У Гродне ўзвядуць адміністрацыйны будынак Дома правасуддзя. Яго пабудуюць на вул. Дубко – там ужо ёсць шэраг адміністрацыйных пабудоў. Пра гэта стала вядома з дзяржзакупкі.

Будынак будзе на пяць паверхаў плошчай 16161 м2. Побач будуць газоны, велапаркоўка, відэаназіранне і агароджа.

Праект пабудовы створаць па аб’екце-аналагу. У 2026 годзе зробяць перадпраектную дакументацыю, у 2027 — спраектуюць, з 2028 па 2030 — будуць будаваць.

Крыніцай фінансавання стануць рэспубліканскі бюджэт і прымусовы збор — гэта значыць, штрафы, якія спаганяюцца з даўжніка дзяржаўнымі судовымі выканаўцамі. Лімітавы кошт будаўніцтва – 50 млн руб. Заказчык – Гродзенскі абласны суд.

Дом правасуддзя – гэта буйны адміністрацыйны будынак, у якім размяшчаюцца судовыя органы. Звычайна такія цэнтры аб’ядноўваюць пад адным дахам адразу некалькі судоў, пракуратуру, архівы і службы судовых прыставаў.

Чытайце таксама: Дом з вялікімі тэрасамі і 19-павярховая «свечка». Як забудоўваецца новы мікрараён Вясенні ў Гродне