Гродзенскага рэжысёра і рэканструктара Васіля Калача ўнеслі ў расійскую базу вышуку. Яе нядаўна апублікавала расійскае медыя SOTA. Скрыншот з уласным прозвішчам у базе Калач выклаў у Facebook і з іроніяй падпісаў: «Ну, я ў добрай кампаніі і далучаюся да флэшмоба».
Яго дадалі туды ў снежні 2025 года. Шукае яго УУС Гродзенскага аблвыканкама па крымінальным артыкуле.
У 2020 годзе яго затрымлівалі пасля сустрэчы з Ціханоўскім
Васіль Калач кіраваў у Гродне фрык-тэатрам «Гексаген», займаўся гістарычнай рэканструкцыяй і папулярызацыяй гісторыі.
8 мая 2020 года Васіля Калача затрымалі каля дома ў Гродне. Прычынай стаў яго ўдзел у сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім, якая прайшла 26 красавіка ў парку Жылібера.
Раніцай Калач выйшаў з дома, але да працы не дайшоў. Яго жонка Таццяна распавядала Hrodna.life, што машына засталася ў двары, а тэлефон быў выключаны.
Пазней высветлілася, што Калача даставілі ў РАУС Ленінскага раёна Гродна. Яго абвінавацілі ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў і далі на пяць сутак арышту.
Уехаў у Польшчу і працягнуў займацца гісторыяй
Пазней Васіль Калач уехаў у Польшчу.
Зараз ён працягвае займацца гістарычнай рэканструкцыяй. У 2026 годзе Калач запусціў у Цэнтры культуры і адпачынку ў Супраслі заняткі па гістарычным фехтаванні для дзяцей 9–12 гадоў.
Ён таксама звязаны з клубам гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863 і вядзе гістарычныя праграмы на YouTube.
