«Святы раней былі іншымі - не параўнаць з сённяшнімі», — кажа 91-гадовы Ежы Мар’ян. Гродзенскія старажылы ў размове з Hrodna.life успомнілі, як у дзяцінстве адзначалі калядныя і навагоднія святы. Нашыя суразмоўцы — героі кніг успамінаў, якія Hrodna.life выпускае ўжо два гады.
Ежы і Тамара Кежкоўскія — карэнныя гродзенцы. Ежы Мар’ян нарадзіўся ў 1928 годзе, а Тамара Васільеўна ў 1933 годзе. Разам яны жывуць з 1953 года. Па даўняй традыцыі яны адзначаюць Каляды, як каталіцкія, так і праваслаўныя.
«Я католік, а жонка мая праваслаўная, таму прыходзіцца адзначаць Каляды два разы за год. Раней такая сітуацыя была ў Гродне, а як цяпер, я ўжо і не ведаю, — распавядае Ежы Мар’ян. — Ды і святы раней былі іншымі, не параўнаць з сённяшнімі. У дзяцінстве для мяне і нашай сям'і самае свята было з 24 на 25 снежня. За дзень да гэтага мама купляла ялінку і ставіла дома. Яе вясковыя прывозілі з лесу. Тады кожны ў Гродне на свята меў елку, нават самы бедны. Разам з цацкамі на елку вешалі цукеркі, але іх нельга было зрываць, гэта было сорамна. І яшчэ шмат свечак ставілі на елку, тады ж не было ліхтарыкаў. Калі іх запальвалі было вельмі прыгожа. А калі сям’я веруючая, то наверх ялінкі абавязкова ставілі сіонскую зорку і потым анёла».
Да вайны на Каляды ў сям'і Ежы Мар’яна заўсёды спявалі песні і рыхтавалі смачны абед.
«Памятаю, абед быў з розных страў: клёцкі і пачастункі з макам. А зараз гэты мак забараняюць. Каб раней сказаў так прэзідэнт, з яго б смяяліся, сказалі - дурань нейкі. У нас у Станіславова два гектары маку саджалі і ніхто нічога не казаў.
Дома на Каляды пасля святочнага абеду заўсёды спявалі. У касцёлах праходзіла ўсю ноч імша, называлі яе «пастэрка» [ад слова пастыр, пастух]. Там маліліся і таксама спявалі песні. Мы раз праспявалі і клаліся спаць".
У Ежы Мар’яна маці была руская, а бацька паляк, таму Каляды з самага дзяцінства ён адзначаў і з католікамі, і з праваслаўнымі.
«Пасля начной імшы на тры гадзіны дня мы запрашалі гасцей дадому, дарослым ужо можна было выпіваць [вячэра 24 снежня постная і без алкаголю, мяса і алкаголь ставілі на стол 25 снежня — рэд.]. Дзеці сядзелі асобна, ім нельга было быць з дарослымі за аднім сталом. Для іх былі спецыяльныя пачастункі.
Неяк з мамай мы пайшлі на Каляды да адной багатай жанчыны на Пілсудскага [суч. Леніна]. Яна запрасіла знаёмых людзей да сябе на свята. А мая маці рабіла ёй манікюр, вось і яе запрасіла. Памятаю гэтую жанчыну, называлі яе пані баранэса Біспінгова. Яна была вельмі багатая, мела некалькі маёнткаў.
Маці сказала мне: калі ты там нешта дрэннае зробіш, я табе вушы паабрываю. Перад выхадам мяне памылі ў ваннай, надзелі касцюм і адэкалонам памазалі. Я быў незадаволены. Калі прыйшлі да пані, то трэба было верш ёй расказаць, пацалаваць ручку і садзіцца за стол. Садзіліся за стол усе па два, але я трапіў дзе было чацвёра. Я сядзеў за сталом з двума дзяўчынкамі і хлопчыкам. Яны з багатых, напэўна, былі. На наш стол паставілі вялікі торт, а я так любіў салодкае. Да тарта давалі прыборы: ножык і лапатачку, каб можна было ўзяць сабе ў талерку. Каву налівала абслуга. Калі мне налілі, я адразу сабе ў кубак тры костачкі цукру ўваліў і пачаў мяшаць, а ў багатых сем’ях так не прынята.
Прыйшла мая чарга рэзаць торт, я ўзяў лапатку і адваліў такі вялікі кавалак, што не мог падняць яго. Дзяўчынкі смяяліся. Падняў і паставіў, каб не рассыпаць і каб ніхто не падумаў, якая я свіння. Пасля мама сказала мне, што чырванела з-за мяне. Наступным разам як нас запрасіла пані Біспінг, я ўжо не хацеў ісці да яе. Казаў маме: я баюся, ну яго. І мама адна пайшла».
Каб агульную елку ў горадзе ставілі на плошчы ў 1930-я гады, Ежы Мар’ян, не памятае. Ён памятае толькі калядныя святы ў Новым замку.
«Вось там была спецыяльная елка для ўсіх дзяцей. Туды прыходзіў Святы Мікалай з падарункамі. Не той, якога называюць у нас Дзедам Марозам, а сапраўдны Святы Мікалай. Падарункі неслі анёлачкі. На святы дзеці спявалі песні і Святы Мікалай дарыў ім падарункі. А хто быў непаслухмяным, каля яго бегалі чэрці і пугу яму клалі. Быў сорам і страх».
Памятае гродзенец і калядоўшчыкаў і як у яго сям'і адзначаўся Новы год.
«Хто быў бяднейшы, той хадзіў па горадзе і калядаваў з зоркай у касцюмах, але гэта больш па вёсках было. Хадзілі яны і спявалі калядкі. Хтосьці выносіў ім каўбасу, можа і гарэлку якую-небудзь. А некаторыя нічога не выносілі. Проста зачынялі дзверы.Да вайны свята на Новы год мы называлі Дзень святога Сільвестра. На гэтае свята, як і на Каляды, заўсёды гатавалі пачастункі. У ноч з 31 снежня на 1 студзеня, калі гадзіннік біў, у доме выключалася святло і ўсе абдымаліся. Пасля дарослыя сядалі за стол, а дзяцей не пускалі, бо баяліся, каб ніхто выпадкова гарэлкі не выпіў".
Ежы Мар’ян распавядае, што ў перыяд нямецкай акупацыі Гродна калядныя святы працягвалі адзначаць у горадзе.
«Немцы вельмі добра адзначалі святы. У іх жа каталікі, лютэране і евангелікі. Пачынаючы з 23 снежня і да 1 студзеня немцы рабілі выхадныя, можна было святкаваць і адпачываць. І на рускае Раство рабілі выхадныя. А пры саветах каталіцкае Раство ў Гродне рабілі спецыяльна працоўным днём. Калі на працу не прыйшоў у гэты дзень, то адразу на дыван да начальніка вызывалі. Ніякіх святаў, Бога няма. Вось так было».
Жонка Ежы Мар’яна Тамара Васільеўна ўспомніць свае дзіцячыя моманты на Каляды ў 1930−40-я гады не можа. Палякаў яна не памятае, а падчас нямецкай акупацыі іх дом у цэнтры Гродна згарэў.
«Бомба туды ўпала і ўсё. У той час наша маёмасць прапала. Таму ўсю акупацыю нам даводзілася хадзіць па кватэрах, было не да святаў. Толькі ў савецкія гады мы пачалі адзначаць святы. Я праваслаўная, а Ежы каталік, таму мы адзначалі заўсёды Каляды два разы».
Караль Калвейт жыве ў польскім Слупску, але сваё дзяцінства і калядныя святы ў Гродне ў 1930−40-я гады ён памятае дагэтуль.
«Было заўсёды цікава на Каляды, асабліва знаходзіць падарункі пад елкай. Апоўдні дома мы ставілі елку, якую прывозілі з лесу. Упрыгожвалі яе ўсёй сям’ёй, вешалі туды абавязкова цукеркі. Потым усе сядалі за стол. На стале павінна было стаяць 12 розных страў. Такая традыцыя была. Маліліся, з’ядалі аплатак і только пасля елі стравы. Ноччу ішлі на «пастэрку», кожны ў свой касцёл. Мы ішлі ў Фарны. Там маліліся і спявалі календы.
У цэнтры Гродна, на плошчы Баторыя (суч. плошча Савецкая) паміж касцёламі падчас святаў ставілі вялікую елку. У Гродне заўсёды жылі каталікі і праваслаўныя, таму адзначалі абодва Раства. Спачатку адно, а праз два тыдні іншае. І каталікі запрашалі на свята да сябе праваслаўных, а потым наадварот. Гродзенскія яўрэі ж мелі свае святы, нас яны называлі гоямі і адзначалі асобна".
У Караля ў сямейным архіве захавалася ўнікальная фатаграфія, на якой бачна, як гродзенскія дзеці ў 1930-я гады адзначалі Каляды са Святым Мікалаем.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…