Штомесяц абласная праўладная газета ў рубрыцы “Окошко в Европу” робіць разбор “забугорных” навін. Пад тэкстамі падпісваецца Таццяна Сяргеева — галоўная рэдактарка. Гэтым разам яна вырашыла разабрацца ў дзеях польскага святара. Бо навіна ёй трапілася з пікантнымі дэталямі.
Што замест фактаў?
“Польскі святар прасоўвае рэлігійныя ідэі на сайце з “клубничкой”, — з такога загалоўка пачынаецца навіна ў “Гродзенскай праўдзе”.
Таццяна Сяргеева ўзгадвае садавіну, якая ў расійскай мове мае дадатковае пікантнае значэнне.
Каментар Hrodna.life: Слова “клубничка” пакінута на расійскай мове, як у арыгінале артыкула “Гродзенскай праўды”. За беларускімі словамі “трускаўкі” і “клубніцы” не замацавалася другасных асацыяцый.
“Клубничка” — гэта расійскі культурны маркер. Ён працуе як маленькая, але дакладная куля. Яна ўздымае градус непрыстойнасці, а ў звязку з сакральным павышае скандальны тон. Чытачы абураюцца. Іх увага адразу змяшчаецца на непрыстойнасць сайта.
Як пераклад па-гроднапраўдзенскі скажае сэнс
“Гродзенская праўда” нібыта цалкам перакладае сказы з замежных артыкулаў. Але! Скажае значэнне аднаго ці некалькіх слоў. Агульная думка скажаецца да такой, якая патрэбна прапагандыстам. Аднойчы ў “Гродзенскай праўдзе” курс па “агульнай абароне” ператварыўся ў “татальную абарону”, а “вывучэнне ролі НАТА” ва “ўхваленне НАТА”.
У навіне пра польскага святара Таццяна Сяргеева таксама скарысталася гэтым асаблівым “перакладчыцкім” прыёмам. Яна піша:
“Яго мэтай было сабраць сродкі для свайго хрысціянскага кафэ «Клуб бабочек» у цэнтры Варшавы”.
Каментар Hrodna.life: Назва “Клуб бабочек” пакінута на расійскай мове, бо беларускі “матылёк” не мае нічога агульнага з тым другасным значэннем, якое мае слова “бабочка”.
У польскім тэксце кафэ называецца “klubokawiarnia “Cyrk Motyli”. Па-беларуску — клубакавярня “Цырк матылькоў”. Але Таццяна Сяргеева ператварыла назву ў кафэ “Клуб бабочек”.
Каментар Hrodna.life: У расійскай мове “бабочки” — гэта не толькі крылатыя насякомыя. Яшчэ гэта жанчыны, якія “лётаюць”, але не сярод кветак.
У польскай мове слова “motyl” мае толькі адно значэнне — насякомае. Усё. Ніякіх асацыяцый з жанчынамі на шашы гэта слова ў палякаў не выклікае. Таму і назва кавярні ніяк не стварае падтэксту непрыстойнасці.
Але “Гродзенская праўда” піша не для палякаў. Яна перакручвае пераклад так, каб ён ствараў патрэбныя асацыяцыі ў людзей знаёмых з расійскай культурнай традыцыяй.
Пікантны нюанс узмацняе скандальны тон
Таццяна Сяргеева працягвае: “Адкрыў яго ў памяшканні, дзе было эскорт-агенцтва”.
Быццам бы факт, але нічога істотнага для разумення дзейнасці святара ён не дае. Эскорт-агенцтва сапраўды было ў гэтым памяшканні. Восем год таму. Якое дачыненне гэта мае да сучасных падзей?



Сувязь памяшкання з жанчынамі-эскортніцамі працуе як эмацыйная куля ў чарадзе разам з “клубничным” сайтам і “Клубом бабочек”. Праз асацыяцыі і намёкі “Гродзенская праўда” падсілкоўвае скандальны тон тэксту. Чым больш пікантных нюансаў, тым менш шанцаў, што ў чытачоў узнікне пытанне — што насамрэч робіць святар?
Паўтарэнне пікантных нюансаў змяшчае ўвагу на непрыстойнасць
Таццяна Сяргеева ў кожным абзацы настойліва нагадвае пра сувязь польскага святара і пікантага кантэнту. То Рафал Глоўчынскі “прасоўвае рэлігійныя ідэі на сайце з “клубничкой”, то “зарэгістраваўся ў інтэрнет-сэрвісе з кантэнтам для дарослых”, і нават ідзе да ліхвяроў і распутніц “праз платформу для дарослага кантэнту”. І нідзе не згадваецца назва платформы, каб чытачы самі зрабілі высновы пра яго “клубничность”.
Далей галоўная рэдактарка расказвае, што будзе ствараць святар на непрыстойным сайце:
“Падпісчыкі будуць атрымліваць пропаведзі, закулісныя рэпартажы з кафэ і дыскусіі пра веру”.
На фоне папярэдніх намёкаў, “закулісныя рэпартажы” гучаць як нешта таямнічае і патэнцыйна пікантнае.
Перыядычныя згадкі сайта патрэбны, каб трымаць у тонусе фантазію чытачоў. Так лягчэй змясціць увагу на нібыта непрыстойныя дзеянні польскага святара, якія існуюць толькі ў падтэксце прапагандысцкай навіны.
Стварэнне “аб’ектыўнага” погляду
У канцы тэксту Таццяна Сяргеева стварае нібыта рознабаковы погляд. Спачатку яна адзначае: “Ідэя сімвалічнага пераўтварэння прасторы ў цэлым пахвальная. Царкве не прызвычайвацца асвячаць апаганеныя месцы…”
Але гэта пазітыўная плюшка патрэбна, каб намазаць на яе жорсткае асуджэнне:
“…але метады Глоўчынскага больш падобныя на прафанацыю”.
“Прафанацыя” — гэта не факт. Гэта суб’ектыўная ацэнка Таццяны Сяргеевай.
Калі паводле меркавання аўтаркі польскі святар займаецца прафанацыяй, то галоўная рэдактарка займаецца святатацтвам. Абодва словы апісваюць апашленне нейкай з’явы. Але ёсць нюанс. Прафанацыяй чалавек займаецца па недасведчанасці. Святатацтвам па свядомай задуме, апаганьвае наўмысна.
Што “Гродзенская праўда” схавала за кулісамі
Святар Рафал Глоўчынскі стварыў акаўнт на сайце OnlyFans. Але не для таго, каб прадаваць цела. У інтэрнэце гэтага хапае і без святароў. Для падпісчыкаў ён збіраўся ствараць незвычайны для гэтай платформы кантэнт — публікаваць каментары да Евангелля. Сабраныя грошы ён хацеў накіраваць на аплату выдаткаў свайго сацыяльнага праекта — клубакавярні “Цырк матылькоў”.
Правіла клубакавярні — плаці колькі можаш. Сюды можа прыйсці кожны. Але асабліва святар запрашае ўразлівыя групы насельніцтва: людзей сталага веку, сем’і з дзяцьмі з інваліднасцю. У цэнтры Варшавы Рафал Глоўчынскі імкнецца стварыць тое, што ў Беларусі лічыцца экстрэмізмам. Супольнасць.

Калі кагосьці бянтэжаць напоі ў кубачках. Не пераймайцеся. Другое правіла клубакавярні — усё пітво безалкагольнае.



“Закулісныя рэпартажы” з клубакавярні можна паглядзець на старонках Рафала ў Instagram ці Facebook і зрабіць самастойныя высновы пра градус пікантнасць мясцовых імпрэз.
Аповед пра клубакавярню і яе дзейнасць — гэта кантэкст. Ён знішчае скандал. Таму яго замоўчваюць прапагандысты. Менавіта скандал рухае тэкст “Гродзенскай праўды”. Таму ўсё, што робіць гісторыю менш “клубничной”, Таццяна Сяргеева захінула кулісамі.
Стандарты журналістыкі па-гроднапраўдзенскі

За два дні да публікацыі артыкула ў “Гродзенскай праўдзе” Рафал Глоўчынскі паведаміў у Instagram, што адмовіўся ад ідэі збору сродкаў на OnlyFans.
Паводле стандартаў журналістыкі “Гродзенская праўда” павінна была абнавіць тэкст. Але навіна так і засталася без удакладнення, без кантэксту, прыпудраная пікантнымі намёкамі. Чаму так? Каб выклікаць абурэнне.
Жыццё эмоцый у нашай памяці нашмат даўжэйшае, чым жыццё факта. Такім чынам, чытачы “Гродзенскай праўды” засталіся не з матылькамі, а з “бабочками”, якіх так і не абнавілі.
Чытайце яшчэ:



