У гродзенскім мікрараёне Вясенні працягваецца актыўная забудова. Тут з’явіцца незвычайны васьміпавярховы дом з вялікімі тэрасамі плошчай да 40 квадратных метраў. Тэрасы размесцяць на другім, чацвёртым і шостым паверхах будынка. Дом стане адной з галоўных архітэктурных асаблівасцей новага раёна.

Як паведамілі ў ААТ «Гроднажылбуд», шматпавярховік узводзяць на месцы былога прыватнага сектара. Побач таксама працягваецца будаўніцтва дарожнай развязкі: старыя падземныя камунікацыі амаль цалкам дэмантавалі і пракладаюць новыя. Для пачатку асноўных дарожных работ засталося знесці адзін стары жылы дом.

Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра дзесяціпавярховы дом, які па форме нагадвае чатырохліставы пялёстак — гараджане ў сацсетках параўноўвалі дом са «Зоркай Смерці».

Акрамя таго, у іншай частцы мікрараёна будуюць яшчэ тры шматпавярховікі серыі КПД і першую ў Вясеннім 19-павярховую «свечку». Увесь раён разлічаны прыкладна на 5 тысяч жыхароў, паведамляе «Перспектыва».

У агульнай складанасці з’явіцца амаль 1900 кватэр

Будаўніцтва новага мікрараёна пачалося летам 2024 года. У канцы жніўня таго года заклалі аснову для аднаго з дамоў. На ўчастку плошчай 35 гектараў плануецца ўзвесці амаль 1900 кватэр. Гэта будуць шматкватэрныя дамы зменнай павярховасці з асобнымі ўбудаванымі сацыяльна-бытавымі аб’ектамі.