачыць ад горада.
Сама з’ява не новая, а вось назва стала папулярнай дзякуючы сацсеткам. У 2024 годзе завірусілася відэа расіянкі Анастасіі Ашчэулавай, якая правяла пяць дзён трудніцай у манастыры і расказала пра свой досвед. Пасля гэтага ў рускамоўных сацсетках замацавалася слова «манастырынг».
Паступова трэнд дайшоў і да Беларусі. У сацсетках беларусы абмяркоўвалі магчымасць на некалькі дзён паехаць у манастыр, каб змяніць звыклую абстаноўку і адпачыць ад гарадской мітусні. Пры гэтым для саміх беларускіх манастыроў нічога прынцыпова новага ў такім фармаце няма: манастыры даўно прымаюць паломнікаў і труднікаў, а некаторыя дазваляюць пажыць на сваёй тэрыторыі і дапамагаць па гаспадарцы.

Куды можна паехаць у Беларусі: тры манастыры ў Гродзенскай вобласці і два — далей
На тры дні ў «беларускую Швейцарыю» — Вялікакракоцкі манастыр
Свята-Зосіма-Саваціеўскі Вялікакракоцкі мужчынскі манастыр знаходзіцца ў вёсцы Вялікая Кракотка Слонімскага раёна — сярод лясоў і ўдалечыні ад буйных гарадоў.
Уладзімір Караткевіч называў Вялікую Кракотку адной з найпрыгажэйшых вёсак, якія яму даводзілася бачыць, і параўноўваў яе краявіды са Швейцарыяй.
Манастыр вырас вакол храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, пабудаванага ў 1883 годзе. У савецкі час храм закрылі і размясцілі ў ім клуб, а да канца 1980-х ад будынка засталіся напаўразбураныя сцены. У пачатку 1990-х царкву аднавілі, а пазней тут з’явілася манаская супольнасць. Афіцыйна мужчынскі манастыр быў адкрыты ў 2009 годзе.
Сярод яго святыняў — часцінкі мошчаў прападобных Зосімы, Савація і Германа Салавецкіх і спіс іконы Божай Маці «Скорапаслушніца», напісаны манахамі афонскага манастыра Дахіяр.
Непадалёку, у сасновым бары на беразе ручая Іарданка, знаходзіцца крыніца — яе называюць крыніцай Іаана Хрысціцеля.

Умовы для паломнікаў
Для паломнікаў каля манастыра абсталяваны асобны гасцявы дом з трыма пакоямі, кухняй, печкай, вадой, посудам і пасцельнай бялізнай. Застацца тут можна на тры дні.
На сайце манастыра асобна папярэджваюць: дом паломніка прызначаны «для ўдзелу ў набажэнствах і нясення паслушанняў, а не для адпачынку і забаў». Падоўжыць знаходжанне можна толькі з блаславення намесніка.
Госці ўдзельнічаюць у набажэнствах і выконваюць даручаныя ім паслушанні. Калі чалавек не можа займацца фізічнай працай або мае іншыя абмежаванні, пра гэта просяць папярэдзіць.
Правілы пражывання даволі строгія. У дом паломніка трэба вяртацца да 23.00, неабходна захоўваць цішыню і парадак. Забароненыя алкаголь і курэнне, а карыстацца камп’ютарамі, тэлевізарамі і некаторымі іншымі электрапрыборамі можна толькі з блаславення намесніка манастыра. А мабільнымі тэлефонамі карыстацца ўвогуле нельга. Таксама забаронена без прычыны размаўляць паміж сабой і з манахамі.

Для наведвання манастыра таксама прадугледжаныя патрабаванні да адзення. Напрыклад, мужчыны не могуць знаходзіцца ні ў манастыры, ні ў доме паломнікаў у шортах і з аголеным торсам, жанчынам нельга быць у штанах, шортах і кароткіх спадніцах, а таксама з непакрытай галавой і плячыма.
Як трапіць у Вялікакракоцкі манастыр
Манастыр знаходзіцца па адрасе: Гродзенская вобласць, Слонімскі раён, вёска Вялікая Кракотка, 2А.
Пра магчымасць пражывання ў доме паломніка неабходна дамовіцца да прыезду па тэлефоне +375 1562 52-941. Па гэтым жа нумары прымаюць папярэднія заяўкі на экскурсіі.
Дабрацца без аўтамабіля можна са Слоніма аўтобусам «Слонім — Кракотка». Паводле інфармацыі на сайце манастыра, аўтобус ходзіць па аўторках і суботах, а манастыр знаходзіцца каля канцавога прыпынку. Перад паездкай расклад лепш дадаткова ўдакладніць.

«Духоўна падсілкавацца» каля Нёмана — Лаўрышаўскі манастыр
Яшчэ адзін варыянт для некалькіх дзён удалечыні ад гарадской мітусні ёсць на Навагрудчыне. Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр знаходзіцца непадалёку ад вёскі Гнесічы, у адасобленым месцы каля Нёмана і недалёка ад Налібоцкай пушчы.
Лаўрышаўскі манастыр лічыцца адным з найстаражытнейшых у Беларусі. Яго гісторыю звязваюць з прападобным Елісеем Лаўрышаўскім і XIII стагоддзем. За некалькі стагоддзяў манастыр перажыў перыяды росквіту і заняпаду, войны і доўгае запусценне. Сучаснае адраджэнне манастыра пачалося ў 1990-х гадах.
З гэтым месцам звязаны і адзін з вядомых помнікаў беларускага пісьменства — Лаўрышаўскае Евангелле, створанае ў канцы XIV — пачатку XV стагоддзя. Багата аздоблены рукапіс з мініяцюрамі цяпер захоўваецца ў Кракаве.
Сёння манастыр працягвае развівацца. Тут ствараюць Алею праваслаўных святыняў: паводле праекта, на тэрыторыі павінны з’явіцца 33 капліцы — па колькасці гадоў зямнога жыцця Ісуса Хрыста. У лістападзе 2025 года манастыр адзначаў 800-годдзе, да юбілею тут асвяцілі чарговую капліцу — у гонар Жыровіцкай іконы Божай Маці.

У Лаўрышаўскім манастыры можна застацца на некаторы час і пажыць. Прычым такая магчымасць ёсць і ў мужчын — яны могуць жыць на тэрыторыі манастыра ў Доме міласэрнасці, і ў жанчын — яны могуць жыць у доме паломніка, які знаходзіцца непадалёку ад манастыра.
Для гасцей прадугледжана таксама трохразовае харчаванне. Набажэнствы праходзяць штодня раніцай і ўвечары. Можна наведаць купель, якая знаходзіцца на тэрыторыі манастыра.
Можна прыехаць проста на некалькі дзён, а можна стаць труднікам на даўжэйшы час і дапамагаць манастыру. Манастыру патрэбныя рабочыя рукі для догляду саду і агарода, апрацоўкі зямлі, прыбірання тэрыторыі, а таксама будаўнічых і аздобных работ.
«Тут заўсёды рады паломнікам, валанцёрам, труднікам, якія жадаюць дапамагчы манастыру фізічнай працай, імкнуцца навесці парадак у думках і пачуццях, шукаючы для гэтага адасаблення. Сюды можна прыехаць духоўна падсілкавацца на дзянёк або правесці тут больш працяглы перыяд часу», — расказваў клірык манастыра іерэй Яўген Барташэвіч.

Трэба будзе выконваць манастырскія правілы. У манастыры забароненыя алкаголь, курэнне і нецэнзурная лаянка, дзейнічаюць патрабаванні да адзення. Мужчынам нельга знаходзіцца на тэрыторыі храма ў шортах і майках, жанчынам — у кароткіх спадніцах, брыджах і штанах. Галава павінна быць пакрытая хусткай.
Перад уваходам у храм на тэрыторыі манастыра мабільны тэлефон неабходна выключыць, а фатаграфаваць і здымаць відэа без дазволу нельга.
Як дабрацца да Лаўрышаўскага манастыра
Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр знаходзіцца ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці, каля вёскі Гнесічы (п/а Шчорсы).
Калі хочацца не проста наведаць манастыр, а застацца тут на некаторы час, паездку неабходна ўзгадніць загадзя. На сайце манастыра для гэтага пазначаны тэлефон паслушніка Алексія: +375 29 170-49-29.
Для замовы экскурсіі дзейнічае асобны нумар — +375 29 133-97-33. Пры папярэднім запісе можна таксама паведаміць, ці патрэбныя трапеза, духоўная размова са святаром, наведванне купелі або магчымасць выканаць паслушанне.
Пажыць на ўскраіне вобласці і ў глушы — Свята-Увядзенскі манастыр
Нетаропка правесці час можна ў Свята-Увядзенскім манастыры у вёсцы Богушы Смаргонскага раёна. Ён знаходзіцца ў баку ад буйных гарадоў. Але недалёка ад яго знаходзіцца мястэчка Крэва, наведванне якога можна сумясціць з манастырынгам.
Манастыр акружаны лесам, а сам манастырскі комплекс зусім невялікі: ён разлічаны прыкладна на 20 чалавек, пастаянна тут жывуць усяго восем насельніц.
Гісторыя манастыра пачалася з невялікага адасобленага скіта, а з часам тут з’явіліся храм, званіца, жылы корпус, трапезная, швейная майстэрня, сад і гаспадарчыя пабудовы. Ёсць і невялікі музей, прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны: у навакольных лясах дагэтуль захаваліся сляды акопаў і траншэй.
Прыехаць сюды можна і жанчынам, і мужчынам. Для паломнікаў за тэрыторыяй манастыра абсталяваныя два гасцявыя домікі. Застацца з начлегам можна з мая па кастрычнік, таму пачатак восені якраз падыходзіць для такой паездкі. Звычайна прыязджаюць на тры дні — з пятніцы па нядзелю.

Праўда, звычайным турыстычным уік-эндам гэта не будзе. Госці павінны выконваць манастырскі распарадак і могуць дапамагаць сёстрам па гаспадарцы.
Дзень у манастыры звычайна пачынаецца рана: насельніцы ўстаюць а пятай гадзіне раніцы, затым ідуць малітва і набажэнства, пасля — паслушанні. Удзень прадугледжаны невялікі адпачынак, а затым зноў малітва і праца. Усяго малітве тут прысвячаюць не менш за восем гадзін на дзень — з улікам набажэнстваў і келейнага правіла.
Што ўзяць з сабой у манастыр
З сабой рэкамендуюць узяць рабочае адзенне і абутак, пасцельную бялізну і прадметы асабістай гігіены. Паломнікі харчуюцца разам з насельніцамі — самастойна гатаваць у манастыры нельга.
Распарадак тут сапраўды манастырскі: насельніцы ўстаюць а пятай гадзіне раніцы, дзень пачынаецца з малітвы і набажэнства, пасля якіх ідуць паслушанні. У манастыры просяць захоўваць цішыню, адмовіцца ад алкаголю і курэння, а мабільны тэлефон рэкамендуюць выключыць.
Як трапіць у Свята-Увядзенскі манастыр
Паездку неабходна ўзгадніць загадзя і атрымаць блаславенне на наведванне. Тэлефоны манастыра: 8 (015) 924-59-25 і 8 (029) 621-99-27. Адрас: Гродзенская вобласць, Смаргонскі раён, вёска Богушы, 12.

Паехаць на Гомельшчыну — Свята-Іаана-Кармянскі жаночы манастыр
Яшчэ адзін варыянт знаходзіцца практычна на другім канцы Беларусі — у аграгарадку Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Тут дзейнічае Свята-Іаана-Кармянскі жаночы манастыр.
Гісторыя манастыра звязаная з Пакроўскім храмам і праваслаўным святаром Іаанам Гашкевічам, больш вядомым як Іаан Кармянскі. У 1991 годзе былі знойдзеныя яго мошчы, а ў 2000 годзе прыход атрымаў статус жаночага манастыра. Цяпер мошчы Іаана Кармянскага — галоўная святыня манастыра.
Манастыр невялікі. Дзень тут пачынаецца рана: манаскае правіла здзяйсняецца а 6.00, а 7.30 праходзіць малебен з акафістам каля мошчаў Іаана Кармянскага, а 8.00 — літургія. Вячэрняе набажэнства пачынаецца а 16.00. Службы праходзяць штодня.

Для тых, хто хоча затрымацца тут даўжэй за звычайную экскурсію, ёсць дом паломніка. Месцы неабходна браніраваць загадзя. Пасля набажэнстваў паломнікам прапануюць трапезу, а паводле папярэдняй дамоўленасці для гасцей праводзяць экскурсію па манастыры і ў суседнюю вёску Агародня — месца, таксама звязанае з Іаанам Кармянскім.
Такі варыянт падыдзе хутчэй тым, хто хоча на некалькі дзён змяніць звыклую абстаноўку на манастырскі распарадак: ранні пад’ём, штодзённыя службы і жыццё ўдалечыні ад вялікага горада.
Як дабрацца да Свята-Іаана-Кармянскага жаночага манастыра
Манастыр знаходзіцца па адрасе: Гомельская вобласць, Добрушскі раён, аграгарадок Карма, вул. Камсамольская, 2А. Месца ў доме паломніка трэба папярэдне ўзгадніць па тэлефоне +375 (2333) 5-70-01.
Без аўтамабіля спачатку трэба даехаць да Гомеля. Ад аўтавакзала Гомеля з пляцоўкі №7 адпраўляюцца аўтобусы і маршруткі, якія ідуць праз Добруш па маршрутах «Гомель — Карма» і «Гомель — Красны Партызан». Прыпынак у Карме знаходзіцца насупраць храма. На сайце асобна папярэджваюць: аграгарадок Карма ў Добрушскім раёне не трэба блытаць з аднайменным райцэнтрам Карма ў іншай частцы Гомельскай вобласці.

Калі хочацца не толькі цішыні, але і працы — Баркулабаўскі манастыр
Яшчэ адзін варыянт правесці некалькі дзён удалечыні ад звыклага жыцця — паехаць труднікам ва Узнясенскі жаночы манастыр у вёсцы Баркулабава Магілёўскай вобласці. Манастыр знаходзіцца ў маляўнічым месцы на беразе Дняпра. Цяпер тут жывуць больш за 15 насельніц, штодня здзяйсняецца поўны круг набажэнстваў.
Што такое трудніцтва ў манастыры
Трудніцтва прадугледжвае, што частку дня госці дапамагаюць манастыру. Паслушанні могуць быць рознымі: прыбіранне храма і тэрыторыі, праца ў садзе і агародзе, на пчальніку або гаспадарчым двары, дапамога ў прасфорні. Прымаюць і мужчын, і жанчын. Для мужчын можа знайсціся праца з інструментамі або дапамога па гаспадарцы.
Паломнікі таксама могуць удзельнічаць у набажэнствах і малітвах разам з сёстрамі, пабываць каля святой крыніцы. Адна з галоўных святыняў манастыра — Баркулабаўская ікона Божай Маці. З Баркулабавам звязаны і адзін з вядомых помнікаў беларускага пісьменства — Баркулабаўскі летапіс.

Як трапіць у Баркулабаўскі манастыр
Прыехаць можна з папярэдняга блаславення. Паломнікам і труднікам даюць месцы ў манастырскай гасцініцы — доміку для паломнікаў — і трапезу.
Па пытаннях прыезду можна загадзя звязацца з сястрой Таццянай па тэлефоне +375 29 255-10-97. Таксама на афіцыйным сайце для арганізацыі паломніцкіх паездак пазначаны тэлефон 8 (02231) 56-436.
Адрас манастыра: Магілёўская вобласць, Быхаўскі раён, вёска Баркулабава, вул. Дняпроўская, 10.
Дабрацца сюды можна і без аўтамабіля. У Баркулабава ходзяць цягнікі з Магілёва.



