Вярхоўны суд прыгаварыў Алега Іванова да сямі гадоў пазбаўлення волі, а таксама штрафу ў памеры 5000 базавых велічынь (225 тыс. руб.), піша «Наша Ніва» са спасылкай на Генпракуратуру.

Былы гендырэктар добраахвотна выплаціў даход, атрыманы злачынным шляхам, і выканаў іншыя абавязацельствы па дасудовым пагадненні аб супрацоўніцтве. Таксама Іванову на пяць гадоў забаранілі займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

За што засудзілі Іванова?

Алег Іваноў быў гендырэктарам ААТ “Гродзенскі мясакамбінат” з 2019 да канца кастрычніка 2025 года. А да гэтага ён працаваў намеснікам гендырэктара па вытворчасці і якасці.

Па версіі следства, супрацьпраўная схема экс-кіраўніка дзейнічала амаль шэсць гадоў – з 1 ліпеня 2019 па 28 траўня 2025. За гэты перыяд экс-кіраўнік атрымаў ад дырэктараў пяці фірмаў незаконнае ўзнагароджанне на агульную суму 1,8 млн руб. Грошы атрымліваў як «на рукі», так і ў крыптавалюце.

Хабары былому дырэктару давалі за канкрэтныя кіраўнічыя рашэнні: арганізацыю закупак у строга вызначаных прадпрыемстваў. Таксама хабары гарантавалі выкарыстанне прадукцыі (комплексныя харчовыя дабаўкі і іншыя кампаненты) у вытворчасці і ўплывалі на асартыментную палітыку – вызначэнне відаў і аб’ёмаў гатовых вырабаў, якія выпускаюцца з выкарыстаннем “патрэбных” дабавак.

Вядома, што абвінавачаны спрабаваў схаваць даходы. Для гэтага ён прыцягнуў сваю дачку, якая, паводле звестак следства, не ведала аб незаконнасці дзеянняў бацькі. Тым не менш, менавіта на яе крыптакашалькі і банкаўскія рахункі паступалі грошы ад фірмаў.

У лістападзе 2025 стала вядома, што Іваноў таксама перастаў быць членам Савета Рэспублікі восьмага склікання. Згодна з дакументам, рашэнне прынялі на падставе асабістай заявы Іванова аб складанні паўнамоцтваў.

Чытайце таксама: Блогер Міхаіл Драгун выйшаў на волю. Яго судзілі за прычыненне буйной шкоды і паклёп