Аб спыненні фінансавання Гальшанскага замка распавёў праекціроўшчык і рэстаўратар Ігар Раханскі. Спецыяліст дадаў, што цяпер ён “па-за гульнёй і сядзіць на лаўцы запасных”.
Хто менавіта і з якой прычыны спыніў фінансаванне Гальшанскага замка – невядома. Мяркуючы па публікацыі Ігара Раханскага, фінансуючаму боку дастаткова, што замак уведзены ў эксплуатацыю і прыносіць грошы ў бюджэт за кошт турыстаў.
«Нехта недзе вырашыў, што Гальшанскі Замак больш не мае патрэбы ў аднаўленчых працах? Кропка. Фінансавання больш няма!” – падзяліўся Раханскі.
Гальшанскі замак ужо часткова пазбаўляўся фінансавання
Раней Ігар Раханскі кіраваў праектам кансервацыі Гальшанскага замка, які прадугледжваў частковую рэканструкцыю паўночна-ўсходняга і паўночна-заходняга карпусоў.
У красавіку 2023 у Мінкульце палічылі, што грошы на кансервацыю замка можна вылучыць з бюджэту, а вось стварыць музейную экспазіцыю ў паўночна-ўсходнім корпусе «мэтазгодна за кошт пазабюджэтных сродкаў».
Пры гэтым праект кансервацыі з элементамі рэстаўрацыі Гальшанскага замка ўжо быў узгоднены.
Рэканструкцыі чакалі 20 гадоў
Даследаванні былога замка Сапегаў пачатку XVII ст. (Гальшанскі замак) для далейшага аднаўлення пачаліся яшчэ ў 1998 годзе. У 2008 годзе калектыў аўтараў падрыхтаваў «Канцэпцыю экспанавання Гальшанскага замка». Асноўная ідэя была ў частковай рэстаўрацыі і ўладкаванні музея ў закансерваваных руінах. У 2011 годзе канцэпцыю ўзгадніла Міністэрства культуры Беларусі.
У 2018 нарэшце змаглі прыступіць да рэканструкцыі. Паўночную вуглавую вежу і турыстычна-інфармацыйны цэнтр пры замку адкрылі ў траўні 2021 года. У візіт-цэнтры перад замкам размясцілі сувенірную краму, адміністрацыйныя і санітарныя памяшканні. Добраўпарадкавалі паркоўку.
У пачатку 2023 ішлі працы на паўночна-ўсходнім корпусе замка. На паўночна-заходнім корпусе завяршалі супрацьаварыйныя кансервацыйныя мерапрыемствы. У перспектыве былі працы з фрагментамі, якія захаваліся ў зямлі: частковае аднаўленне замкавай капліцы, паўднёва-заходняга і паўднёва-ўсходняга карпусоў, паўднёвай і заходняй вежай.
Сярод далейшых планаў праекціроўшчыкаў было аднавіць таксама сажалку і парк — элементы замкавага комплексу, якія былі страчаны ўжо ў наш час.
Чытайце таксама: Як выглядаў праект кансервацыі Гальшанскага замка



