Здымкі фільма «Белыя росы» ў 1983 годзе праходзілі проста пад вокнамі ў жыхароў новых дамоў на Дзевятоўцы. Яны хадзілі паглядзець на працэс, а некаторыя нават здымаліся ў масоўцы. Паводле сюжэту фільма, вёска адступала пад націскам горада — гэта адбылося тут і насамрэч. Мясцовыя жыхары ўспамінаюць, як адбываліся здымкі, і лічаць, што ў гонар фільма патрэбны гісторыка-архітэктурны комплекс.
Гродзенка Ірына Журневіч заехала ў новую кватэру ўсяго за некалькі месяцаў да таго, як туды прыехала здымачная група, піша «Звязда». У яе нарадзілася дачка, і яна часта выходзіла з каляскай у двор. Назіраць за здымкамі было цікава, і яна старалася гуляць у тым кірунку, дзе бачыла нейкі рух.
«Мы літаральна жылі ў фільме»
Асабліва мясцовай жыхарцы запомнілася вяселле: якраз непадалёку на полі стаялі сталы. Гэта была самая масавая сцэна фільма, і многія жыхары ў ёй здымаліся. Для ўдзелу ў ёй запрашалі людзей як з вёскі Дзевятоўка, так і са шматпавярховікаў. Іх спынялі літаральна на вуліцы. На здымках людзі сядзелі за доўгім сталом, а многія яшчэ і стаялі збоку. Іх ніхто не адганяў.
У фільме каля аднаго з дамоў цягнецца вялікі роў, мабыць, для пракладкі трубаправоду. Відаць, што ішла актыўная забудова гарадскога мікрараёна. Праз гэты роў па драўляным мосціку якраз і спяшаліся па дапамогу героі, калі стары Цімафей выпіў цешчыных лекаў і ляжаў на дарозе. За імі з цікавасцю назіралі гродзенцы, а потым нават беглі за машынай хуткай дапамогі. Адысці, каб не перашкаджалі, іх не прасілі.
Здымкі літаральна ахапіла ўсё наваколле. Маладыя жыхары мікрараёна хацелі ўбачыць як мага больш, усе былі вельмі рады, расказала Ірына Журневіч. «Мы літаральна жылі ў гэтым фільме. Муж прыходзіў з работы, і мы бягом туды, — прызнаецца жанчына. — Асабліва было цікава назіраць, калі рабілі некалькі дубляў».
Карачанцаў думаў пра Беларусь
Для сцэны з Мікалаем Карачанцавым у гняздзе, яго разам з гармонікам уздымалі на дрэва з дапамогай спецыяльнай вышкі, расказала іншая мясцовая жыхарка, Тэрэза Белавусава. Яна вельмі хвалявалася, каб улюбёны артыст не ўпаў. Калі яго знялі з дрэва, жанчына з суседам пайшлі за ім і пазнаёміліся. Актор папрасіў паказаць яму вёску. Там жылі сваякі Тэрэзы Белавусавай, таму яна змагла расказала яе гісторыю. Пасля невялікай экскурсіі Карачанцаў падарыў ёй гусінае пяро з надпісам «А. Пушкін». Жанчына захоўвае яго ўжо сорак гадоў.
Карачанцаў трапіў у фільм невыпадкова. Ён шмат чуў пра Беларусь. Таксама ён хацеў паўдзельнічаць у гісторыі аб тым, як сыходзіць вёска. Гэты сюжэт увасобіўся ў фільме і ў новым мікрараёне Гродна.
Унутраныя сцэны фільма здымалі ў адмыслова збудаваным доме на адной з вясковых сядзіб. Ён адрозніваўся вялікімі белымі дошкамі. Пасля здымак дом разабралі і вывезлі. Тое ж адбылося і з рэальнай вёскай.
Чытайце таксама: «Белыя Росы» і глабальны падзел працы. Як урбанізацыя ўплывае на грамадства?
Наконт паходжання сабакі Валета мясцовыя жыхары спрачаліся, але ў выніку вырашылі, што сабака вясковы. Але сапраўднай яго мянушкі ніхто не памятае.
Мясцовыя хочуць паставіць дрэва з Карачанцавым
Ад сухога дрэва, на якім сядзеў актор, нічога не засталося. Зараз на месцы здымкаў высадзілі алею дрэў, а замест сухога дуба расце малады клён. Тэрэза Белавусава — мясцовая актывістка і пераможца конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. Яна хацела б, каб памяць пра здымкі «Белых росаў» захавалася менавіта ў тым месцы, дзе здымалі фільм. «У нас ёсць задумка паставіць тут гэта дрэва з гняздом, зрабіць фігуру Карачанцава з гармонікам, паставіць лаўкі. А на месцы пусткі зрабіць пляцоўку для дзяцей», — патлумачыла яна.
На гэтым месцы двойчы пачыналі будаваць шматкватэрны дом. У катлаван збіраліся грунтавыя воды, і будоўлю спынялі. Зараз там ёсць толькі падмурак. Мясцовыя жыхаркі звярталіся да гарадскіх улад, каб на гэтым месцы зрабіць памятны сквер.
Студняў з фільма цяпер дзве
Драўляныя фігуры, звязаныя з фільмам «Белыя росы», усталявалі на месцы знесенай вёскі ў 2018, непадалёку ад студні і калодкі, што засталіся са здымкаў фільма. Там жа была і шыльда, прысвечаная яму. Фігуры знешне падобныя да актораў, што выконвалі галоўныя ролі — Усевалада Санаева і Барыса Новікава. Паказана сцэна, дзе героі «лячыліся» цёшчынай настойкай, а сабака Валет «радаваўся жыццю».
У 2023 іх перанеслі ў будучы парк праз дарогу і дапоўнілі умоўным домам Фядоса — часткай пабудовы з дахам. Там жа паставілі і дрэва з гняздом, праўда, без Карачанцава, і ўмоўную студню — яшчэ адну. Ёсць меркаванне, што парк назавуць «Белыя росы».
Ці застанецца «аўтэнтычная» студня з калодкай на тым самым месцы, пакуль невядома. Шыльда знікла, і зараз не зразумела, чаму яны там стаяць.
Там, дзе стаяла здымачная група з апаратурай, мясцовыя жыхары сёлета пасадзілі маладыя елачкі і бярозы. Яны хочуць, каб у гонар фільма стварылі гісторыка-архітэктурны комплекс, бо, маўляў, фільм «Белыя Росы» даўно стаў культавым і з’яўляецца візітоўкай не толькі Дзевятоўкі, але і Гродна.