У Беларусі падлеткі цяпер змогуць працаваць трактарыстамі. Прафесію «трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці» выключылі са спіса забароненых для непаўналетніх.
Чаму падлеткам дазволілі працаваць трактарыстамі
Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ганна Ланцэвіч патлумачыла, што гэта звязана з заканадаўствам аб дарожным руху.
Яно дазваляе ўжо з 17 гадоў атрымліваць правы катэгорый A, B, C і F, у тым ліку на кіраванне колавымі трактарамі. Змены закранулі яшчэ тры прафесіі — брашуроўшчыка, пераплётчыка і слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання. Для іх павысілі разрад, з якога праца забаронена непаўналетнім: раней абмежаванне пачыналася з 2-га разраду, цяпер — з 3-га.
Што гэта значыць для падлеткаў
Падлетак можа працаваць слесарам па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, калі яму прысвоены 2-і разрад і выконваюцца ўсе патрабаванні аховы працы. А вось з 3-га разраду такая праца для непаўналетніх ужо забаронена. Прычына — магчымая наяўнасць небяспечных фактараў, напрыклад адкрытых рухальных механізмаў.
Якія правілы дзейнічаюць для работнікаў да 18 гадоў
Гэта не першыя змены ў правілах працаўладкавання непаўналетніх. У 2025 годзе спіс забароненых для іх работ таксама істотна перагледзелі. Тады ў Мінпрацы заяўлялі, што дзякуючы гэтаму магчымасці працаўладкавання падлеткаў пашырыліся больш чым па 160 рабочых прафесіях.
Пры гэтым абмежаванні для работнікаў, маладзейшых за 18 гадоў, захоўваюцца. Перад працаўладкаваннем падлетак мусіць прайсці медыцынскі агляд, а да дасягнення 18 гадоў — праходзіць абавязковыя медагляды.
Непаўналетніх па-ранейшаму нельга прыцягваць:
- да цяжкіх работ;
- да работ са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы;
- да падземных і горных работ;
- да работ, дзе трэба уручную падымаць цяжары звыш устаноўленых норм;
- да шэрагу небяспечных вытворчых работ, напрыклад ліцейных, зварачных, кавальска-прэсавых і тэрмічных.
Для навучэнцаў 16–18 гадоў ёсць асобнае выключэнне. Падчас вытворчай практыкі або навучання яны могуць выконваць некаторыя з такіх работ, але не больш за чатыры гадзіны на дзень.
Якія прафесіі сталі больш даступнымі
Пасля змен 2025 года падлеткам стала прасцей уладкавацца на працу і ў іншых сферах. Напрыклад, пашырыўся спіс даступных прафесій у вытворчасці прадуктаў харчавання — сярод іх повар, кандытар і кулінар.
Больш магчымасцей з’явілася таксама ў паліграфіі, вытворчасці шкла і шклавырабаў, цэлюлозна-папяровай прамысловасці і некаторых іншых сферах.
Пры гэтым наяўнасць прафесіі ў дазволеным спісе яшчэ не азначае, што падлетка можна паставіць на любую працу. Наймальнік мусіць улічваць яго ўзрост, кваліфікацыю, умовы працы і патрабаванні аховы працы.
Механізатараў не хапае
У Гродзенскай вобласці цяпер не хапае механізатараў. На гэта нядаўна звярнуў увагу Юрый Караеў. Ён заявіў, што тэхнікі ў гаспадарках дастаткова, але людзей для працы на ёй не хапае, і запатрабаваў забяспечыць кожны камбайн механізатарам і неабходным транспартам.
Мяркуючы па вакансіях, кадравая праблема застаецца заўважнай. На сярэдзіну ліпеня ў Гродзенскай вобласці было адкрыта 411 вакансій трактарыстаў. Прычым некаторыя гаспадаркі шукаюць адразу некалькіх работнікаў.
Заробкі ў вакансіях адрозніваюцца: прапануюць ад 1000–1200 рублёў да 3000–4000 рублёў. У некаторых гаспадарках іншагароднім гатовыя прадаставіць жытло. Частка сельгаспрадпрыемстваў таксама гатовая прымаць на працу замежных грамадзян.



