На вуліцы Таўлая ўстанавілі новы від “ляжачых паліцэйскіх” – “берлінскую падушку”. Мяркуецца, што няроўнасці дазволяць прапускаць грамадскі транспарт без затрымак, але прымусяць вадзіцеляў аўто зменшыць хуткасць. Гэта разгрузіць вуліцу і павысіць яе прапускную здольнасць.

Устаноўка “берлінскіх падушак” напрамую звязана з бяспекай на кальцы Таўлая—Брыкеля, паведамілі ў ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама. Перш чым устанаўліваць няроўнасці супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі разам са спецыялістамі БНТУ абследавалі прылеглыя вуліцы і выпрацавалі меры для паляпшэння руху.

На Таўлая ўстанавілі «берлінскія падушкі» - хочуць павысіць прапускную здольнасць вуліцы
“Берлінская падушка” на Таўлая. Крыніца: “ТРК Гродна”

Ад класічных “ляжачых паліцэйскіх” “берлінскія падушкі” адрозніваюцца тым, што займаюць толькі частку дарожнага палатна. Прынцып работы гэтых няроўнасцяў у тым, што легкавушкам даводзіцца змяншаць хуткасць, бо колы наязджаюць на падушку. Грузавікі і аўтобусы праязджаюць бесперашкодна, таму што іх каляіна шырэйшая. Матацыклісты і веласіпедысты аб’язджаюць падушку па краі.

У ДАІ лічаць, што святлафоры на Таўлая-Брыкеля палепшылі сітуацыю

У сярэдзіне лістапада ў Threads гродзенцы звярталіся да Юрыя Караева – прасілі разабрацца з коркамі, якія сталі ўтварацца пасля ўстаноўкі святлафораў. Па словах гараджан, у корках даводзіцца стаяць па 15—20 хвілін, у некаторых дарога з цэнтра горада стала займаць па 40 хвілін.

В ДАІ Гродна адзначылі, што да ўладкавання развязкі на ўчастку здарылася 13 ДТЗ – 25 машын пашкодзіліся. Пасля ўстаноўкі святлафораў аварый пакуль не фіксавалі, а прапускная здольнасць кальца павялічылася на 20%.

Чытайце таксама: Гродзенцы паскардзіліся Караеву на новыя святлафоры на кальцы Таўлая-Брыкеля