Арыгінальную калоду ў фірмовай каробцы перадаў творчай групе А4 гродзенец Аляксандр Мілінкевіч за некалькі дзён да прэзентацыі адроджаных карт Лапіных. Карты былі выдадзеныя ў міжваенны час на фабрыцы Лапіных. Калоду бацькам Мілінкевіча падарылі самі ўласнікі фабрыкі.
Жылі ў адным доме
Да 1941 года бацькі Аляксандра Мілінкевіча жылі ў Гродне ў адным доме з Лапінымі - на вуліцы Цаглянай, 10. Сем'і сябравалі і ў цяжкі час дапамагалі адна адной.
«Лапiны жылi на другiм паверсе, мы — на першым. Гэты дом на вуліцы Цаглянай i cёння стаiць на сваiм месцы, у iм пасля вайны нарадзiўся i я, — распавядае Аляксандр Мiлiнкевiч. — Бацька i матуля з суседзямi сябравалi. Хоць Лапiны былі фабрыкантамі, aле жылi aдносна cцiпла, былi прыязнымi, адкрытымi i вельмi дабразычлiвымi».
Дапамагалі Лапіным у час вайны
Карты, якiя Аляксандр перадаў для прэзентацыi — падарунак ад Аляксандра Лапiна яго бацьку-настаўнiку. Падчас вайны, калi cям’я Лапiных трапiла ў гета, маці Аляксандра — Марыя Баран з Мiлiнкевiчаў - некалькi разоў на тыдзень ноччу пераходзiла праз Гараднiчанку i прызначыны час праз плот перадавала ежу Лапiным. Рызыка была смяротнае: за парушэнне камендацкага часу і пранос харчавання маглі расстраляць.
«Адзiн раз у момант перадачы мацi адчула, што штосьцi яе ткнула ў спiну. Гэта быу aўтамат жаўнера. Яна была гатовая да найгоршага, але ахоўнiк мoўчкi некалькi iмгненняў глядзеу на матулю, потым апусцiў вочы i штосьцi cказаў, але не па-нямецку, магчыма, ён быу iтальянец, i паказаў ей, каб яна зышла. Пасля мама жартавала: „Я прыгожая, можа спадабалася, таму i пашкадаваў“. Але пасля таго выпадку пасма валасоў на яе галаве стала зусiм сiвым. Ёй было тады 33 гады».
Памяць пра сяброўства
Жахі вайны Лапіны не перажылі. Браты Аляксандр і Абраам, а таксама сястра Кейла, загінулі. Сёння ў сям'і Аляксандра Мілінкевіча старая калода карт, падораная адным з уладальнікаў фабрыкі, з’яўляецца напамінам пра сяброўства дзвюх гродзенскіх сем’яў.
У Францыі жыве праўнук сястры братоў Лапіных Андрэй Гурэвіч. Плануецца, што яму аднаму з першых перададуць калоду новых карт.
Каробку раней не маглі знайсці
«Калода, якую нам перадаў Аляксандр Мілінкевіч, сапраўды ўнікальная. Яе трымаў у руках адзін з уладальнікаў фабрыкі. Для нас, хто адраджае іх прадукцыю, вельмі важна адчуць тую энергетку, а таксама ўбачыць арыгінал з каробкай, — распавядае Антон Янкоўскі, які разам з сябрамі аднавіў адну з калод Лапіных. — Карты, якія нам перадалі, трохі іншыя і адрозніваюцца ад нашых. На фабрыцы Лапіных выпускалася некалькі відаў ігральных карт. Таксама нас цікавіла каробка, бо раней мы не маглі яе знайсці. Сваю каробку мы стваралі самі, пры гэтым мы глядзелі на іншыя прадукцыі выпушчаныя ў Еўропе ў тыя гады. Як аказалася, мы не моцна пралiчылiся. Па колеры і кампазіцыі каробкі вельмі падобныя».
Плануецца, што прэзентацыя адноўленых карт Лапіных пройдзе ў Гродне 7 або 8 ліпеня. Месца прэзентацыі стваральнікі паведамяць пазней.