Не толькі аднаўляць строі і зброю, але і жыць у лесе як паўстанцы 1863−1864 гг. плануюць беларусы Беластока. Беларускі клуб гістарычнай рэканструкцыі стварае гродзенец пад псеўданімам В.Шэры. Чым яшчэ зоймуцца «паўстанцы», ён расказаў Hrodna.life.
Паўстанне — тэма малавядомая, нават для свядомых беларусаў, якія ведаюць гісторыю, сцвярджае Шэры. «Я не з’яўляюся гісторыкам, я, хутчэй, аматар гісторыі. І разумею, што тых павярхнёвых звестак, якія ёсць у інтэрнэце і кнігах, не дастаткова. Мы амаль нічога не ведаем пра побыт паўстанцаў. Мы нічога не ведаем дакладна пра тактыку, пра ўзбраенне, пра перамяшчэнне», — лічыць В.Шэры.
Гістарычнай рэканструкцыяй гродзенец цікавіўся заўсёды. Ідэя стварыць клуб у Беластоку з’явілася ў яго, як толькі восенню 2022 ён патрапіў у асяроддзе беларусаў у Польшчы.
Тэма паўстання — лакуна ў беларускай свядомасці, лічыць Шэры. «Яна заўсёды была, проста мы не звярталі на яе ўвагу ў Беларусі, тым больш, што яна была пад негалоснай забаронай».
У клубе гістарычнай рэканструкцыі ўдзельнікі будуць адпрацоўваць веды пра паўстанне на практыцы. У планах клуба: рэканструкцыя і пашыў паўстанцкіх строяў, стварэнне і наданне аўтэнтычнага выгляду зброі. Таксама плануюць вывучаць манэўры і рабіць рэканструкцыі баёў паўстанцаў.
«Будзем спрабаваць пажыць ва ўмовах, у якіх маглі жыць паўстанцы. Гэта кшталту лясных рэйдаў, нейкага паўстанцкага бушкрафту [веды і ўменні для жыцця ў дзікай мясцовасці - Hrodna.life]. Таму што паставіць той самы табар пасля пераходу — таксама мастацтва. А гэтыя ўсе моманты праходзяць міма тых, хто чуе пра паўстанне 1863 года».
У баях удзельнічалі мужчыны, але Шэры не плануе ствараць чыста мужчынскі клуб. «Ёсць яшчэ глыбейшая тэма — жанчыны ў паўстанні, — кажа ён. — Гэта не будзе толькі плутон касінераў, якія будуць маршараваць, махаць косамі і шаблямі, страляць з пістоляў ці з рушніцаў. Гэта больш шчыльнае і дасканалае паглыбленне ў гісторыю. Гэта і ўдзел жанчын. Тых, хто падтрымліваў, і тых, хто змагаўся на ідэалагічным фронце паўстання, праз свой знешні выгляд і праз распаўсюд нейкіх наратываў. Усё гэта было і гэта трэба паказваць беларусам».
«Польскі погляд на гісторыю паўстання ў асноўным абмяжоўваецца Польшчай. Але значная частка паўстання была на беларускіх землях з удзелам беларусаў», — кажа В.Шэры. Таму клуб можа стаць добрым чыннікам для камунікацыі з палякамі, лічыць ён.
Першы сход клуба адбудзецца 17 чэрвеня 2023 года ў беларускім хабе «Новая зямля» на вуліцы Wyszyńskiego, 6A ў Беластоку. Зацікаўленых клубам пакуль каля 30 чалавек.
«Але зацікаўленыя гэта не значыць, што абавязкова далучацца. Я спадзяюся, што калі далучыцца чалавек 10−15 — гэта будзе бомба на старце. Але рэчаіснасць можа быць розная, таму я не будую нейкіх там ружовых мараў. Колькі збярэцца, столькі збярэцца, а далей мы ўжо будзем папулярызвацаь гэты напрамак і спрабаваць неяк у гэтым развівацца».
Чытайце таксама:
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…