Гродзенка выратавала параненага рудога ката, якога знайшла на набярэжнай. Зараз жывёле патрэбна дапамога і ператрымка. Дзяўчына Ганна распавяла ў Threads, што праязджала па набярэжнай і заўважыла жывёлу ў цяжкім стане. Спачатку яна вырашыла, што гэта той самы руды кот з Савецкай, які стаў вядомым дзякуючы сацсеткам некалькі месяцаў таму. Пазней высветлілася, што гэта іншая жывёла — не менш пазнавальная.

Руды кот, які гуляў каля замкаў

«Мы ўбачылі яго цела на ўзбочыне. Усе вакол стаялі і глядзелі, але ніхто не дапамог. Зараз кот у клініцы: раздроблена сківіца, зламаная лапа, яго жыццё пад пагрозай. Я ў поўным шоку ад абыякавасці людзей», — напісала гродзенка ў Threads.

Як высветлілася, у цэнтры Гродна жывуць два рудыя каты, якіх часта блытаюць. Адзін насяляе раён драмтэатра, другі — на Савецкай вуліцы.

Дзяўчына паказала фатаграфіі жывёлы. Мяркуючы па кадрах, кот прыходзіў грэцца ў пажарную частку і часта гуляў каля замкаў.

Гродзенка выратавала «двайнiка» знакамітага Рыжага з Савецкай. Жывёла ў цяжкім стане, ёй патрэбна дапамога
Кот каля замкаў. Фота: акаўнт гродзенкі ў Threads

У ката ёсць гаспадыня, але яна яго не ратуе

Праз нейкі час высветлілася, што ў ката ёсць гаспадыня. Паводле слоў выратавальніцы, жанчына не ўпэўненая, што гатовая займацца лячэннем жывёлы. Яна патлумачыла гэта тым, што кот пастаянна ўцякае з дому — выскоквае ў фортку і ідзе гуляць, а падобныя сітуацыі, на яе думку, будуць паўтарацца.

«На пытанне, ці гатовая яна ўсыпіць яго, яна спытала: „А вам вельмі яго шкада?“», — напісала дзяўчына.

Гродзенка выратавала «двайнiка» знакамітага Рыжага з Савецкай. Жывёла ў цяжкім стане, ёй патрэбна дапамога
Кот у пажарнай частцы. Фота: акаўнт гродзенкі ў Threads

Кот у цяжкім стане

Зараз чатырохгадовы кот па мянушцы Мыш знаходзіцца ў ветэрынарнай клініцы. Яму паставілі стому — харчавацца ён будзе праз трубку, якая вядзе напрамую ў стрававод. Прагнозаў лекары пакуль не даюць. Жывёле патрабуецца стацыянар і працяглыя кропельніцы. Дзяўчына возіць ката на працэдуры сама, але прызнаецца, што фізічна не спраўляецца.

«Мне патрэбна дапамога на бліжэйшыя дні — замяніць мяне. Дзяўчына возьме яго на ператрымку да 1 студзеня, патрэбен чалавек, які можа адвозіць яго ў клініку і сядзець з ім на кропельніцы. Колькасць дзён залежыць ад яго стану, зараз горш — учора яго ўводзілі ў наркоз, і гэта крыху ўскладніла сітуацыю», — напісала яна. Дзяўчына шукае неабыякавых людзей, якія маюць аўто і час.

Гродзенка выратавала «двайнiка» знакамітага Рыжага з Савецкай. Жывёла ў цяжкім стане, ёй патрэбна дапамога
Кот у клініцы. Фота: акаўнт гродзенкі ў Threads

«Дапамажыце мне, калі ласка, адной справіцца проста нерэальна», — просіць гродзенка.

Таксама яна апублікавала рэквізіты для збору сродкаў: на лячэнне і догляд за катом патрэбныя грошы.