Гродзенская абутковая фабрыка «Нёман» сутыкнулася з сур’ёзнымі фінансавымі праблемамі. Прадпрыемства звярнулася ў эканамічны суд Гродзенскай вобласці з заявай аб прызнанні неплацежаздольнасці. Дадзеныя аб працэдуры з’явіліся ў Адзіным дзяржаўным рэестры звестак аб банкруцтве.

Агульная крэдыторская запазычанасць фабрыкі перавышае 4,25 млн рублёў. Акрамя таго, у органах прымусовага выканання знаходзяцца 54 выканаўчыя дакументы на суму больш за 1,42 млн рублёў, а таксама даўгі ў еўра і ўкраінскіх грыўнях.

Пры гэтым кошт маёмасці прадпрыемства ацэньваецца прыкладна ў 14,1 млн рублёў. А ступень зносу асноўных фондаў складае 76,40%.

11 мая эканамічны суд Гродзенскай вобласці адкрыў вядзенне па справе аб неплацежаздольнасці прадпрыемства і ўвёў ахоўны перыяд да 1 чэрвеня. У гэты час часовы кіраўнік павінен ацаніць, ці зможа фабрыка аднавіць плацежаздольнасць і разлічыцца з даўгамі.

Для прадпрыемства ўжо падрыхтавалі папярэдні план санацыі — фінансавага аздараўлення.

Аб банкруцтве казалі і раней

Аб тым, што фабрыка знаходзіцца ў перадбанкрутным стане, казалі яшчэ ў 2015 годзе. Тады на складах сабраліся вялікія запасы. Міні-рынак на Паповіча, які належыць фабрыцы, спрабавалі прадаць некалькі разоў. У 2020 годзе кошт знізілі ўдвая — да 1 млн рублёў. Склад на Савецкіх памежнікаў плошчай амаль 3 тыс. кв. м з гаражом тады прадавалі за 866 тыс. рублёў.

Даўгі за энергію, крэдыты і сыравіну. Гродзенская абутковая фабрыка апынулася на мяжы банкруцтва
У цэхах абутковай фабрыкі. Фота: vgr.by

«Нёман» далучылі да «Белвеста» — у таго таксама цяжкасці

У 2022 годзе фабрыку «Нёман» перадалі пад кіраванне кампаніі «Белвест». Гэта быў дастаткова рэдкі для Беларусі прыклад, калі прыватны бізнес узяў на сябе развіццё дзяржаўнага актыву.

Паводле слоў тагачаснага старшыні Гродзенскага аблвыканкама Мечыслава Гоя, перад здзелкай правялі работу з актывамі прадпрыемства, аптымізавалі тэрыторыю і знялі частку нагрузкі, звязанай з сацыяльнай інфраструктурай. Пасля гэтага фабрыка павінна была засяродзіцца на выпуску дзіцячага абутку, які карыстаецца попытам і які традыцыйна выпускалі на прадпрыемстве.

Гендырэктар «Белвеста» Юрый Суманееў тады прагназаваў павелічэнне аб’ёмаў у 2–3 разы і ставіў мэту наблізіцца да савецкіх маштабаў выпуску. Фактычна, хацелі сфарміраваць буйную горадаўтваральную вытворчасць для Гродна. Таксама абяцалі паляпшэнне ўмоў працы, рост заробкаў і больш высокую загрузку прадпрыемства.

Аднак у 2025 годзе стала вядома, што фінансавыя цяжкасці ўзніклі і ў самога «Белвеста».

Як развівалася запазычанасць фабрыкі «Нёман»

Мяркуючы па дакументах, у апошнія гады ў прадпрыемства падала выручка, а даўгі за абслугоўванне вытворчасці раслі.

У 2023–24 гадах асноўную масу доўгу складалі працэнты па банкаўскіх крэдытах (каля 37% у 2023 годзе). Агульная сума запазычанасці нават крыху знізілася з 6,5 млн да 4,8 млн рублёў за кошт выплаты часткі абавязацельстваў.

У 2025 годзе значная частка запазычанасці прадпрыемства прыпала на аплату паліва, электраэнергіі, цяпла і вады. Гаворка ідзе пра даўгі перад Гродзенскімі электрычнымі сеткамі (1,05 млн рублёў), «Гроднаводаканалам» (50 тыс. рублёў) і Гродзенскімі цеплавымі сеткамі (амаль 995 тыс. рублёў).

На момант падачы дакументаў на банкруцтва такія даўгі складалі 40% усіх абавязацельстваў кампаніі.

Пры гэтым за 2025 год прадпрыемства цалкам разлічылася па асноўным доўгу па крэдытах, аднак засталіся і іншыя крэдытныя абавязацельствы. Сярод найбуйнейшых крэдытораў значыцца «Белінвестбанк». Агульная сума запазычанасці па працэнтах па трох крэдытных дамовах перавышае 1 млн рублёў.

Акрамя таго, фабрыка мае даўгі па пазыках перад ААТ «Гродгандальмаш» і ААТ «Чайка», а таксама запазычанасці перад пастаўшчыкамі сыравіны, матэрыялаў і рознымі падраднымі арганізацыямі.

Напрыклад, КУП «Аквацэнтр» фабрыка вінавата крыху больш за 60 тысяч рублёў. У дакументах адзначаецца, што прадпрыемства не можа пагасіць даўгі за кошт наяўных сродкаў.

неман, обувная фабрика,
Абутковая фабрыка «Нёман». Фота: «Вячэрні Гродна»

Гісторыя фабрыкі

Гісторыя абутковай фабрыкі «Нёман» пачалася яшчэ да Другой сусветнай вайны. Першапачаткова ў будынку ў цэнтры Гродна працавала фабрыка Рэзнікава, дзе выпускалі жаночыя сумкі, партфелі і блакноты, а таксама працавала пераплётная майстэрня.

У 1939 годзе прадпрыемства нацыяналізавалі і пераабсталявалі ў абутковую фабрыку. Тут пачалі ўручную шыць жаночы і дзіцячы абутак — каля 100 пар у дзень.

Пасля вайны фабрыку аднавілі, а ў 1947 годзе яна афіцыйна стала «Гродзенскай абутковай фабрыкай №1». Вытворчасць хутка расла: калі ў канцы 1940-х выпускалі крыху больш за 400 тысяч пар абутку ў год, то да 1960 года — ужо звыш 1,2 млн пар.

У пачатку 1960-х прадпрыемства атрымала новы будынак на вуліцы Савецкіх Памежнікаў. Тады ж тут запусцілі паток мужчынскага мадэльнага абутку, а з 1963 года фабрыка атрымала назву «Нёман».

Пазней прадпрыемства пашыралася і змяняла форму ўласнасці. У 1976 годзе да яго далучылі Брэсцкую абутковую фабрыку, а ў 1990-х фабрыка стала акцыянерным таварыствам. У 1997 годзе ёй вярнулі гістарычную назву — «Гродзенская абутковая фабрыка „Нёман“».

Зараз фабрыка амаль на 60% належыць дзяржаве, астатняя частка — акцыі, якія знаходзяцца ў руках насельніцтва. Штат прадпрыемства — 188 чалавек.