Ці можна рэгулярна харчавацца ежай з дастаўкі? Якую правільную ежу вам могуць прывезці ў Гродне? І наколькі экалагічнай можна лічыць такую звычку? Hrodna.life знайшоў сэрвісы, якая дазволяць гродзенцам больш не стаяць ля пліты. А таксама запытаў у фітнес-трэнера і эка-актывісткі пра падводныя камяні такіх сэрвісаў.
Якую дастаўку здаровага харчавання прапануюць у Гродне?
У Гродне ёсць два сэрвісы па дастаўцы здаровага харчавання: «Privet.obed» і «Fitness chef». Быў яшчэ трэці - «BF kitchen» — але ён закрыўся ў 2022 годзе.
Выбар калорый і эка-фрэндлі дастаўка
«Privet.obed» працуе з 2022 года. Ён не мае асобнага сайту: уся камунікацыя — выбар і замова меню — адбываецца праз Instagram.
Галоўная адметнасць «Privet.obed» — магчымасць замаўляць ежу ў шматразовых кантэйнерах. Сэрвіс пазіцыянуе сябе як эка-фрэндлі.
— Гэта выдатная магчымасць захаваць прыроду і не збіраць у сябе пластык, які шкодзіць прыродзе, — пішуць у акаўнце «Privet.obed».
Новае меню распрацоўваецца кожны тыдзень. А на дзень прапануюць чатыры пазіцыі. Напрыклад, сярод страў ёсць: амлет з тунцом і гароднінай, кальмары са смятанай і рысам, «ПП рафаэла» (скарот ад расійкага «правильное питание») і «НЕ цэзар».
Кліент можа замовіць толькі тыя стравы, якія ёсць у распрацаваным на тыдзень меню, але можна абіраць калараж. Менавіта ад узроўню каларыйнасці будзе залежыць кошт рацыёну (тут і далей па тэксце — цэны пададзеныя за адзін дзень).
Усяго ёсць пяць варыянтаў:
- 1200 ккал за 30 рублёў;
- 1400 ккал за 32,5 рубля;
- 1600 ккал за 37,5 рубля;
- 1800 ккал за 42 рублі;
- 2000 ккал за 45 рублёў.
У сэрвісе ёсць функцыя папярэдняй замовы — у панядзелак можна пакінуць заяўку на рацыён, які даставяць у чацвер.
Улічаць алергіі і іншыя асаблівасці
Другі сэрвіс дастаўкі здаровага харчавання з’явіўся ў Гродне тры месяцы таму. «Fitness chef» прапануе тры праграмы рацыёнаў для зніжэння, балансу або набору масы.
Сайт «Fitness chef» дазваляе пакінуць заяўку на рацыён, які будзе распрацаваны з улікам патрабаванняў кліента: неабходны калараж, асаблівасці харчавання — алергіі або непрыманне пэўных прадуктаў, а таксама колькасць дзён харчавання.
Чытайце таксама: На ваду, на спорт, на чырвонае. Якія нечаканыя алергіі існуюць
Меню можна камбінаваць. Сярод прапанаваных пазіцый на сняданак: кашы, гранола, блінчыкі. У асноўных стравах: курынае філе, ялавічына, грыбны і гарбузовы суп. Ёсць салаты і закускі: хумус, кесадылля, салат з курыным філе і салат з кансерваваным тунцом. Дэсертаў усяго тры: сырнікі, мярэнгавы рулет і маркоўны пірог.
Цана рацыёнаў залежыць ад абранай праграмы:
- Зніжэнне:
- 1000 ккал за 27 рублёў;
- 1500 ккал за 30 рублёў.
- Баланс:
- 2000 ккал за 35 рублёў;
- 2500 ккал за 37 рублёў.
- Набор:
- 3000 ккал за 40 рублёў;
- 3500 ккал за 45 рублёў.
Ці можна жыць толькі на дастаўках?
Трэндам на здаровы лад жыцця нярэдка карыстаюцца рэкламшчыкі, якія пад выглядам правільнага харчавання прапануюць тавары, без якіх, насамрэч, можна і абысціся. Дык ці сапраўды сэрвісы дастаўкі турбуюцца аб нашым здароўі?
— Маё меркаванне — гэта выдатная альтэрнатыва для людзей, якія хочуць сачыць за сваім харчаваннем, збалансаваць аб’ём бялкоў, тлушчаў і вугляводаў. Мерная порцыя дазваляе пазбавіцца ад пераядання і бескантрольнага спажывання непатрэбнай ежы, — кажа фітнес-трэнер Кірыл. Ён сам дапамагае людзям карэктаваць фігуру не толькі праз спорт, але і праз здаровае харчаванне.
Трэнер лічыць, што харчавацца такімі рацыёнамі можна цягам двух, трох і нават чатырох месяцаў — шкоды здароўю гэта не прынясе.
— Можна і ўсё жыццё, бо разнастайнае меню дазваляе атрымаць усе неабходныя нутрыенты, — адзначае Кірыл.
Больш за тое, замаўляць такія рацыёны можна без асаблівых рэкамендацый фітнэс-трэнераў або дыетолагаў.
— Адзіны фактар пры выбары каларыйнасці — не апускацца ніжэй «базальнага абмену рэчываў». Разлічыць яго для сябе можна без асаблівых намаганняў у інтэрнэце, — дадае спецыяліст.
Магчымыя праблемы: аднастайнасць і недахоп мінералаў
Адна з праблем, якую вылучае Кірыл, гэта аднастайнасць меню, якое з цягам часу можа надакучыць.
— Але гэта больш псіхалагічны момант. Калі вы доўгі час збалансавана харчуецеся і адзін раз у месяц наведваеце рэстаран — нічога страшнага не адбудзецца. Здыміце стрэс і далей жывіце паводле правілаў. Таксама можа быць праблема з-за недахопу мінералаў, але гэта вырашаецца дадаваннем вітамінна-мінеральных комплексаў у паўсядзённы рацыён — для кантролю гэтых паказчыкаў рэкамендаваў бы перыядычна здаваць аналізы, — рэзюмуе Кірыл.
А што ў суседзяў? Якія варыянты ёсць за мяжой?
У суседніх краінах сэрвісы па дастаўцы здаровага харчавання яшчэ больш папулярныя. У Беластоку, дзе жыве на 70 тысяч чалавек менш, чым у Гродне, мы знайшлі не менш за 15 фірм, якія дастаўляюць гатовыя пакеты харчавання на суткі пад дзверы. Часта гэта філіялы буйных агульнапольскіх фірм.
Шмат з іх маюць распрацаваныя сайты, на якіх кліенты могуць абраць меню, азнаёміцца са складам страў і замовіць рацыён з улікам вегетарыянскай, веганскай, бялковай або, напрыклад, рыбнай дыет. У польскай мове з’явіўся нават папулярны выраз «diety pudełkowe» — «дыеты ў каробках».
Польшча — цана ў 1,5 разы вышэй за гродзенскую
Адзін з найбуйнейшых сэрвісаў у Польшчы — «Pogotowie dietetyczne» — дастаўляе ежу ў больш чым тры тысячы мясцовасцяў па краіне.
На сайце даступна 16 дыет, пад кожную з іх распрацаваны асобны рацыён у дыяпазоне ад 1200 да 3000 ккал.
У час заказу можна пабачыць падрабязны склад харчовай каштоўнасці кожнай стравы: колькасць бялка, тлушчу, вугляводаў, цукру і солі.
Цэны на рацыёны залежаць ад абранага тыпу дыеты. За чатыры стравы з дыеты «Стандарт» прыйдзецца аддаць:
- 1200 ккал — 56,90 зл (45 рублёў);
- 1500 ккал — 61,90 зл (49 рублёў);
- 1800 ккал — 64,90 зл (51 рубель);
- 2000 ккал — 68,90 зл (54 рублі);
- 2200 ккал — 70,80 зл (55 рублёў);
- 2500 ккал — 74,90 зл (59 рублёў);
- 3000 ккал — 79,90 зл (63 рублі).
Агулам цэны атрымліваюцца прыкладна ў 1,5 разы вышэйшымі, чым у Гродне.
Дзе дастаўка здаровага харчавання больш даступная: у Беларусі ці ў Польшчы?
Плюс сэрвісаў па дастаўцы рацыёнаў — эканомія часу. Але пры гэтым сярэдні чэк за гатовы абед абыдзецца даражэй, чым паход у прадуктовую краму. Наколькі гэта паслуга даступная гродзенцу з сярэднім заробкам у параўнанні з палякам?
Згодна са статыстыкай Белстату, сярэдні заробак у красавіку 2024 года па краіне склаў 2128 рублёў. Па Гродзенскай вобласці за той жа перыяд — 1999 рублёў. На рукі сярэднестатыстычны жыхар Гродзеншчыны атрымаў 1719 рублёў.
У Польшчы паводле падлікаў Галоўнага статыстычнага ўпраўлення сярэдні заробак у сакавіку 2024 года склаў 8408 злотых (6808 рублёў) да выліку падаткаў. У суседнім з Гродзенскай вобласцю Падляскім ваяводстве ў красавіку 2024 сярэдняя зарплата да выліку падаткаў склала 6820 злотых (5667 рублёў). На рукі ж жыхар Беластока атрымаў прыкладна 4979 злотых — 4137 беларускіх рублёў.
За тыднёвае харчаванне рацыёнам на 2000 ккал беларус аддасць 315 рублёў. Гэта 18% ад сярэдняга заробку па Гродзенскай вобласці. А калі харчавацца так чатыры тыдні - то прыйдзецца аддаць 73% заробку!
Тым часам паляк пры такіх жа ўмовах харчавання аддасць 482 злотых — амаль 10% ад сярэдняга заробку па Падляшшы. За чатыры тыдні, адпаведна, атрымаецца амаль 39% месячнага заробку.
А што з экалогіяй?
Адзін з відавочных мінусаў штодзённай дастаўкі ежы — вялікая колькасць упаковак, якія застаюцца пасля спажывання. Некаторыя сэрвісы імкнуцца вырашыць праблему і прапануюць шматразовыя тары, але тэндэнцыя на прадукаванне смецця застаецца.
Эка-актывістка і веганка Марыя Дзербічава адзначае: праблема глабальнейшая, чым можа падацца на першы погляд.
— Ёсць міф, што папяровая тара экалагічнейшая, але гэта не так. Шмат дрэваў ідзе на гэтую паперу, а пасля спажывання мы адразу яе выкідваем. Сустракаецца і ўпакоўка, зробленая з міксаваных матэрыялаў — і з паперы, і з пластыку. Гэта вельмі дрэнная гісторыя, бо такія ўпакоўкі складана ўтылізаваць — бывае, што такія тары ўвогуле немагчыма перапрацаваць, — расказвае эка-актывістка.
Марыя звяртае ўвагу: на прыкладзе адной асобы падаецца, што адходаў не так шмат. Але калі паглядзець на сітуацыю ў маштабе сусвету — «робіцца жахліва».
— Я зараз працую на маленькай эка-арыентаванай кухні і нават тут бачна, як шмат адходаў застаецца. Канешне, самае экалагічнае — гатаваць для сябе дома. Але разумею, што гэта не для ўсіх: часам бывае цяжка, або немагчыма. Але часам людзі блытаюць камфортнае, аўтаматызаванае спажыванне з базавымі патрэбамі. Усё, што проста робіць вашае жыццё прасцей — гэта не пра базавыя рэчы, гэта выключна пра ваш камфорт, — лічыць Марыя.
Чытайце таксама: Дзе ў Гродне нальюць напой у свой кубак — і дадуць за гэта бонус (зніжкі і не толькі)
Для экалагічнага спажывання ежы Марыя раіць некалькі варыянтаў:
- Першы — намагацца гатаваць самастойна дома.
- Другі — карыстацца паслугамі кулінарый і браць гатовую ежу ва ўласныя кантэйнеры.
- Трэці — замаўляць ежу праз эка-арыентаваныя сэрвісы.
— Зараз такіх сэрвісаў няшмат. Але было б класна, каб такія альтэрнатывы паступова з’яўляліся. Таму, бізнесоўцы, рабіце — гэта дапаможа людзям, якія рэальна не маюць часу на гатаванне, і пры гэтым падтрымаеце экалогію, — рэзюмуе Марыя.