Сям’я гарадзенцаў Герасюкоў пячэ на Раство традыцыйныя горадзенскія пернікі ўжо тры гады. Мёд і спэцыі — бязь іх пернік ня пернік. Іншыя сакрэты каляднай стравы ад Тацяны Касатай-Герасюк — у гэтай публікацыі С**боды.
На гадзіньніку 10.57, ранак аднаго зь першых дзён новага году. Некалькі хвілін таму мы пачалі гатаваць духмяныя пернікі, а дакладней, назіраць, як гэта робіць Тацяна.
Маладая жанчына пячэ іх другі раз за калядны сэзон. Гэта добрыя падарункі, дый дзеці любяць ласункі «бяз хіміі». Герасюкі маюць двух сыноў: Сымону 2 гады і 4 месяцы, Ігнату паўгода.
Выпяканьне пернікаў — адзін з этапаў падрыхтоўкі да сьвятаў. Яно гуртуе сям’ю, стварае атмасфэру, вучыць малых практычна рыхтавацца да сьвята.
Вось і пернікі ня толькі для яды. Бацькі спадзяюцца, што іхныя хлопцы з маленства ўбяруць у сябе сямейныя традыцыі.
Пераходзім да практыкі. Пакуль мама завіхаецца ля пліты зь мёдам, Сымонка арудуе ў дзіцячым крэсьле. У ягоных руках лёс яек з цукрам і маслам. Хлопец спраўна мяшае сумесь і зь цікаўнасьцю разглядае, як бялок сьцякае з лыжкі і затрымліваецца на ёй. Убачыўшы знаёмы слоік, ён просіць пакаштаваць лыжачку мёду.
Парады. Тацяна дадае разрыхляльнік замест соды, каб пазьбегнуць характэрнага горкага смаку. Цукру яна сыпле меней, чым напісана, — 150 грамаў. Кажа, на слодычы гэта не адбіваецца, а для дзяцей больш карысна. Са спэцый бярэ толькі тыя, якія любяць у сям'і: гвазьдзіку, цынамон, аніс, імбір, кардамон. Імбір для лепшага смаку і водару бярэ ня сушаны, а са сьвежага кораня. Чысьціць яго і дзярэ на дробную тарку. Калі раскочвае цеста, дбае, каб пласт ня быў занадта тонкім, бо пернік перасушыцца.
Першы водар чуваць, калі распускаецца мёд. За ім па кватэры разьліваецца дух спэцый, якія далучылі да мёду. Пахі дасягаюць піку, калі пернікі ў духоўцы.
Глядзім на гадзіньнік каля 12.40. Некалькі хвілін таму сьвежыя гарачыя пернікі ляглі на дошку адпачываць. Гатаваньне заняло 1 гадзіну 40 хвілін. За гэты час Ігнат пасьпеў заснуць, прачнуцца, пазабаўляцца, паесьці і надыхацца духмяным паветрам. У сьпісе Сымона амаль тое самае, але замест сну ён папрацаваў кухарам.
За размовамі пра традыцыі пернікі крыху ператрымалі ў духоўцы. Яны ўсё ж выйшлі сушэйшымі, чым плянаваліся.
Сям’я Герасюкоў карыстаецца рэцэптам, які 6 гадоў таму вынайшлі гарадзенцы Яўгенія Станіна і Вадзім Лагун, гаспадары горадзенскай этнакрамы «Ткальля». У канцы 2014 году Тацяна Касатая разам з паплечнікамі зрабілі праект паводле знаходак Яўгеніі Станінай. Яны выпусьцілі паштоўкі з традыцыйнымі горадзенскімі рэцэптамі «Смакі старой Горадні». Сярод іх быў пернік, сэрнік (тварожнік), селядзец у вінным соўсе і македонская буза.
«Згадкі [пра горадзенскі пернік] ёсьць у крыніцах, мы спасылаліся на іх. У [гісторыка беларускай кухні] Алеся Белага ёсьць згадка ў ягонай кнізе», — расказала Яўгенія Станіна С**бодзе.
Дакладнага рэцэпту пернікаў не было. Былі вядомыя базавыя складнікі: мёд, мука, масла, вада, цукар, яйкі, спэцыі. Канчатковы рэцэпт Яўгенія і Вадзім прапісалі пасьля абмеркаваньня зь іншымі гарадзенцамі таго, як традыцыйны пернік мог бы выглядаць.
Пернікавыя разныя дошкі вырабіў Вадзім Лагун. Такія цяпер можна знайсьці ў крамах з этнатаварамі. На іх выявы казы і пеўня як сымбаляў урадлівасьці, дабрабыту, багацьця, характэрныя для Калядаў. Аўтэнтычную дошку з казой яны знайшлі ў музэі старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі навук.
«Выпякаць пернікі — агульнаэўрапейская традыцыя. Па сёньняшні час пернікавы чалавечак зьяўляецца сымбалем Калядаў», — расказвае Тацяна.
На ейны погляд, у горадзенскага перніка ёсьць некалькі асаблівасьцяў. Па-першае, яго вынайшлі самі гарадзенцы.
«Яны захацелі гэта зрабіць, вывучалі гэтае пытаньне, літаратуру, экспэрымэнтавалі з рэцэптамі. Ініцыятыва, якая паўстала зьнізу, для мяне вельмі важная», — кажа гарадзенка.
Па-другое, рэцэпт вельмі просты, даступны.
«Ёсьць інгрэдыенты, безь якіх пернік немагчыма зрабіць. Гэта мёд і спэцыі: цынамон, імбір, гвазьдзіка. Гэты смак, мне здаецца, павінен асацыявацца ня толькі са сьвятам, але і зь зімовай горадзенскай традыцыяй», — лічыць Тацяна.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…