У Гродне было нямала сусветна вядомых знакамітасцей, але ці быў сціплы канонік Мікалай Капернік, які ўвайшоў у гісторыю як стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы — дакладна невядома. А калі быў, то ў якіх абставінах?
Мікалай Капернік паходзіў з Торуні, горада, які ў 15 ст. знаходзіўся ў так званых «Каралеўскіх Прусах». Гэта было валоданне Тэўтонскага ордэна, які тады быў у падпарадкаванні Польшчы. Капернік па паходжанні быў напалову палякам (бацька быў з Кракава) і напалову немцам (прозвішча маці - Ватцэнродэ), а якая ў яго была родная мова — невядома. Хутчэй за ўсё, найбольш карыстаўся Капернік традыцыйнай для рэгіёна нямецкай мовай і касцельнай лацінай.
[irp posts="2567″ name=""Наша задача — азадачыць вас". У Гродне адкрылі выставу аптычных ілюзій ад «Каперніка» з Варшавы"]
Зрабіць кар’еру дапамог дзядзька
Капернік застаўся сіратою маючы 9 гадоў і быў узяты пад апеку дзядзькам па маці вармінскім біскупам Лукашам Ватцэнродэ. Малы Капернік любіў вучыцца і наведваў лекцыі ў Кракаве, Падуі ды Балоньі. З пачатку 16 ст. ён стаў канонікам (памочнікам біскупа) і лекарам свайго дзядзькі.Менавіта з падарожжам Лукаша Ватцэнродэ і звязаны магчымы прыезд Каперніка ў Гродна. У сакавіку 1506 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр запрасіў біскупа на нараду ў Вільню. Біскуп быў важнай асобай, якая мела голас у справах Прусіі. Крыжакі спрабавалі вырвацца з-пад улады славян і трэба было з імі нешта рабіць.
Лекар для караля?
21 красавіка 1506 г. дэлегацыя на чале з вармінскім біскупам вырушыла ў Вільню. Мы дакладна ведаем, што яе шлях пралягаў праз крыжацкі замак Рыну, прускі Элк ды Гродна. І вось тут акурат ідзе дапушчэнне, што з дзядзькам павінен быў быць і пляменнік — ягоны лекар і сакратар Мікалай Капернік.
Гэта яшчэ больш верагодна і таму, што кароль быў ужо цяжка хворы і парада дыпламаванага спецыяліста магла б быць яму карыснай. Ясна, што біскупа і ягоную службу ў Гродне прымалі ў каралеўскіх валоданнях — у Старым Замку або Каралеўскім доме, які знаходзіўся на месцы будучага Новага Замку.
Гродзенскае начное неба
У Вільні біскуп прабыў тры тыдні. Дэлегацыя вярнулася ў Вармію па Нёмане праз Тыльзіт, а кароль Аляксандр памёр праз некалькі месяцаў. У лячэнні караля Каперніку не асабліва пашанцавала, але напісаная ім кніга «Аб кручэнні нябесных сфераў» і выдадзеная незадоўга да смерці ў 1543 г. зрабіла сціплага каноніка сусветна вядомым. Чалавек упершыню ўпэўнена даказаў, што насамрэч Зямля круціцца вакол Сонца, а не наадварот.
Хто ведае, можа і ў гродзенскае начное неба ўглядаўся Мікалай Капернік, стоячы на Старым Замку ў красавіку 1506 года?
Парэшткі навукоўца вызначылі па двух валасках
Цікавы факт: месца пахавання Каперніка было доўгі час невядомае. Але ў 2005 г. пад час прац у катэдры ў Фрамборку, дзе жыў Капернік, былі знойдзены чэрап і яшчэ некалькі касцей. Вучоныя параўналі іх ДНК з генамі двух (!) валасоў знойдзеных у адной з кніжак асабістай бібліятэкі Каперніка і адназначна сцвердзілі - косці належаць вялікаму астраному. У 2010 г. Каперніка ўрачыста перапахавалі ў Фрамборку. Вось так сучасная навука дапамагла адшукаць цела выдатнага навукоўца мінулага.