Людзі і справы

«Гэтая несправядлівая сітуацыя прымусіла мяне маляваць». Мастак з Гродна, — аб пратэстных паштоўках і партрэце Ціханоўскай

17-гадовы мастак з Гродна Яраслаў Кірвель праславіўся дзякуючы пратэстным падзеям у Беларусі падчас прэзідэнцкай кампаніі. Да гэтага хлопец маляваў славутасці горада і планаваў сваю першую выставу. Усё змянілася 29 траўня 2020 года, калі Яраслава затрымалі на Савецкай плошчы разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Пасля гэтага галоўнай тэмай для мастака сталі пратэсты, мітынгі і палітвязні. Карэспандэнт Hrodna.Life запісаў гісторыю маладога чалавека.

Яраслаў перайшоў на трэці курс Гродзенскага каледжа мастацтваў. Праз два гады ён стане дыпламаваным дызайнерам. Першы малюнак на палітычную тэму Яраслаў намаляваў 31 траўня, калі ў Гродне на Савецкую плошчу выйшлі сотні гараджан, каб паставіць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў.

Мастак Яраслаў Кірвель. Фота: Руслан Кулевіч

Чытайце таксама: На донышке: гродненец рисует достопримечательности города на стаканчиках из-под кофе

«Рабіць тое, што ўмею лепш за ўсё»

«Я б можа і не маляваў гэты пікет, калі б мяне не затрымалі два дні раней у гэтым месцы, — распавядае Яраслаў. — Я прыйшоў на плошчу паглядзець на блогера Сяргея Ціханоўскага. Я бачыў яго на YouTube, калі ён яшчэ пра бізнес пачынаў расказваць. І вось калі ён прыехаў у Гродна, я зрабіў з ім фатаграфію на плошчы і паслухаў яго гісторыю.
Мне было вельмі цікава. А пасля пачаліся затрыманні».

Міліцыя ў той вечар затрымала на Савецкай плошчы і Яраслава. Ён назіраў за тым, што адбываецца, і супрацоўнікі АМАПу павялі яго ў службовы аўтобус. Хлопца адпусцілі ноччу, у міліцыю па яго прыехаў бацька. Яраслаў быў першым, каго адпусцілі пасля затрыманняў у Гродна. Астатніх — каля 10 чалавек — перавезлі ў Мінск. Кагосьці пазней адпусцілі, а хтосьці да гэтага часу ў зняволенні. Усе яны яны праходзяць па справе Ціханоўскага. Усіх затрыманых у Гродне праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

Яраслаў Кірвель на Савецкай плошчы падчас прыезду Сяргея Ціханоўскага ў Гродна. Фота: Руслан Кулевіч

Чытайце таксама: «За вырученные средства оплатим штрафы». Художник нарисовал пикет в Гродно и готов продать рисунок

«Гэтая несправядлівая сітуацыя і прымусіла мяне маляваць. На той момант я быў адзіным, каго адпусцілі, і каб неяк дапамагчы затрыманым, стаў маляваць: рабіць тое, што ўмею лепш за ўсё. Пасля пікету ў канцы траўня я намаляваў партрэты Паўла Севярынца і Сяргея Ціханоўскага, а таксама стаў ствараць паштоўкі з выявамі іншых палітвязняў».

Паштоўкі Яраслава ў краме «Адметнасць» (вул. Кірава, 3) запусцілі ў друк. Зараз іх можна купіць у крамах Гродна і Мінска, там жа і адправіць палітвязням, якія да гэтага часу знаходзяцца ў сталічным СІЗА № 1.

Пасля паштовак Яраслаў стаў маляваць мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай у Гродне, які праходзіў 23 ліпеня ў Каложскім парку.

«Некалькі сотняў чалавек прыйшлі ў той дзень на мітынг і я яго стараўся намаляваць. Праца яшчэ не скончана, зраблю гэта ў бліжэйшы час. Але ў той дзень для мяне адбыўся больш важны момант — я падарыў паштоўку 81-гадовай Галіне Філіпаўне, якая была з намі на плошчы, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Яна, як і я, стала вядомая ў Гродне дзякуючы пратэстным рухам».

Яраслаў Кірвель на мітынгу з даверанымі асобамі Святланы Ціханоўскай уручае ўласную паштоўку Галіне Філіпаўне. Фота: Руслан Кулевіч

Чытайце таксама: В Гродно появились открытки солидарности. На них нарисованы политзаключенные

1 жніўня на мітынг у Каложскі парк Яраслаў прыйшоў з трыма плакатамі, на якіх намаляваў Святлану Ціханоўскую, Марыю Калеснікаву і Вераніку Цапкала і словы «Верым! Можам! Пераможам!». Гэтую працу ён рыхтаваў усю ноч. Святлана Ціханоўская заўважыла Яраслава на мітынгу і запрасіла яго на сцэну.

«Тады на сцэне перад шматтысячнай аўдыторыяй яна спытала ў мяне: можа, я хачу сфатаграфавацца з імі, я з задавальненнем гэта зрабіў. Цяпер у мяне ёсць фатаграфія і з Сяргеем, і са Святланай. Пасля трох гэтых плакатаў людзі сталі пазнаваць мяне ў горадзе, падыходзяць і дзякуюць. Гэта, вядома, прыемна, але я не хачу быць нейкім гером. Я — мастак. Вядомасць гэта добра, але я павінен ісці і развівацца далей».

«Галоўнае, нікога не абражае»

Зараз Яраслаў рыхтуе выставу пра перадвыбарчыя падзеі ў Беларусі. Яна адкрыецца ў бліжэйшы час у адным з бараў горада.

Мама Яраслава Алена Кірвель першы час баялася за сына, цяпер яна адчувае гонар за яго пазіцыю і малюнкі. Яна сама салідарная з палітвязнямі і альтэрнатыўнымі кандыдатамі ў прэзідэнты.

«Яраслаў мог проста маляваць архітэктуру горада, як гэта рабіў раней, але так склалася сітуацыя, што ён пачаў маляваць важныя палітычныя моманты ў гісторыі горада і краіны. Калі прыехаў Ціханоўскі, Яраслава затрымалі, але праз некалькі гадзін адпусцілі. Але за што зараз іншых трымаюць? Яраслаў стаў сведкам усіх гэтых падзей і разумее, што людзей затрымалі проста так».

Яраслаў Кірвель малюе пікет на Савецкай плошчы ў Гродне. Фота: Руслан Кулевіч

Першы час Алена баялася адпускаць сына аднаго ў горад. Цяпер яна заўсёды сочыць за ім і пытаецца, што ён будзе маляваць.

«Для мяне галоўнае, што ён у сваіх малюнках нікога не абражае. Ён малюе палітвязняў, мітынгі, Святлану Ціханоўскую і яе каманду. Не бачу тут нічога дрэннага. Ведаеце, мой муж працуе ў Польшчы, а мы тут з дзецьмі. Ён вымушаны быў з’ехаць, каб зарабляць грошы і карміць сям’ю. І Яраслаў, як самы старэйшы, не жадае некуды
з’язджаць на заробкі. Ён марыць жыць у Беларусі, ён сапраўдны патрыёт».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024