У Гродне ёсць дом, у якім правальваюцца падлогі, сцены абсыпаюцца з-за транспарту, які праязджае міма, а замест газаправода жыхары карыстаюцца балонамі са звадкаваным газам. І ўсё гэта — у гістарычным цэнтры горада на вуліцы Вялікай Траецкай, зусім побач з турыстычнымі маршрутамі. Hrodna.life даведаўся, у якіх умовах жывуць гараджане і чаму мясцовыя ўлады да гэтага часу не вырашылі праблему.

У Гродне сучасныя пабудовы суседнічаюць з аварыйнымі будынкамі

На Вялікай Траецкай, 25 у канцы 2024 года адкрылі новы гандлёва-офісны цэнтр. Яшчэ на этапе рэалізацыі праекта пабудова атрымала некалькі ўзнагарод на міжнародных архітэктурных конкурсах. Архітэктар Віктар Варабей змог упісаць пабудову ў гістарычны цэнтр горада, не парушыўшы архітэктурны ансамбль.

Побач ёсць іншая пабудова. Цагляны дом 1890 года знаходзіцца на Вялікай Траецкай, 23. Унутры яго размяшчаецца кавярня Brewteaful і турагенцтва «Пуцёўка Люкс». А яшчэ ў гэтым доме жывуць людзі.

Дом на вуліцы Вялікая Траецкая, 23. Гэтаму дому патрэбны капрамонт
Дом на вуліцы Вялікая Траецкая, 23. Фота: Яндэкс Карты

«Унутры ўсё трухлявае, падлогі як батуты — можа праваліцца»

У TikTok гродзенец пад нікам Resident_TikTok89 падзяліўся ўражаннямі аб жыцці ў гэтым доме. Рэдакцыя Hrodna.life звярнула ўвагу на каментары гараджаніна. Па словах гродзенца, умовы жыцця там дрэнныя, а мясцовыя ўлады праблему да гэтага часу не вырашылі.

«Жыхары ўжо колькі гадоў чакаюць, калі ўлады ім прапануюць замену, але ні ў якую. На першым паверсе дазволілі ставіць туалет з ваннай, на другім фізічна немагчыма, бо падлогі, як батуты — можа ўсё праваліцца. Сцены абсыпаюцца ад праезду транспарту. Рамонт зрабіць немагчыма. Газ у балонах», — напісаў гродзенец.

Па словах гараджаніна, да мясцовых уладаў звярталіся не аднойчы, але выніку гэта не прынесла.

«Адказы былі наступнымі: „няма інвестараў“, альбо „нічога не ведаем“. Спадзяюся, што сёлета возьмуцца. Гэтаму дому капрамонт не дапаможа. Унутры ў кватэрах усё трухлявае. Хутчэй складзецца, чым яго паспрабуюць адрамантаваць», — рэзюмуе гродзенец.

Хто фінансуе капрамонты і адказвае за іх правядзенне

У Беларусі капрамонты фінансуюцца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту, жыхароў і наймальнікаў, а таксама іншых не забароненых законам крыніц. Штогод фарміруюцца спісы аб’ектаў, якім патрэбны капрамонт. Іх зацвярджаюць адміністрацыі раёнаў на падставе перспектыўных планаў капрамонту жыллёвага фонду.

Дом на Вялікай Траецкай, 23 уключалі ў перспектыўную праграму капітальнага рамонту жылфондаў 2021 — 2025 гадоў. Згодна з ёй, рамонт у доме павінны былі правесці яшчэ ў 2023 годзе. Тады планавалі адрамантаваць дах і фасад будынка. Пры гэтым папярэдні капрамонт рабілі 35 гадоў таму — у 1990 годзе.

За правядзенне рамонтаў адказваюць мясцовыя жыллёва-эксплуатацыйныя службы (ЖЭС). Напрыклад, дом на Вялікай Траецкай павінна было рамантаваць гродзенскае аддзяленне ЖЭС № 5.

капрамонт капитальный ремонт гродно капітальны рамонт у Гродне
Капітальны рамонт дома на Замкавай. Фота ілюстрацыйнае, Hrodna.life

Як зрабіць так, каб дом унеслі ў спіс на капрамонт

Юрыстка платформы e-petitions.by Вольга Працкевіч у размове з Hrodna.life патлумачыла, ці могуць жыхары паскорыць працэс і паўплываць на мясцовыя ЖЭСы.

Калі дом пакуль не ўнесены ў спісы на капрамонт, то гараджане могуць:

  • зафіксаваць усе пашкоджанні дома;
  • скласці скаргу;
  • сабраць подпісы жыхароў пад зваротам (скаргай);
  • накіраваць зварот (скаргу) з прыкладзенымі пацвярджэннямі (фота пашкоджанняў) у мясцовы выканаўчы орган.

— Памятайце, што «на вока» немагчыма вызначыць характар ​​і цяжар пашкоджанняў. Задача звароту ў тым, каб прызначылі камісію, якая абследуе будынак, — распавядае юрыстка.

Пасля камісія складае акт абследавання, на падставе якога можна рухацца далей.

— Калі ў акце пазначаны аварыйны стан дома, то можна патрабаваць тэрміновага капрамонту. У астатніх выпадках усё залежыць ад цяжкасці пашкоджанняў. Пры адсутнасці пашкоджанняў і наяўнасці толькі працяглага тэрміну эксплуатацыі будынка давядзецца здавольвацца агульнай чарговасцю, — адзначае Вольга Працкевіч.

Чытайце таксама: Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не падыходзіць

Што рабіць, калі дом ўжо ўнеслі ў спісы, а рамонт так і не зрабілі

Паскорыць працэс правядзення рамонту, калі дом ўжо ўнеслі ў перспектыўную праграму, будзе складаней. Толькі пагаршэнне стану пабудовы можа паўплываць на тэрміны.

— Трэба памятаць, што капрамонт патрабуе сур’ёзных разлікаў і падрыхтоўкі, а хутчэй — не значыць лепш. Кожны год выдзяляецца пэўны аб’ём сродкаў, і для ўнясення дома ў спіс без чаргі патрэбны важкія прычыны.

Пры гэтым ці іншы дом адсунуць, ці вы атрымаеце расцягнуты па тэрмінах рамонт з «зэканомленых» сродкаў. Таму я б рэкамендавала ставіцца да «пераскоквання» чаргі асцярожна, — тлумачыць юрыстка.


Медыі ў выгнанні маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.

Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!