Напрыканцы выхадных беларусы адзначылі вялізную чаргу на мяжы з Польшчай у Брэсце. Толькі на праходжанне мяжы нават для рэйсавых аўтобусаў па асобнай чарзе зараз ідзе ад 24 гадзін да двух сутак. Пры гэтым прайсці мяжу ў Літву займае ўсяго дзве гадзіны – але патрапіць туды не так проста.

“На турыстычным [аўтобусе – Hrodna.life] сёння прарваліся ў Польшчу. На мяжы адстаялі няшмат, крыху менш за двое сутак))) Усім удачы”, – так бадзёра даў справаздачу ўдзельнік чата “ГраницаBY Беларусь-ЕС” у раздзеле, прысвечаным праходжанню мяжы ў Брэсце (“Цярэспаль” з польскага боку).

мяжа ў Брэсце
Скрыншот з чата пра мяжу – Hrodna.life

У аднаго з чытачоў Hrodna.life мяжа ў Брэсце ў бок Польшчы на ​​аўтобусе заняла 28 гадзін. Гэты пераход застаўся адзіным адкрытым для легкавога транспарту і рэйсавых пасажырскіх перавозак на польскай мяжы. Аб’езд праз “Прывалку” (“Райгардас”) і суседні пункт пропуску “Лаварышкес”, які стаў звыклым за апошнія гады, Літва закрыла з 1 сакавіка.

24 сакавіка ўезду ў Польшчу чакала каля 40 рэйсавых аўтобусаў, падзяліўся адзін з пасажыраў у чаце мяжы. 25 сакавіка бліжэй да поўдня чарга з аўтобусаў у бок Польшчы была ўжо большай за 50.

Каб прайсці мяжу хутчэй, пасажыр аўтобуса “Мінск-Варшава” змог перасесці ў іншы, які стаяў сёмым у адным з двух каналаў, адведзеных пад аўтобусы. У гэтага аўтобуса мяжа заняла 24 гадзіны і 40 хвілін. “Калі б не перайшлі наперад – дадаем 12-13 гадзін”, – распавёў пасажыр.

перасячэнне мяжы ў Польшчу аўтобусам
Чарга з аўтобусаў на мяжы з Польшчай у Брэсце. Крыніца: чат, прысвечаны мяжы

Лайфхакі і “левыя” квіткі

Пасажыр аўтобуса падзяліўся лайфхакам для мінчан – ехаць да Брэста цягніком, потым браць таксі да мяжы і хадзіць, шукаць вольныя месцы па аўтобусах, якія стаяць бліжэй да шлагбаума. Гэта дапаможа не плаціць за два аўтобусы (звычайны на ўсю дарогу і новы ад мяжы): у кіроўцы кошт квітка ад мяжы для “перасеўшага” – амаль як цэлы квіток, ад 100 рублёў. Праўда ў чаце ўдакладняюць, што да Цярэспаля могуць давезці і за 30 рублёў, – але ўсё індывідуальна, і трэба самому хадзіць і даведвацца ўмовы ў кіроўцаў. Рэйсавыя аўтобусы за падсадку на мяжы бяруць €30-50 (105-175 рублёў), турыстычны – 120 рублёў. Уначы цэны вышэйшыя.

пересечение границы в Бресте
Скрыншот з чата аб мяжы – Hrodna.life

У агрэгатары “Атлас” білеты з Гродна ў Варшаву каштуюць па 120-125 рублёў, маршруткі і аўтобусы едуць праз Брэст. Да блізкага яшчэ пару гадоў таму Беластока кошт такі ж самы – 120 рублёў, маршруты таксама ў асноўным праз Брэст. Кошт квітка ад Мінска да Варшавы – 130-140 рублёў (па суботах ёсць прапанова за 105 рублёў). У Беласток з Мінска цана такая ж, 130 рублёў, але застаўся ўсяго адзін штодзённы рэйс.

У бок Беларусі сітуацыя зараз зусім іншая: “Экалайнсу” з Варшавы ўдалося прайсці абедзве межы за дзве гадзіны. Праўда, пры праездзе ў Беларусь аўтобусам даводзіцца чакаць тых, каго забіраюць “на допыты” супрацоўнікі спецслужбаў – грамадзян Украіны, людзей, якія знаходзяцца ў спісах за “палітычныя” адміністрацыйныя правапарушэнні яшчэ з 2020 года. Асобная размова і праверка змесціва тэлефонаў часта чакаюць і людзей, якія рэдка прыязджаюць у Беларусь, маюць від на жыхарства іншай краіны.

Легкавыя машыны з боку Польшчы праходзяць мяжу за 1,5-2,5 гадзіны, з боку Беларусі – каля 16 гадзін.

У Літву – за дзве гадзіны, але квіткоў няма

Чарга на мяжы з Літвой у “Беняконях” (“Шальчынінкай” з літоўскага боку) пры паездцы ў Вільню значна меншая. Рэйсавая маршрутка з Вільні вечарам 24 сакавіка прайшла абедзве мяжы – літоўскі і беларускі пункты пропуску – за дзве гадзіны. Для пасажыраў рэйсавага аўтобуса Мінск-Вільня, які выехаў з Мінска 24 сакавіка ў 12.00, поўнае праходжанне мяжы заняло тры гадзіны. У пагранпераходзе “Каменны Лог” (“Мядзінінкай”) рэйсавыя аўтобусы праходзяць мяжу за 1-1,5 гадзіны.

Пасля закрыцця пунктаў пропуску “Райгардас” і “Лаварышкес” з літоўскага боку Літва з 1 сакавіка абяцала яшчэ больш абмежаваць выдачу дазволаў на праезд і пакінуць толькі 29 перавозчыкаў. Гэта можа растлумачыць меншыя чэргі для пасажырскага транспарту – менш дазволаў, менш і аўтобусаў.

У агрэгатары “Атлас” да канца сакавіка можна знайсці ўсяго па два-тры рэйсы з Гродна ў Вільню штодня супраць васьмі, якія былі яшчэ ў пачатку сакавіка. Кошт за адно месца – 130 рублёў (у пачатку сакавіка было 100 рублёў), і да канца сакавіка вольных месцаў няма. З красавіка ў раскладзе зноў стаіць па восем рэйсаў, але білеты на іх недаступныя. Некалькі месцаў ёсць толькі з 9 па 14 красавіка, а з 24 красавіка немагчыма нават даведацца пра колькасць рэйсаў і іх расклад.
Больш шанцаў трапіць у Вільню з Мінска: па 7-11 рэйсаў у розныя дні, ёсць даступныя да заказу квіткі, і цэны меншыя – ад 100 да 125 рублёў.

Чытайце таксама: Перавозкі падаражэлі на 20% – і гэта не канец. Што адбываецца пасля закрыцця пунктаў на літоўскай мяжы

Легкавым аўто праходжанне літоўскай мяжы, наадварот, даецца цяжка. Мяжа ў пункце пропуску “Шальчынінкай” – “Беняконі” ў бок Беларусі 24 сакавіка заняла каля 18 гадзін. “410 метраў за 15 гадзін”, – адзначыў кіроўца, які ехаў у Беларусь. Чарга па некалькі гадзін стаяла нерухома. Праблема не ў беларускім баку – цалкам запоўнена нейтральная паласа. “Літоўцы прапускаюць +/- 10-12 машын за гадзіну. Адчуванне, што літоўцам дадзена даручэнне прапускаць не больш за 100 аўто за змену”, – падзяліўся іншы кіроўца. Выключэнне складае толькі “еўрапас” – канал для аўтамабіляў, у якіх едуць грамадзяне Еўрасаюза. Праходжанне мяжы ў бок Літвы для легкавых аўто займала прыкладна столькі ж – 19 гадзін.

чарга на мяжы ў Літву
Чарга аўтамабіляў на граніцы з Літвой. Крыніца: чат, прысвечаны мяжы

Калапс будзе пастаянным?

Магчыма, рост чаргі на мяжы ў бок Польшчу звязаны з пачаткам школьных вакацый у дзяцей. У чаце мяжы прагназуюць змяншэнне чаргі аўтобусаў ужо да наступных выходных. Праўда, чытач Hrodna.life, які ехаў у Польшчу яшчэ 5 сакавіка, таксама затрымаўся ў чарзе і без вакацый. Іх аўтобус паехаў з Мінска праз Ліду і толькі потым – на Брэст. Дарога ад Мінска да Беластока з мяжой заняла 18 гадзін.

“Калапс з аўтобусамі зараз будзе пастаянны, не вывезе адзін пагранпераход наплыву ўсіх аўтобусаў. Дзіўна, што ў кагосьці засталіся ілюзіі на гэты конт”, – упэўненая ўдзельніца “памежнага” чата.

Чытайце таксама: «Жалезная заслона» апусцілася пад Гродна: што нясе закрыццё межаў беларускай эканоміцы і грамадству