У сацсетках гродзенцы нярэдка скардзяцца на чэргі да стаматолагаў – асабліва хірургаў і артадонтаў. Скардзяцца таксама на якасць працы. Мяркуючы па сайце вакансій, у Гродне не хапае 16 стаматолагаў розных спецыялізацый. Спецыяліст са сферы адзначае, што лічба не маленькая, да таго ж, вакансіі могуць не адлюстроўваць рэальную сітуацыю.

Двух стаматолагаў-артапедаў, у тым ліку загадчыка стаматалагічнага аддзялення, шукаюць на “Гродна Азот”. Таксама патрэбныя стаматолаг-тэрапеўт і стаматолаг-хірург. Ім гатовыя даць пакой у інтэрнаце. Трэба мець вышэйшую адукацыю і катэгорыю. Загадчык атрымае 1870-3033 рублёў, шэраговы супрацоўнік – 1396-2274.

Стаматолага шукаюць і на “Гродзенскім мясакамбінаце” — згодныя на 0,25, 0,5 або 0,75 стаўкі. Працу можна сумяшчаць з іншай. Таксама на 0,5 стаўкі стаматолага-хірурга чакаюць у гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Гродна. Гэта ўжо пастаянная праца.

У Цэнтральнай гарадской стаматалагічнай паліклініцы Гродна адкрыты вакансіі для трох тэрапеўтаў і двух хірургаў. Шукаюць таксама рэнтгенолага – да жніўня ёсць для маладога спецыяліста.

У Дзіцячай стаматалагічнай паліклініцы Гродна на вул. Горкага, 50 на 0,5 стаўкі працаўладкуюць стаматолага-тэрапеўта на дзіцячым прыёме. Шукаюць таксама артадонта, хірурга і загадчыка тэрапеўтычным аддзяленнем. Хірургу могуць даць арэнднае жыллё. Загадчык можа атрымліваць 3300 рублёў – гэта “столь” для стаматолага ў Гродне. Але трэба мець I кваліфікацыйную катэгорыю і сем гадоў вопыту.

Усяго ў вобласці каля 30 падобных вакансій.

Чытайце таксама: «Кошты конскія». Стаматолагі патлумачылі, чаму лячэнне абыходзіцца так дорага

Денис Мисюля