У Зэльвенскім раёне затрымалі каталіцкага святара Юрыя Грыцко, які служыць у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў аграгарадку Дзярэчын. Паводле інфармацыі «Гарадзенскай праваабароны», на наступны дзень пасля затрымання суд прызначыў яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Як паведамляюць праваабаронцы, 9 ліпеня святару патэлефанавалі прадстаўнікі мясцовых уладаў і папрасілі прыехаць у сельсавет. Калі каля 17:00 ксёндз прыбыў на месца, яго ўжо чакалі супрацоўнікі міліцыі. Юрыя Грыцко затрымалі, надзелі на яго кайданкі і даставілі ў аддзяленне. Яго аўтамабіль застаўся каля будынка сельсавета.
На наступны дзень, 10 ліпеня, суд прызначыў святару 15 сутак арышту. Па якім менавіта артыкуле яго прыцягнулі да адказнасці, пакуль невядома.
Паводле звестак праваабаронцаў, незадоўга да затрымання ў Дзярэчын да Юрыя Грыцко прыязджала група прыкладна з дзесяці чалавек з Польшчы і Германіі — сярод іх былі святары і вернікі. Праваабаронцы мяркуюць, што гэты візіт мог стаць нагодай для затрымання, аднак афіцыйнага пацверджання гэтай версіі няма.
Хто такі Юрый Грыцко
Юрый Грыцко даўно служыць у парафіях Гродзенскай дыяцэзіі. У кастрычніку 2024 года яго вызвалілі ад абавязкаў рэзідэнта парафіі Святога Яна Паўла II у Смаргоні і прызначылі адміністратарам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне.
Як адзначае «Гарадзенская праваабарона», раней святар ужо сутыкаўся з ціскам з боку сілавых структур. Пра яго таксама неаднаразова пісалі праўладныя Telegram-каналы.
У прыватнасці, гэтыя каналы абвінавачвалі ксяндза ў тым, што, будучы пробашчам Крыжаўзвіжанскага касцёла ў Першамайску Шчучынскага раёна ў 2023 годзе, ён нібыта збіраў з вернікаў грошы на абнаўленне парафіі, але сродкі накіроўваў на будаўніцтва свайго дома. Нібыта з гэтай нагоды праходзіў сход у Гродзенскай дыяцэзіі, аднак, чым скончылася гісторыя — не ўдакладняецца.



