Горад

Гета інтэлігентаў. Каго «пасялілі» на Альшанцы?

Мікрараён Альшанка сярод іншага называюць гродзенскім гета. Калі і так, то ў адсяленні апынуліся знакамітыя інтэлігенты і ваенныя. Давайце зірнем, хто гэтыя людзі, імёнамі якіх назвалі вуліцы самага аддаленага раёна горада. Бо гэта — адзін з вялікіх плюсаў раёна.

Кажуць, гета. Але суседства тут нічога сабе. Вось у шоўкавым халаце ходзіць Уладзімір Караткевіч. Вы сумняецеся? Менавіта тут ён піша раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Уладзімір Караткевіч пад час апошняй вандроўкі. 1984 год. Фота: news.vitebsk.cc
Побач прычэсвае вусы знакаміты паэт Мацей Бурачок, ён жа Францішак Багушэвіч, і нагадвае: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».
Францішак Багушэвіч. Фота radzima.org
Адкуль Напалеон Орда малюе панараму горада? Вядома, што адсюль.
Панарама Гродна аўтарства Напалеона Орды
Многія, праўда, тут называюць яго Арда, з націскам на апошнім складзе, і шукаюць сувязь паміж вайной 1812 і мангола-татарскім ігам. І, напэўна, знаходзяць. Напалеон Орда быў не толькі мастаком, але і літаратарам, кампазітарам, скульптарам, педагогам.
Напалеон Орда, аўтапартрэт
Тут жа, у суседнім раёне Фабрычны, піша тэатральныя дэкарацыі для балета «Шахерызада» адзін габрэй. Яго клічуць на французскі манер Леон Бакст, бо доўгі час ён жыў і працаваў у Парыжы. Аднак насамрэч ён Лейб-Хаім Розенберг.
Леон Бакст, аўтапартрэт
З мастацкай залі пераходзім у музычную. Міхал Клеафас піша свой паланэз і не ведае, што пазней многія будуць мучыцца пры адказе на пытанне: «Хто напісаў паланэз Агінскага?» Кампазітар усё ніяк не развітаецца з Радзімай, бо тут ён на кожным кроку. Падаецца, што вакол Агінскага віруе жыццё ў мікрараёне.
Міхал Клеафас Агінскі. Партрэт мастака François Xavier Fabre
Тут апынуўся і Зыгмунт Мінейка, які вучыўся разам з Францішкам Багушэвічам у Віленскай гімназіі. Мінейка ўдзельнічаў у паўстанні Каліноўскага, цудам пазбег смяротнага пакарання. Пераехаў у Грэцыю. Там у ролі археолага адшукаў храм Зеўса, які навукоўцы не маглі знайсці 200 год. Удзельнічаў у пабудове спартовых аб’ектаў для першых Алімпійскіх гульняў 1896 года. Названы ганаровым грамадзянінам Грэцыі. Пабудаваў першую чыгунку ў Балгарыі і заснаваў спартовую журналістыку.
Зыгмунт Мінейка ў маладосці і сталым узросце. Фота: planetabelarus.by
Непадалёк бачная кампанія вайскоўцаў. Фёдар Бажора абараняў нашыя землі ў Другой сусветнай вайне, асабліва адзначыўся пры фарсаванні Нёмана і рэчкі Марыхі.
Фёдар Бажора. Фота: zhodinonews.by
Мікола Волкаў таксама ўдзельнічаў у той вайне, стварыў падпольны «атрад дзядзькі Колі». Разам з жонкай патаемна выносіў са шпіталю лекі для параненых. Расстраляны пад вёскай Навумавічы.
Мікола Волкаў (у цэнтры). Фота: tatfrontu.ru
Трэці ў кампаніі Аляксандр Бандоўскі. Ён сустрэў 1941 год у Гродне, двойчы трапляў у палон, збягаў, страціў нагу. Вядомы тым, што выкладаў на курсах па стральбе. Дачакаўся канца вайны.
Аляксандр Бандоўскі. Фота: wikimedia.org
Яшчэ адзін «жыхар» раёна Спірыдон Трыміфунцкі. Ён зусім не падобны да іншых. Імём гэтага святога назвалі не вуліцу, а царкву на ўскрайку раёна. Раней, 1700 год таму, ён жыў у горадзе Трыміфунт на Кіпры. Вядомы сваімі цудамі: уваскрашаў людзей, ацаліў цяжкахворага імператара Канстанцыя, маліўся разам з анёламі, прайшоў па сухім дне ракі, якая расступілася перад ім. Цяпер яго чаравік падарожнічае як рэліквія.
Спірыдон Трыміфунцкі
Цікава, каго яшчэ са славутасцяў пераселяць у «гета», калі раён разбудуюць?

«Ссылаюць» не толькі на Альшанку

Дарэчы, у суседнім з Альшанкай раёне Паўднёвы таксама хапае знакамітых «жыхароў». Там ёсць вуліцы, названыя ў гонар стваральніка эсперанта Людвіка Заменгофа, паэтаў Міхася Чарота, Цішкі Гартнага, пісьменніцы Зоф'і Налкоўскай, вучонага Ігната Дамейкі. Гэтыя вуліцы знаходзяцца ў найбольш аддалейнай частцы Паўднёвага, на мяжы з Альшанкай.

Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025