Гродзенцы запусцілі мабільны дадатак Tripora, які дапамагае знаходзіць славутасці і цікавыя месцы паблізу без папярэдняга планавання маршруту. Дадатак ужо даступны для прылад на Android і iOS.
Tripora вызначае месцазнаходжанне карыстальніка і прапануе цікавыя аб’екты ў радыусе да 10 кіламетраў. Для кожнай лакацыі даступны фатаграфіі, кароткае апісанне і дадатковая інфармацыя. Потым можна перайсці да поўнага артыкула ў Wikipedia, а таксама адкрыць месца ў Google Maps або «Яндекс Картах» для пабудовы маршруту.
Дадатак падтрымлівае рускую і англійскую мовы, а таксама выкарыстоўвае мову краіны, у якой знаходзіцца карыстальнік.
Як працуе дадатак Tripora?
Інфармацыя пра славутасці падгружаецца з крыніц на адпаведнай мове. Месцы, якія спадабаліся, можна захоўваць у абранае.
У Tripora ёсць функцыя пошуку з дапамогай штучнага інтэлекту. Карыстальнік можа апісаць, што менавіта хоча знайсці — напрыклад, старадаўні замак, прыгожую аглядальную пляцоўку або незвычайную кавярню, — а дадатак прапануе адпаведныя месцы паблізу.
У апісанні сэрвісу гаворыцца, што Tripora створана для спантанных падарожжаў і дапамагае адкрываць як вядомыя славутасці, так і малавядомыя лакацыі без неабходнасці загадзя прадумваць маршрут.
Пакуль дадатак спампавалі на Android 10+. На iOS яго ацанілі 6 разоў.

Аўтары дадатку
Аўтар праграмы — гродзенец Павел Баташоў. Так напісана ў апісанні да яе.
Ён — кіраўнік інжынерных каманд з больш чым 20-гадовым вопытам працы ў IT. Прайшоў шлях ад распрацоўшчыка да тэхнічнага дырэктара (CTO). Зараз Баташоў працуе CTO ў кампаніі Devcraft (глабальны брэнд Twelvedevs), дзе займаецца AI-трансфармацыяй, укараненнем прадуктовага падыходу і развіццём новых бізнес-напрамкаў.



