«Я ведаю, як гэта — жыць у страху, хаваць сваю ідэнтычнасць, адчуваць, што няма бяспечнага месца. Мы, хто быў вымушаны з’ехаць, памятаем пра тых, хто застаўся кожны дзень. Мы працуем, каб падтрымка квір-асобам была дасяжнай і ў Беларусі, каб веды, салідарнасць і надзея не згасалі. Мы шчыра верым, што без павагі да правоў ЛГБТК+ людзей немагчыма гаварыць пра сапраўдную дэмакратыю ў краіне. Калі дзяржава лічыць нармальным прыгнятаць адну групу, яна будзе прыгнятаць і ўсіх астатніх».
Hrodna.life паразмаўляў з Алінай (імя зменена) — беларускай, якая прайшла шлях ад ізаляцыі да квір-актывізму і ў эміграцыі працягвае падтрымліваць супольнасць, што засталася на радзіме, зараз з ініцыятывай «Прызматыка».
У Еўропе не ўсё ідэальна, але страху менш
Аліна ўжо тры гады жыве ў Літве. Перад пераездам яна спадзявалася, што ў Еўропа існуе інклюзія і бяспека для ЛГБТК+ людзей. Але, з’ехаўшы, сутыкнулася з іншай рэальнасцю.
«Інстытуцыі могуць быць фармальна інклюзіўнымі, але на практыцы ўсё яшчэ шмат бар’ераў: у доступе да медыцынскіх паслуг, псіхалагічнай падтрымкі, адукацыі, працы».

Чытайце таксама: ЛГБТ-асобы гуляюць свабоднa, міліцыі мала, але прыстойных кафэ няма. Мінчанін выказаўся пра Гродна — гродзенцы яму адказалі
І ўсё ж у параўнанні з Беларуссю тут менш страху. Толькі пасля пераезду яна зрабіла камінг-аўт як небінарны чалавек.
«У Беларусі гэта было амаль немагчыма — не толькі з-за рызыкі, але і з-за таго, што проста не было мовы, прасторы і падтрымкі», — дзеліцца Аліна.
Камінг-аўт (ад англ. coming out) — гэта працэс, калі чалавек адкрыта гаворыць пра сваю сэксуальную арыентацыю або гендарную ідэнтычнасць. Напрыклад, паведамляе, што ён гей, лесбіянка, бісэксуальны, трансгендарны або небінарны чалавек. Для многіх гэта важны крок да жыцця ў згодзе з сабой і пошуку падтрымкі, хоць у некаторых умовах (асабліва ў аўтарытарных краінах) камінг-аўт можа быць звязаны з рызыкай.
«Ты жывеш у пастцы, дзе не маеш ніякай апоры»
Аліна нарадзілася і вырасла ў маленькім беларускім горадзе. Яшчэ ў падлеткавым узросце яна пачала асэнсоўваць сваю квір-ідэнтычнасць і цікавіцца фемінізмам і правамі чалавека. Але, як яна адзначае, «не было прасторы, дзе можна было б абмяркоўваць такія тэмы — ні сярод аднагодкаў, ні ў сям'і, ні ў школе».
Па словах Аліны, жыццё квір-людзей у рэгіёнах — гэта найперш ізаляцыя:
«У малых гарадах і вёсках практычна няма адкрытых прастораў, дзе можна сустрэць іншых квір-людзей або бяспечна выказаць сваю ідэнтычнасць, а квір-падзеі амаль не праводзяцца».
Пабудаваць хоць нейкую супольнасць у такіх умовах вельмі складана.

«Усе адзін аднаго ведаюць. Інфармацыя распаўсюджваецца імгненна. І вельмі цяжка захаваць канфідэнцыйнасць», — адзначае Аліна. Раскрыццё ідэнтычнасці «можа азначаць не толькі сацыяльную ізаляцыю, але і рызыку гвалту, звальнення або ціску з боку працадаўцы», — кажа яна. Таму многія вымушаныя «жыць у шафе», хаваючы сваю ідэнтычнасць нават ад блізкіх.
Праблемы квір-людзей у рэгіёнах — гэта не толькі ізаляцыя, але і практычныя цяжкасці. «Псіхалагічная і медычная дапамога часта або недаступная, або адкрыта гамафобная ці трансфобная», — адзначае Аліна. Спецыялісты, якія разумеюць патрэбы ЛГБТК+ людзей, — вялікая рэдкасць па-за Мінскам.
Чытайце таксама: ЛГБТ-актывісты скардзяцца на экс-палітвязня Vadimati. Ён пагражае «набіць я##ла»
Як Аліна знайшла сваіх людзей
Доўгі час Аліна не мела суполкі людзей, з якімі магла падзяліцца хваляваннямі і сумневамі: «Я проста не ведала, што яны існуюць, дзе іх шукаць». Усё пачало з’мяняцца падчас навучання ў БДУ ў Мінску. Аліна пачала ўдзельнічаць ў студэнцкіх ініцыятывах, якія арганізоўвалі культурныя падзеі на тэмы сацыяльнай і гендарнай роўнасці. «Для мяне гэта быў вельмі важны этап — я ўпершыню адчула, што магу нешта змяняць і быць часткай супольнасці».

Фота ілюстратыўнае, створанае чатам GPT на падставе аповеда гераіні
Яшчэ адзін важны крок — удзел у адукацыйнай праграме па квір-лідарстве ад Makeout. Пасля яе Аліна стварыла першы ўласны квір-праект. «Гэта было вельмі моцным перажываннем — адчуць, што ты можаш нешта зрабіць самастойна, для сваёй супольнасці».
MAKEOUT — беларускі фемінісцкі антыдыскрымінацыйны праект пра гендар і сексуальнасць. Беларускія ўлады ліквідавалі праект у 2022 годзе.
Аліна зрабіла праект для той супольнасці, якую некалі не магла знайсці, а цяпер ужо была яе часткай. Яна ўпершыню сустрэла сваіх людзей на квір-фестывалі DOTYK у Мінску.
«Я памятаю гэтае адчуванне, калі я зайшла ў прастору і ўбачыла людзей, у якіх я пазнала сябе. Гэта было вельмі эмацыйна і вызваляльна. Я зразумела, што супольнасць існуе, што я яе частка, і што гэта не толькі пра індывідуальнасць, але і пра салідарнасць, клопат і калектыўнае змаганне».
DOTYK — гэта былы фестываль квір-культуры, які ўзнік у Мінску, але пашырыў свае лакацыі і ў 2015 годзе «Вандроўны DOTYK» прайшоў у Гродне. Фестываль меў мэту абмяркоўваць і ўздымаць тэмы ідэнтычнасці, самаўяўлення, дыскрымінацыі і ксенафобіі ў беларускім грамадстве.
«Табе лепш схавацца»
У 2019 годзе Аліна пачала адкрыта выказваць сваю квір-пазіцыю. Гэта выклікала непажаданую ўвагу з боку спецслужбаў.
«Мяне выклікалі на „размовы“, сачылі за маёй дзейнасцю ў сацсетках, цікавіліся маімі кантактамі і ўдзелам у праектах. Гэта быў выразны сігнал: цябе бачаць і табе лепш схавацца», — успамінае яна.

У апошні час дзяржава пачала адкрыта выкарыстоўваць гамафобную рыторыку. Сярод найбольш трывожных прыкладаў: пастанова пра «парнаграфію», якая выкарыстоўваецца супраць квір-кантэнту; змены ў закон «Аб правах дзіцяці», якія фактычна выключаюць выхавання дзяцей у квір-сем'ях; праект закона супраць так званай «ЛГБТК+ прапаганды», што стварае пагрозу для любога публічнага выказвання на гэту тэму.
Асабліва небяспечнымі становяцца вобшукі і затрыманні прадстаўнікоў ЛГБТК+ супольнасці.
«Людзей выклікаюць на „прафілактычныя“ гутаркі, пагражаюць раскрыццём асабістай інфармацыі родным або на працы. Бываюць сітуацыі, калі пры вобшуках або затрыманнях асоб прыніжаюць менавіта за гендарную або сексуальную ідэнтычнасць — прымушаюць распранацца, зневажаюць, ужываюць псіхалагічны і фізічны гвалт».
Аліна кажа, што сёння ЛГБТК+ супольнасць у Беларусі вымушана жыць паўпадпольна:
«Калі раней квір-людзі маглі разлічваць на нейкае развіццё, цяпер гаворка ідзе пра выжыванне».
Чытайце таксама: Абараняць, размаўляць, заняць бок дзіцяці. Парады бацькам квір-людзей
«Салідарнасць зараз — наша наймацнейшая зброя»
Паводле досведу квір-арганізацыі, у якой працуе Аліна, у 2025 годзе значна ўзрос попыт на псіхалагічную і юрыдычную дапамогу сярод беларусаў з ЛГБТК+ супольнасці. Людзі ў Беларусі сутыкаюцца з пераследам, дэпрэсіяй, адзінотай, адчуваннем пастаяннай небяспекі і немагчымасцю адкрыта жыць. Асабліва востра гэта адчуваецца ў рэгіёнах, дзе практычна няма падтрымкі.

Аліна раіць звярнуць увагу на арганізацыі, якія могуць стаць крыніцай падтрымкі і дапамогуць знайсці сваю супольнасць, нават ва ўмовах ізаляцыі. Адна з такіх арганізацый — «Прызматыка».
«Гэта інтэрсекцыянальная ЛГБТК+ арганізацыя, якая праводзіць анлайн-сустрэчы, адукацыйныя праграмы, стварае прастору для рэфлексіі і ўзаемнай падтрымкі. Таксама яны публікуюць карысную і актуальную інфармацыю, якая можа быць асабліва важнай для квір-людзей, што жывуць у Беларусі, — пра бяспеку, праўныя аспекты, псіхалагічную дапамогу».
Чытайце таксама: Беларускай квір-актывістцы ў Варшаве пагражаюць з-за выкарыстання бел-чырвона-белага сцяга на прайдзе