Цяпер замест пісьменнікаў і музыкаў у беларускія школы ўсё часцей запрашаюць актывістаў з “моцнай грамадзянскай пазіцыяй”, дзеці спаборнічаюць у лепшым выкананні гімна, а Генпракуратура друкуе свае падручнікі. Рэдакцыя Hrodna.life разабралася, як змянілася сфера адукацыі пасля 2020 года.

З-за патрыятычных мерапрыемстваў не паспяваюць рыхтаваць асноўныя ўрокі

Акрамя ўрокаў у школе ёсць класныя і інфармацыйныя гадзіны, розныя мерапрыемствы і актыўны шосты дзень. У апошні час яны ўсё часцей зводзяцца да адной тэмы – патрыятызму.

Яшчэ да 2020 года першага верасня былі класныя гадзіны з назвай “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Але зараз з’явіліся і іншыя напрамкі. 

Ідэалагічныя ўрокі ў школе.
Ідэалагічныя ўрокі ў школе. Фота: instagram.com/gymnasium_1_borisov/

На сайтах школ ёсць справаздачы па ўроках на падобныя тэмы. Напрыклад, у Ваўкавыску ў 2023 годзе праводзілі класную гадзіну “з мэтай фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі і станоўчых адносін да Узброеных сіл”, а ў 2024 годзе па ўсёй краіне абмяркоўвалі з вучнямі выбарчае права. Вынік уроку ва ўсіх класах быў прыкладны аднолькавы: “Кожны грамадзянін павінен гэтым правам скарыстацца”. 

Хадзіць на выбары – права, не абавязак. Людзі могуць не ісці на выбары ці нават скарыстацца сваім правам на байкот.

Ёсць яшчэ шмат назваў для патрыятычных урокаў: “Мая Радзіма – Беларусь”, “Гонар за Радзіму”, “Што я магу зрабіць для Радзімы?” і г.д. Ва ўсіх прапісаная аднолькавая мэта на кожным школьным сайце: фарміраваць пачуццё любові і павагі да сваёй Радзімы.

Акрамя такіх урокаў, цяпер у метадычным лісце на сайце Міністэрства адукацыі настаўнікам раяць кожны месяц праводзіць інфармацыйныя гадзіны на тэму генацыду беларусаў у часы Вялікай Айчыннай вайны.

-Так, зараз асноўны фокус ідзе на ідэалагічнае выхаванне. Я не заўсёды паспяваю падрыхтаваць матэрыял для асноўных урокаў, таму што шмат патрыятычных мерапрыемстваў трэба арганізаваць, – прызнаецца настаўнік адной з беларускіх школ на бацькоўскім сходзе.

Ваенна-патрыятычныя класы і клубы ў кожнай школе

Яшчэ да 2020-га ў некаторых школах былі класы такога напрамку. Але зараз іх становіцца больш. “Ваенна-патрыятычны клас павінен з’явіцца да канца навучальнага года ў кожнай школе,” – паведамляе Мінадукацыі ў кастрычніку 2023-га.

воефвайскоўцы
Фота: Дзяржпагранкамітэт

-Сёння існуе 155 ваенна-патрыятычных класаў. І 62 ваенна-патрыятычных клубаў. Гэта больш за 1700 навучэнцаў, – паведамляе БелТА начальнік другога аддзела ўпраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Уладзімір Ігнацік.

Для такіх класаў праводзяць бясплатныя экскурсіі ў музеі ВАВ і да мемарыяльных помнікаў. Вучні актыўна ўдзельнічаюць у патрыятычных мерапрыемствах і дзяржаўных святах. Сустракаюцца з ветэранамі.

Таксама зараз будуецца Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. 

Экскурсіі на Лінію Сталіна

У 2023-м годзе абнавілі спіс аб’ектаў, рэкамендаваных для наведвання школьнікам з экскурсіямі. Туды ўвайшло шмат помнікаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной і так званым генацыдам беларускага народа. Сярод іх Лінія Сталіна, мемарыяльны комплекс Хатынь, Трасцянец. У метадычных рэкамендацыях на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства пазначана, што перыядычнасць абавязковага наведвання навучэнцамі экскурсійных аб’ектаў – раз у паўгоддзе.

Пра масавыя забойствы раскажуць у першым класе: новыя факультатывы, прадметы і падручнікі

У 2024-2025 годзе ў 10-класнікаў з’явіўся новы прадмет “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі”. Ён замяняе “Гісторыю Беларусі” і “Сусветную гісторыю”. Спецыяльна для гэтага прадмета выдалі новы падручнік.

З’явілася яшчэ адна серыя новых падручнікаў “Генацыд беларускага народу ў гады ВАВ”. Яна складаецца з трох кніжак – для вучняў 1-4, 5-9 і 10-11 класаў. Але іх матэрыял уводзяць у асноўныя ўрокі гісторыі ці факультатывы. Як асобны прадмет такая дысцыпліна не выкладаецца. 

Падручнік да ўрокаў пра генацыд.
Падручнік да ўрокаў пра генацыд. Фота: prokuratura.gov.by

Падручнікі складалі не гісторыкі ці настаўнікі, а супрацоўнікі Генпракуратуры, расказаў акадэмічны дырэктар Беларускага Інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі на прэзентацыі аналітычнага даклада “Беларускія падручнікі па гісторыі як люстэрка дзяржаўнай гістарычнай палітыкі”. У матэрыялах няма прафесійнага меркавання або крытыкі, а некаторыя дадзеныя не суадносяцца з гістарычнымі даследаваннямі ці нават іншымі падручнікамі. Напрыклад, Трасцянец называюць лагерам смерці, калі на самой справе ён быў працоўным лагерам. Узгадваюцца і пратэсты 2020-га. Кажуць, што на іх карысталіся не толькі нацысцкімі лозунгамі, але і нацысцкімі дзеяннямі таксама.

-Паўстае пытанне, як выкладаць па гэтых падручніках. Але Генпракуратуру гэта не цікавіць – яны не маюць настаўніцкай адукацыі. Вы ўяўляеце сабе, як дзеці ў першым класе, якія толькі вучацца чытаць, адрэагуюць на расповед пра масавыя забойствы? – заўважае Аляксей Ластоўскі.

Для старшакласнікаў цяпер ёсць новы абавязковы факультатыў, на якім сур’ёзная ўвага адводзіцца гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і подзвігу савецкага народа. Яго выкладаюць “з мэтай узрошчвання патрыятызму і гонару за сваю краіну”. Самі ж дзеці паміж сабой гэты прадмет клічуць “ВОВчык”.

Запрашаюць актывістаў “з моцнай грамадзянскай пазіцыяй”

Раней у школы запрашалі прадстаўнікоў розных прафесій, выпускнікоў, якія чагосьці дасягнулі, пісьменнікаў і музыкаў. Цяпер як спецыяльных гасцей на лінейкі і класныя гадзіны запрашаюць актывістаў, супрацоўнікаў сілавых структур і дзяржаўных медыя. Напрыклад, у гэтым годзе тэлежурналістка Ксенія Лебедзева наведвала школьны лагер “Сузор’е”, а ў Мінску дырэктар нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін размаўляў са школьнікамі пра генацыд.

Увага да нацыянальных сімвалаў

На ўсіх урачыстых лінейках цяпер выносяць ці падымаюць сцяг. Гэтага патрабуе загад Міністра адукацыі № 368 ад 25 траўня 2022 «Аб удасканаленні працы па патрыятычным выхаванні». Такіх лінеек стала больш. У некаторых школах яны праходзяць у пачатку і канцы кожнай чвэрці. А на сайце Мінадукацыі ў метадычным лісце па ідэалагічнай і выхаваўчай працы на 2024-2025 вучэбны год просяць ажыццяўляць пастаянны кантроль за станам куткоў дзяржаўнай сімволікі.

Школьныя сайты і медыі

У гэтым годзе на школьных сайтах з’явілася інфармацыя пра выбары-2025 і “Марафон адзінства”. Мінадукацыі просіць папулярызаваць сярод вучняў парталы “канструктыўнага напрамку”, як «ПАТРИОТ.BY», «Молодежь Беларуси», «Белорусская республиканская пионерская организация» і іншыя. А на свята “Дня адзінства” раюць арганізаваць прагляд фільма “На другом берегу”, які распавядае пра цяжкае жыццё беларусаў у 1925 годзе пад Польшчай.

Чытайце таксама: Дзяцей у Гродне ставяць у СНС за палітычную актыўнасць бацькоў


Медыі ў выгнанні маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.

Мы працуем для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!