Дом на вуліцы Вялікая Траецкая, 23. Фота: Яндэкс Карты
У Гродне ёсць дом, у якім правальваюцца падлогі, сцены абсыпаюцца з-за транспарту, які праязджае міма, а замест газаправода жыхары карыстаюцца балонамі са звадкаваным газам. І ўсё гэта — у гістарычным цэнтры горада на вуліцы Вялікай Траецкай, зусім побач з турыстычнымі маршрутамі. Hrodna.life даведаўся, у якіх умовах жывуць гараджане і чаму мясцовыя ўлады да гэтага часу не вырашылі праблему.
На Вялікай Траецкай, 25 у канцы 2024 года адкрылі новы гандлёва-офісны цэнтр. Яшчэ на этапе рэалізацыі праекта пабудова атрымала некалькі ўзнагарод на міжнародных архітэктурных конкурсах. Архітэктар Віктар Варабей змог упісаць пабудову ў гістарычны цэнтр горада, не парушыўшы архітэктурны ансамбль.
Побач ёсць іншая пабудова. Цагляны дом 1890 года знаходзіцца на Вялікай Траецкай, 23. Унутры яго размяшчаецца кавярня Brewteaful і турагенцтва «Пуцёўка Люкс». А яшчэ ў гэтым доме жывуць людзі.
У TikTok гродзенец пад нікам Resident_TikTok89 падзяліўся ўражаннямі аб жыцці ў гэтым доме. Рэдакцыя Hrodna.life звярнула ўвагу на каментары гараджаніна. Па словах гродзенца, умовы жыцця там дрэнныя, а мясцовыя ўлады праблему да гэтага часу не вырашылі.
«Жыхары ўжо колькі гадоў чакаюць, калі ўлады ім прапануюць замену, але ні ў якую. На першым паверсе дазволілі ставіць туалет з ваннай, на другім фізічна немагчыма, бо падлогі, як батуты — можа ўсё праваліцца. Сцены абсыпаюцца ад праезду транспарту. Рамонт зрабіць немагчыма. Газ у балонах», — напісаў гродзенец.
Па словах гараджаніна, да мясцовых уладаў звярталіся не аднойчы, але выніку гэта не прынесла.
«Адказы былі наступнымі: „няма інвестараў“, альбо „нічога не ведаем“. Спадзяюся, што сёлета возьмуцца. Гэтаму дому капрамонт не дапаможа. Унутры ў кватэрах усё трухлявае. Хутчэй складзецца, чым яго паспрабуюць адрамантаваць», — рэзюмуе гродзенец.
У Беларусі капрамонты фінансуюцца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту, жыхароў і наймальнікаў, а таксама іншых не забароненых законам крыніц. Штогод фарміруюцца спісы аб’ектаў, якім патрэбны капрамонт. Іх зацвярджаюць адміністрацыі раёнаў на падставе перспектыўных планаў капрамонту жыллёвага фонду.
Дом на Вялікай Траецкай, 23 уключалі ў перспектыўную праграму капітальнага рамонту жылфондаў 2021 — 2025 гадоў. Згодна з ёй, рамонт у доме павінны былі правесці яшчэ ў 2023 годзе. Тады планавалі адрамантаваць дах і фасад будынка. Пры гэтым папярэдні капрамонт рабілі 35 гадоў таму — у 1990 годзе.
За правядзенне рамонтаў адказваюць мясцовыя жыллёва-эксплуатацыйныя службы (ЖЭС). Напрыклад, дом на Вялікай Траецкай павінна было рамантаваць гродзенскае аддзяленне ЖЭС № 5.
Юрыстка платформы e-petitions.by Вольга Працкевіч у размове з Hrodna.life патлумачыла, ці могуць жыхары паскорыць працэс і паўплываць на мясцовыя ЖЭСы.
Калі дом пакуль не ўнесены ў спісы на капрамонт, то гараджане могуць:
— Памятайце, што «на вока» немагчыма вызначыць характар і цяжар пашкоджанняў. Задача звароту ў тым, каб прызначылі камісію, якая абследуе будынак, — распавядае юрыстка.
Пасля камісія складае акт абследавання, на падставе якога можна рухацца далей.
— Калі ў акце пазначаны аварыйны стан дома, то можна патрабаваць тэрміновага капрамонту. У астатніх выпадках усё залежыць ад цяжкасці пашкоджанняў. Пры адсутнасці пашкоджанняў і наяўнасці толькі працяглага тэрміну эксплуатацыі будынка давядзецца здавольвацца агульнай чарговасцю, — адзначае Вольга Працкевіч.
Чытайце таксама: Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не падыходзіць
Паскорыць працэс правядзення рамонту, калі дом ўжо ўнеслі ў перспектыўную праграму, будзе складаней. Толькі пагаршэнне стану пабудовы можа паўплываць на тэрміны.
— Трэба памятаць, што капрамонт патрабуе сур’ёзных разлікаў і падрыхтоўкі, а хутчэй — не значыць лепш. Кожны год выдзяляецца пэўны аб’ём сродкаў, і для ўнясення дома ў спіс без чаргі патрэбны важкія прычыны.
Пры гэтым ці іншы дом адсунуць, ці вы атрымаеце расцягнуты па тэрмінах рамонт з «зэканомленых» сродкаў. Таму я б рэкамендавала ставіцца да «пераскоквання» чаргі асцярожна, — тлумачыць юрыстка.
Медыі ў выгнанні маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.
Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!
Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…
Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…
«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…
У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…
Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…
Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…