У Гродне стартаваў XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Яго адкрыццё пачалося з традыцыйнага шэсця ўдзельнікаў па цэнтральных вуліцах горада. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала фатаграфіі з гэтай падзеі.
У калоне прайшлі прадстаўнікі 42 нацыянальнасцей, якія ўдзельнічаюць у фестывалі сёлета. Усяго форум аб’яднаў каля 800 чалавек. Удзельнікі прадставілі нацыянальныя строі, музычныя і танцавальныя традыцыі сваіх народаў.
Як паведамілі арганізатары, сёлета сцяг фестывалю неслі жанчыны розных нацыянальнасцей. Гэта прымеркавана да Года беларускай жанчыны.

У праграме — больш за 100 мерапрыемстваў
Фестываль сёлета праходзіць пад канцэпцыяй «Свята святаў». На 20 нацыянальных падворках, уключаючы беларускі, удзельнікі знаёмяць гасцей з традыцыйнымі святамі і культурай сваіх народаў.
У праграме свята больш за 100 мерапрыемстваў. Асноўныя пляцоўкі працуюць 5 і 6 чэрвеня ў гістарычным цэнтры Гродна, а 7 чэрвеня мерапрыемствы працягнуцца на Аўгустоўскім канале.





У Новым замку адкрылася турыстычная выстава-кірмаш
У першы дзень фестывалю ў цэнтры Гродна таксама адкрылі статую аленя святога Губерта.
У двары Новага замка пачала работу турыстычная выстава-кірмаш «Гродзенская вобласць — тэрыторыя камфортнага турызму».
Наведвальнікам прадставілі новыя турыстычныя маршруты рэгіёна, відэапрэзентацыі і VR-туры. Таксама на пляцоўцы абсталявалі фотазоны, прысвечаныя славутасцям Гродзенскай вобласці.


На адкрыцці фестывалю выступіў Лукашэнка
На цырымоніі адкрыцця выступіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, за 30 гадоў існавання фестывалю ён ператварыўся са «скромнага рэгіянальнага мерапрыемства» ў культурную падзею, «слава пра якую выйшла за межы краіны». Таксама ён назваў Гродна сапраўднай Мекай для турыстаў, у тым ліку і з еўрапейскіх краін.

«І не замінаюць гэтым людзям трохметровыя платы, якія ўзводзяць нашы заходнія суседзі, чарговыя “жалезныя заслоны”, якімі нас плашаць. Мы не навязваемся, але па-ранейшаму гатовы да цывілізаванага дыялогу ў інтарэсах нашых народаў», — заявіў ён.











