Скульптуру аленя святога Губерта ўрачыста адкрылі ў скверы на скрыжаванні вуліц Тэльмана і Урыцкага. Адкрыццё прайшло ў межах Фестывалю нацыянальных культур.
Бронзавая фігура ўзвышаецца больш чым на два метры. Ля падножжа кампазіцыі размешчана кветка — сімвал Фестывалю нацыянальных культур.
Аленяў будзе больш
Як адзначыў старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Алег Бялінскі, у будучыні ў горадзе з’явіцца яшчэ пэўная колькасць такіх жа скульптур, паведамляе «Гродзенская праўда».
— У нас ёсць мэта — размясціць у горадзе больш такіх аленяў каля знакавых месцаў. Яны ўпрыгожаць абласны цэнтр. Гродну сёлета спаўняецца 898 гадоў, а праз два гады мы адзначым 900-годдзе. Да юбілею мы хочам стварыць як мага больш новых арт-аб’ектаў, якія будуць прыцягваць увагу жыхароў і турыстаў, — сказаў ён.

Святы Губерт у горадзе ўжо ёсць
У 2020 годзе на вуліцы Савецкай ужо была ўсталявана скульптура святога Губерта. Яе аўтарам стаў гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў. Адкрыццё адбылося 18 верасня падчас святкавання Дня горада.
Святы Губерт — каталіцкі святы VII–VIII стагоддзяў, заступнік паляўнічых, рыбакоў і леснікоў. Паводле падання, ён стаў глыбока веруючым пасля таго, як падчас палявання ўбачыў аленя з залатым крыжам паміж рагамі. Менавіта гэты вобраз — алень святога Губерта, які пераскоквае цераз агароджу, — адлюстраваны на гербе Гродна і з’яўляецца адным з сімвалаў горада.

Для новай скульптуры абвяшчалі конкурс
Узімку 2026 года Гродзенскі гарвыканкам правёў конкурс на найлепшы эскіз манументальна-дэкаратыўнай скульптуры аленя. Падаваць заяўкі можна было на адну з трох тэм: «Алень фестывальны», «Алень кінематаграфічны» і «Алень турыстычны».



