У Гродзенскай вобласці КДБ выклікае сваякоў палітычных эмігрантаў, якія пераехалі ў Польшчу. “Гутараць пра жыццё”, спрабуюць увайсці ў давер і цікавяцца пра сувязі з офісам Ціханоўскай. MOST вядома тры такія выпадкі. 

Можа вярнуцца без “адсідак і штрафаў”

У аднаго жыхара вобласці цікавіліся, дзе знаходзіцца і чым займаецца ягоны сваяк, які выехаў за мяжу. Пыталіся, ці звязаны ён з офісам Ціханоўскай або Латушкам, прапаноўвалі перадаць, што той можа вярнуцца ў Беларусь «без адсідак і штрафаў». Каб гэта стала магчымым, эмігранту трэба фатаграфаваць акцыі беларусаў за мяжой або перадаваць дадзеныя аб іх каардынатах. Супрацоўнік, які праводзіў гутарку, праверыўшы тэлефон сваяка, паведаміў, што на чальцоў сям’і “сабрана дасье”.

Хацелі “пагутарыць пра жыццё”

Іншая гродзенка, якая цяпер жыве ў Польшчы, паведаміла, што ў сваякоў прасілі яе кантакты. Тыя перадалі іх сілавікам – яны звязаліся з гродзенках, хацелі “пагутарыць пра жыццё” і спрабавалі ўцерціся ў давер. Спробы пачаліся некалькі тыдняў таму.

Як адказваць сілавікам на пытанні аб сваяках

Экс-кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак таксама паведаміў у Facebook аб узмацненні спроб КДБ завербаваць сваякоў тых, хто выехаў за мяжу і актывістаў розных грамадзянскіх ініцыятыў.

Ён апублікаваў парады, як адказваць на пытанні сілавікоў, калі іх будуць выклікаць.

  • са сваяком не бачыліся з яго ад’езду, чым жыве — не ведаю;
  • пра палітыку ні з кім не размаўляю, тэм для размоў са сваякамі не маю;
  • мітынг — не ведаю што гэта такое, я туды не хаджу.

Чытайце таксама: “Шчасце для мужчыны”. Беларусаў масава забіраюць на зборы – знайшліся тыя, хто гэтаму рады