Культурнае ажыўленне, міжнародныя ўзнагароды, візіты зорак і новыя праекты з аднаго боку, палітычная стагнацыя, расчараванні і валютны крызіс з другога. 2015 год у гісторыі Беларусі застанецца як год супярэчлівых адчуванняў. За чым сачылі і на што спадзяваліся тады беларусы? Якія кнігі чыталі? Hrodna.life і выдавецтва Gutenberg запрашаюць у падарожжа ў часе.

Ад надыходзячага 2015 года ў гродзенцаў былі розныя чаканні і страхі. Некаторыя рыхтаваліся да цяжкасцей, іншыя — спадзяваліся на лепшае. Дзякую Web Archive мы знайшлі каментары на ўжо не існуючым сайце, якія перадаюць усе надзеі і сумненні таго часу:

«Я ўсё ж чакаю 2015 з асцярогай. Апошнія два гады даюцца цяжка. Хаця ў маёй сям'і, у маім жыцці нічога моцна праблемнага не адбываецца. Але ў цэлым абстаноўка ў краіне не дазваляе глядзець з аптымізмам у будучыню».

«У 2015 усё будзе як і ўсе апошнія гады ў Беларусі: спакойна, а галоўнае стабільна».

«Паляпшэння дакладна не будзе. Зарплата ўсё роўна падае, а цэны ўсё роўна растуць. Калі з такім курсам долара, які цяпер, я атрымліваю 200 долараў, працую ў начныя змены на хімічным прадпрыемстве».

«Лепш не будзе, па-любому… Але ўсё ж вера застаецца… Усіх з новым годам, здароўя, удачы і кахання»

Ці спраўдзіліся асцярогі і надзеі гродзенцаў?

Еўрабачанне і гучнае забойства Нямцова — што адбывалася ў свеце ў 2015 годзе

Год пачаўся з важнай падзеі для суседзяў: 1 студзеня Літва ўвяла еўра як нацыянальную валюту. З 1993 года ў незалежнай постсавецкай Літве карысталіся літам. Прыняцце агульнай валюты стала сімвалам глыбейшай інтэграцыі ў Еўрапейскі Саюз. Пераход адбыўся па фіксаваным курсе — 1 еўра за 3,45 280 літa, і на працягу першых двух тыдняў у краіне дзейнічаў паралельны абарот дзвюх валют. Літва стала 19-й дзяржавай, якая далучылася да зоны еўра, і апошняй з трох балтыйскіх краін, зрабіўшы гэта пасля Эстоніі і Латвіі.

У Расіі 27 лютага 2015 года адбылося гучнае забойства Барыса Нямцова — вядомага расійскага апазіцыянера і крытыка Уладзіміра Пуціна. Яго забілі стрэламі ў спіну, калі ён ішоў па Маскварэцкім мосце непадалёк ад Крамля.

Нямцоў, былы намеснік прэм’ер-міністра пры Ельцыне, актыўна выступаў супраць расійскай агрэсіі ва Украіне і рыхтаваў даклад пра ўдзел Расіі ў вайне. Расійскія ўлады арыштавалі і асудзілі за гэта забойства пяць выхадцаў з Чачні, але заказчыкі забойства так і не былі вызначаны. Рэальна незалежнага і празрыстага расследавання не адбылося.

У траўні 2015 года Еўропу зноў сабрала разам «Еўрабачанне», якое адбывалася ў Вене. Перамог тады швед Måns Zelmerlöw з песняй «Heroes». Беларусь прадстаўлялі Uzari & Maimuna з англамоўнай кампазіцыяй «Time». У першым паўфінале яны занялі 12 месца з 39 баламі і не прайшлі ў фінал. Песня вылучалася спалучэннем поп‑року і класічнай скрыпкі.

Міжнародныя ўзнагароды і зоркі з Еўропы — якім быў 2015 год у Беларусі

Пачатак году адзначыўся працягам валютна-фінансавага крызісу, які пачаўся ў 2014. Толькі за першы месяц года рубель абясцэніўся ў адносінах да долара на 30%, а па выніках усіх 12 месяцаў долар у Беларусі падаражэў з 11 900 рублёў да 18 700 (так, гэта яшчэ былі часы, калі ўсё лічылі ў тысячах і мільёнах).

Чарговыя прэзідэнцкія выбары, на якіх Аляксандр Лукашэнка балатаваўся на пяты тэрмін, прайшлі 11 кастрычніка. Паводле афіцыйных дадзеных Цэнтрвыбаркама ён атрымаў каля 83,5 % галасоў пры яўцы выбаршчыкаў 87,2 %. Выбары запомніліся тым, што ўпершыню ў гісторыі Беларусі ў прэзідэнцкай гонцы ўдзельнічала жанчына — прадстаўніца апазіцыйнай кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.

Перад выбарамі ўлады вызвалілі некалькі вядомых палітвязняў, што было ўспрынята як жэст у бок паляпшэння адносін з Захадам. Аднак, нягледзячы на ўдзел міжнародных назіральнікаў (у тым ліку АБСЕ), выбары былі раскрытыкаваныя за непразрыстасць, адсутнасць канкурэнтнасці і парушэнні пры падліку галасоў. Назіральнікі адзначылі, што хоць у кампаніі адбыліся пэўныя паляпшэнні, сам працэс галасавання і падліку не адпавядаў дэмакратычным стандартам. Саму ж прэзідэнцкую кампанію можна ацаніць як найменш цікавую з усіх у гісторыі незалежнай Беларусі.

На гэтым фоне надзвычай ярка прагучала перамога беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч. У кастрычніку 2015 яна стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Узнагароду далі ёй за «поліфанічныя творы, помнік пакутам і мужнасці нашага часу». Аўтарка ў сваіх кнігах апісвае складаную гісторыю савецкага і постсавецкага грамадства.

Алексіевіч — першая беларуска, якая атрымала гэтую ўзнагароду. Цырымонія ўручэння адбылася 10 снежня ў Стакгольме, дзе Алексіевіч прачытала прамову на рускай і беларускай мовах.

У той год у Беларусь заязджалі многія замежныя артысты. На «Чыжоўка-Арэне» можна было патрапіць на канцэрт Thirty Seconds to Mars, а яшчэ Мінск наведалі сербскі рэжысёр Эмір Кустурыца і французскі актор Жэрар Дэпардзьё.

Вясной Кустурыца знаёміўся з вытворчымі магчымасцямі «Беларусьфільма», а ў канцы года даў у Prime Hall канцэрт са сваім гуртом The No Smoking Orchestra. Рэжысёр задумваў зняць фільм у партнёрстве з беларускай студыяй, але з гэтага нічога так і не выйшла.

У ліпені Беларусь наведаў Жэрар Дэпардзьё. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, які навучыў француза касіць траву. Дэпардзьё пакатаўся на трактары, еў мясны боршч і ацаніў мясцовую гаспадарку, адзначыўшы, што хоча жыць «сярод сялян» у Беларусі. Але так у нас і не пасяліўся.

Гродна ў 2015-м — час новых рэкордаў

Не абмінуў культурны пад’ём і Гродна. У Новым замку прайшла выстава «Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Гродзеншчыны», арганізаваная пры падтрымцы праекта «Арт‑Беларусь» і «Белгазпрамбанка». Наведвальнікі маглі ўбачыць 15 арыгінальных палотнаў — пейзажы, партрэты і нацюрморты — прадстаўнікоў Парыжскай школы, народжаных на Гродзеншчыне: Осіпа Любіча і Пінхуса Крэменя. Калі палітра Любіча была гарманічнай, пяшчотнай і лірычнай, то Крэмень аддаваў перавагу напружанай, дынамічнай і экспрэсіўнай манеры. Да папулярызацыі мастакоў Парыжскай школы на іх гістарычнай радзіме прыклаў руку тагчасны кіраўнік «Белгазпрамбанка», сённяшні палітвязень Віктар Бабарыка. Прадстаўленыя ў Гродне карціны паходзілі менавіта з карпаратыўнай калекцыі банка.

З таго ж году можна лічыць гісторыю гандлёва-забаўляльная цэнтра Triniti. Вясной буйны польскі забудоўшчык Unibep падпісаў кантракт і стаў генеральным падрадчыкам будаўніцтва цэнтра. На той момант гэта быў рэкордны па памеры, самы буйны гандлёвы аб’ект Беларусі. Будаўнічыя працы пачалі ў наступным годзе, а скончылі ў лютым 2020.

У той жа час гродзенскі гіравік Яўген Назарэвіч чарговы раз упісаў сваё імя ў кнігу рэкордаў Гінеса: 13 красавіка ён усталяваў сусветны паказчык па рыўку гіры — 34 160 кг за 1 гадзіну, зрабіўшы 1400 паўторных рыўкоў. Да гэтага ён ужо меў 21 рэкорд, а ў 2015 здабыў яшчэ ўзнагароды «Залатая гіры» і ордэн «Залатой гіравік».

У тым жа 2015 з забыцця вярнуліся ігральныя карты Лапіных. Гэта калода карт, якую выпускалі ў 1930-х у Гродне, і якую выпадкова знайшлі ў будаўнічым смецці ў час рэканструкцыі аднаго са старых будынкаў. Так у Гродна вярнуўся забыты артэфакт, які неўзабаве стаў папулярным турыстычным сувенірам.

Выйшла кніга «Завяршыць гештальт» — спраўдны еўрараман ад беларускага эмігранта першай хвалі

На гэтым перакрыжаванні падзей, надзей і чаканняў выйшаў раман Макса Шчура «Завяршыць гештальт». Ён выйшаў ва Украіне, стаў сапраўднай падзеяй у беларускай прозе і ў наступным годзе атрымаў Прэмію Ежы Гедройца — адну з найпрэстыжнейшых узнагарод для аўтараў беларускіх кніг. Выбар журы тады многіх збянтэжыў, бо перамог аўтар не з вядомай мінскай тусоўкі.

Крытыкі і літаратуразнаўцы адзначылі, што перад імі — «сапраўдны еўрараман ад беларускага эмігранта першай хвалі». Макс Шчур на момант выхаду кнігі ўжо даўно (з 1998 года) жыў у Чэхіі, але працягваў пісаць па-беларуску, ахопліваючы тэмы эміграцыі, ідэнтычнасці, еўрапейскай свядомасці.

Апісанне кнігі — «падарожны дзённік з фотаздымкамі» — вызначае яе жанравую асаблівасць: твор аб’ядноўвае дзённікавыя нататкі, лірычную прозу, філасофскія развагі, мастацкія фатаграфіі і літаратурны стыль. Галоўны герой падарожнічае з Чэхіі ў Амстэрдам, разважае пра эстэтыку, сэнс жыцця, мінулае і будучыню.

Гэта раман пра пошук сябе, пра адчуванне чалавека па-за радзімай, пра тое, што значыць «завяршыць гештальт» — завяршыць важны жыццёвы цыкл, замкнуць сэнс. І ў нейкім сэнсе ён апярэдзіў падзеі і нечакана зноў стаў актуальным у апошнія некалькі гадоў.

«Гэта бадзерыя, поўныя з’едлівага гумару нататкі. Яны змяшчаюць самыя розныя побытавыя дэталі, назіранні за звычаямі і норавамі еўрапейцаў, размовы героя з выпадковымі спадарожнікамі, а таксама фотаздымкі», — пісала ў рэцэнзіі на кнігу Лідзія Міхеева. А іншы фрагмент яе тэксту наогул быццам напісаны пра сённяшні дзень: «Еўропа тут вымалявана не як грандыёзны маналіт, які трэба ссунуць з пастаменту, а шэраг абсалютна сінгулярных з’яваў, аб’яднаных нейкімі даволі віртуальнымі повязямі. Пярэстасць еўрапейшчыны, якая ўключае ў сабе „еўрафашыкаў“, мігрантаў і валанцёраў, якія ім дапамагаюць, рускіх турыстаў і музей Ван Гога з кічавымі сувенірчыкамі, не зводзіцца да аднаго дыягназу ці прагнозу».

Адна з чытачак на партале MyBook.ru пакінула такі характэрны водгук:

«Гэта раман, напісаны цудоўна. У Шчура добры стыль у цэлым, а ў гэтай кнізе яшчэ і сюжэт. У апавяданнях, як мне здаецца, аўтар не паспявае раскрыць усё сваё майстэрства. У рамане яму гэта ўдалося. Не чакайце імклівага раскручвання сюжэту — не ў гэтым соль кнігі. Проста чытайце і вы альбо ўвальецеся ў скуру галоўнага героя і будзеце глядзець на падзеі яго вачыма, альбо больш не возьмецеся за Шчура».

А на Goodreads карыстальнік з нікам Vylivacha паставіў 4 зоркі з 5 і напісаў коратка: «інтэлектуальна, крыху пафасна, крыху банальна».

Самая вялікая праблема кнігі ў 2015 годзе была ў тым, што яна выйшла малым накладам ва Украіне. А гродзенцам знаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай тады было яшчэ складаней: па многія нішавыя кнігі даводзілася тады спецыяльна ехаць у Мінск ці замаўляць іх праз інтэрнэт.

Перавыданне ў 2025 — магчымасць перажыць тое, што прапусцілі

У 2025 годзе выдавецтва Gutenberg Publisher запусціла кніжную серыі «Акно ў прозу». У яе межах будуць выходзіць перавыданні значных твораў беларускай літаратуры 1991−2020 гадоў. У тым ліку тых, што ў свой час былі адзначаныя крытыкамі, але наклады якіх даўно вычарпаныя. Адна з кніг серыі - «Завяршыць гештальт».

Перавыданне мае стылёвую і яскравую вокладку, якая добра суадносіцца з іншымі кнігамі серыі. Цяпер не давядзецца ехаць па раман у іншы горад, бо на сайце выдавецтва можна замовіць дастаўку па ўсім свеце. Для вас нават могуць зрабіць падарункавую ўпакоўку за 20 злотых (16 рублёў). Сама кніга каштуе 40 злотых (32 рублі) — гэта даволі добры кошт на сучасным польскім кніжным рынку.

У выдавецтве адзначаюць:

«Для нас культура — гэта не тое, што „бярэ Гедройцаў“, культура — гэта тое, што чытаюць. […] Нам патрэбная магчымасць парэфлексаваць над атмасферай літаратурных колаў: адным — перажыць тое, што прапусцілі, іншым — адчуць настальгію, калі ў тых колах бралі ўдзел».

Мэта серыі — не проста вярнуць у зварот забытыя тэксты, а стварыць культурную мапу эпохі, звязаць літаратуру пачатку незалежнасці з сучаснасцю. Гэта спроба асэнсаваць, што выбух літаратурнай і культурнай актыўнасці пасля 2020 года быў падрыхтаваны цэлымі дзесяцігоддзямі пошуку, смеласці і індывідуальнага голасу.