У Лідзе на аўкцыён выставілі «Дом паляўнічага і рыбалова» на вуліцы Міцкевіча, 31, каля Лідскага возера. Пачатковая цана — 2 млн рублёў. У каментарыях да навіны лідчане ўжо прапанавалі, як выкарыстоўваць будынак: адкрыць аквапарк, гасцініцу або перадаць яго школе веславання.
Што прадаюць і калі пройдуць таргі
На электроннай пляцоўцы Беларускай універсальнай таварнай біржы «БУТБ-Имущество» размясцілі лот па продажы будынка Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.
Двухпавярховы адміністрацыйны будынак з падвалам пабудавалі ў 1981 годзе. Яго агульная плошча — 1024,8 кв. м. Тут ёсць цэнтральнае ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне, водаправод, каналізацыя, электрычнасць і тэлефонная сувязь.
Дом знаходзіцца каля Лідскага вадасховішча, побач з двума пляжамі.
Плошча зямельнага ўчастка — каля 33 сотак. Яго мэтавае прызначэнне — абслугоўванне вытворчай тэрыторыі. Цяпер участак знаходзіцца ў пастаянным карыстанні, а пакупніку будынка яго перададуць у арэнду без асобнага аўкцыёну.

Абмежаванні па выкарыстанні зямлі не пазначаныя.
Аўкцыён прызначаны на 4 лістапада. Пачатковая цана — 2 млн рублёў, першы крок таргоў — 100 тысяч рублёў.
Для ўдзелу прадугледжаны задатак у памеры 200 тысяч рублёў.
Пераможца павінен будзе аплаціць паслугі аператара электроннай пляцоўкі — не больш за 2% ад цаны продажу. Кампенсаваць выдаткі на правядзенне таргоў і іншыя плацяжы, пазначаныя ў пратаколе, неабходна на працягу дзесяці рабочых дзён пасля яго зацвярджэння. Агледзець будынак можна па папярэдняй дамоўленасці з прадаўцом.

Лідчане прапануюць аквапарк, гасцініцу і школу веславання
Пад публікацыяй lida.online24 у Instagram гараджане абмяркоўваюць, што магло б з’явіцца на гэтым месцы. Не хапае лідчанам, мяркуючы па каментарыях, аквапарка або аквацэнтра. Сярод іншых ідэй — боўлінг, начны клуб і хорар-квест.
Некаторыя ўдзельнікі абмеркавання лічаць, што размяшчэнне каля вады падыходзіць для гасцініцы або невялікага гатэля. Прагучала і прапанова перадаць дом шматдзетнай сям’і.
Некалькі каментатараў выступілі за тое, каб аддаць будынак спартыўнай школе веславання. Паводле аднаго з іх, дзеці цяпер займаюцца ў «першабытных умовах».
Адна з удзельніц абмеркавання таксама сцвярджае, што вясной і восенню ў падвале будынка стаіць вада «па калена».



