Інвалід па зроку Аляксандр Кодзіс стаў чэмпіёнам Беларусі ў паўэрліфтынгу і рэкардсменам свету ў станавой цязе, піша КП.
— Калі я ўбачыў першы фільм з Арнольдам Шварцэнэгерам — вырашыў, што стану самым моцным чалавекам у свеце. Гэта была мая вялікая дзіцячая мара. А новыя фільмы са Шварцэнэгерам, Ван Дамам, Брусам Лі чакаў больш за ўсё на свеце! Мне так хацелася быць такім жа вялікім, смелым, умець добра біцца, што нават трагедыя, якая здарылася са мной у 7 гадоў, не змагла спыніць мяне, — распавядае дзеючы чэмпіён Беларусі ў паўэрліфтынгу 29-гадовы Аляксандр Кодзіс з Гродна.
Страціў зрок з-за дзіцячага свавольства
Цёплым летнім вечарам Саша і яго старэйшы брат Андрэй гулялі ў двары каля дома ў роднай вёсцы Пагародна Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Брат запускаў у дрэва самаробныя зорачкі з лістка бляхі, адна з іх зрыкашэціла і трапіла ў Сашу…
— Шэсць гадзін я праляжаў на аперацыйным стале ў раённай бальніцы. Лекары казалі, што левае вока можна захаваць, але з вялізным спісам абмежаванняў. Мне нельга было бегаць, скакаць, катацца на ровары — можна сказаць, лекары забаранілі любыя фізічныя нагрузкі… Таксама трэба было ўвесь час прымаць падтрымліваючыя лекі і правільна харчавацца. Вядома, я быў дзіцём і выконваць такія строгія правілы не мог, — кажа Саша.
[irp posts="12 434″ name="Арнольд Шварцэнэгер — любоў на ўсё жыццё. Як гродзенец у 45 гадоў стаў паспяховым бодыбілдэрам"]
Не мог хлапчук і таму, што так бы ён здрадзіў сваю мару. Бо толькі дзякуючы ёй Саша не звяртаў увагі на крыўдныя словы аднагодкаў. Замест гэтага будучы чэмпіён сам майстраваў турнікеты для заняткаў, а пры з’яўленні першай зоркі на небе заўсёды загадваў жаданне стаць самым моцным і добра навучыцца біцца. Відаць, зоркі пачулі просьбы вясковага хлапчука: пасля школы знаёмыя яму параілі звярнуцца па дапамогу ў Гродзенскае таварыства слабых зрокам. Ён так і зрабіў: пераехаў у Гродна, дзе хлопцу далі працу. Першы час ён жыў у сястры.
— Я стаў займацца боксам, плаваннем і лёгкай атлетыкай. Спорт патрабаваў сур’ёзных грошай, і мне даводзілася працаваць на трох працах: завод, будоўля, ахова па начах. Пры гэтым імкнуўся ў любую вольную хвіліну трэніравацца: памятаю, як у 3 гадзіны ночы закрываўся на працы ў пакоі здароўя і займаўся. На працягу шасці гадоў я трэніраваўся 7 раз у тыдзень двойчы ў дзень! — распавядае чэмпіён.
На адным турніры ўсталяваў два сусветныя рэкорды
Такія нагрузкі не маглі не адбіцца на зроку Сашы: з-за прафесійных заняткаў боксам ён цалкам аслеп на левае,
траўмаванае ў дзяцінстве вока. Пасля гэтага з боксам давялося завязаць…
— Таму пяць гадоў таму вырашыў: пайду ў жалеза з галавой. На шчасце, для заняткаў паўэрліфтынгам (сілавое трохбор’е, якое ўключае прысяданне са штангай на плячах, падыманне штангі лежачы і адрыў штангі ад памоста. — рэд.) мой стан не з’яўляецца супрацьпаказаннем.
Да свайго першага чэмпіянату па паўэрліфцінгу я рыхтаваўся два месяцы. На першым жа турніры выканаў нарматыў майстра спорту Беларусі і пабіў рэкорд Беларусі, падняўшы 310 кілаграмаў. Быў вельмі задаволены. Яшчэ праз два месяцы выйграў турнір па станавой цязе імя Міхаіла Вярбіцкага, а таксама выканаў нарматыў майстра спорту міжнароднага класа. Там жа замахнуўся на сусветны рэкорд, але з-за тэхнічнай памылкі вынік не залічылі.
Поспех да спартсмена прыйшоў на Адкрытым Кубку Беларусі ў 2016 годзе. Тут Аляксандр паказаў сапраўдную вытрымку і сілу волі. З-за хвалявання ў атлета паднялася тэмпература больш 39 градусаў, але гэта не перашкодзіла яму тройчы ўсталяваць сусветны рэкорд у станавой цязе ў сваёй вагавой катэгорыі (апошні вынік — 337,5 кг) і стаць чэмпіёнам Беларусі ў паўэрліфтынгу.
«Усе мае вынікі - заслуга маёй каханай дзяўчыны»
Захапляе, што спартсмен лічыць свае поспехі заслугай яго каханай дзяўчыны, з якой ён пазнаёміўся ў бальніцы. З-за актыўнай падрыхтоўкі да чэмпіянату Аляксандр сарваў спіну і на два тыдні трапіў у бальніцу. У бальнічным калідоры ён сустрэў сваю выратавальніцу Паліну.
— Усе гэтыя вынікі - заслуга Паліны. Яна заўсёды і ўсюды са мной, заўсёды верыць у мяне, падтрымлівае. Паліна бярэ на сябе ўсе арганізацыйныя моманты — мне застаецца толькі трэніравацца. Вы ведаеце, я ўпэўнены, што побач з кожным паспяховым мужчынам знаходзіцца правільная жанчына. Менавіта жанчыны натхняюць і стымулююць мужчын. Толькі дзеля іх мы ўсе і робім, — усміхаецца чэмпіён.
— З такой сілай сваю дзяўчыну, напэўна, адной рукой можаце падняць?
— Вось нездарма ж кажуць: шавец без ботаў. Толькі два разы насіў Паліну на руках. Яна часам крыўдзіцца, але я адбіваюся: «Паліна, ты хочаш, каб я зноў спіну сарваў?» (Усміхаецца)
— Саша, размаўляючы з вамі, перастаеш заўважаць, што ў вас нейкія праблемы са зрокам. А ці ёсць нязручнасці ў жыцці?
— У дзяцінстве, паварочваючыся, мог выпадкова стукнуць сваіх сясцёр. Але цяпер мой арганізм настолькі адаптаваўся, што я адчуваю сябе камфортна. Мой трэнер па боксе доўгі час не ведаў, што ў мяне праблемы, як і мае супернікі на рынгу.
Зараз хіба што часам магу стукнуцца аб дзвярны праём — габарыты цела растуць, і я пакуль не прызвычаіўся (смяецца). Праўда, калі пасля школы пераехаў у Гродна, мяне спачатку бянтэжылі і раздражнялі пастаянныя погляды, але з часам да ўсяго звыкаеш. Сканцэнтраваўся на спорце і сваёй мэце, а ўсё смецце з галавы выкінуў.
[irp posts="16 640″ name=" Здавалася, гэта кропка, але ў адзін момант усё змянілася". Гродзенец пасля цяжкіх траўмаў збіраецца зноў хадзіць"]
— Жалеза, як вы кажаце, зараз у модзе — многія ходзяць у трэнажорныя залы, «пампуюцца». А па-вашаму, які спорт ідэальны для падтрымання сябе ў форме?
— На мой погляд, неабходна выконваць баланс трох кітоў: абцяжарванне (трэнажорная зала), кардыянагрузка (бег, ровар, плаванне), і расцяжка (ёга, пілатэс). Вельмі добра, напрыклад, з раніцы прабегчыся альбо хутка прайсціся на працягу 20−40 хвілін. Увечары прыйсці на трэніроўку ў трэнажорную залу на 45−60 хвілін. А потым — ёга або пілатэс. У прынцыпе, расцяжку можна зрабіць і ў зале, калі няма часу ісці на дадатковыя заняткі. Для падтрымання формы не трэба займацца да фанатызму — дастаткова два разы на тыдзень па 1,5−2 гадзіны. І, галоўнае, не глядзіце на вагу — гэта не той крытэрый, якому варта надаваць значэнне. Люстэрка, фатаграфіі і сантыметр — паказчык вашай прыгажосці.
Як прызнаецца чэмпіён, імкненне быць першым у яго ад бацькі, якога, на жаль, ужо няма. А калісьці прозвішча Кодзіс была вядомым ва ўсім раёне — фатаграфіі таты, перадавіка-камбайнёра, не схадзілі са старонак раённых газет.
— Жыву па прынцыпе: рабі ўсё магчымае, а ўсё немагчымае за цябе зробіць Сусвет. У гэтую праўду веру ўсім сэрцам. І пакуль не выканаю сваю дзіцячую мару, не супакоюся! — прызнаецца чэмпіён.
Восенню Аляксандр Кодзіс паедзе на чэмпіянат свету па паўэрліфтынгу. Галоўная мэта — вядома, перамога. Сусветны рэкорд спартсмена, які ён усталяваў у 2016 годзе, на жаль, ужо пабілі. Так што зараз Аляксандр збіраецца ўсталяваць новы.