Нягледзячы на адкрыццё пунктаў пропуску, аднаўляць пасажырскія чыгуначныя зносіны з Беларуссю ў Польшчы не збіраюцца. Гэта стала вядома з адказу Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы парталу Rynek Kolejowy.

З моманту прыпынення пасажырскіх чыгуначных зносін паміж Беларуссю і Польшчай прайшло амаль шэсць гадоў. Пасажырскія цягнікі з Польшчы ў Беларусь перасталі курсаваць у сакавіку 2020 года. Першапачаткова яны былі прыпыненыя з-за пандэміі COVID-19. Пасля ж цягнікі паміж дзвюма краінамі не хадзілі з-за мігранцкага крызісу.

Адносіны паміж Варшавай і Мінскам застаюцца напружанымі — не толькі з-за праблемы нелегальнай міграцыі, але і ў выніку супрацоўніцтва Беларусі з Расіяй.

Пасля адкрыцця пунктаў пропуску на мяжы не фіксавалі інцыдэнтаў, паведаміў аддзел па працы са СМІ Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (MSWiA).

Умовы для запуску чыгуначных зносін з Беларуссю

Тым не менш, менавіта міграцыйны крызіс і клопат пра бяспеку Польшчы ўлады называюць прычынай неаднаўлення чыгуначнага руху.

«Нам важна, каб беларускія службы спынілі атакі і правакацыі на тэхнічныя агароджы польскай дзяржаўнай мяжы», — дадалі ў прэс-службе міністэрства.

Чаму адкрылі аўтапераходы, але не аднаўляюць пасажырскія цягнікі

У міністэрстве патлумачылі, што рашэнне аб адкрыцці двух аўтадарожных пунктаў пропуску стала магчымым дзякуючы мадэрнізацыі памежнага бар’ера — як фізічнага, так і электроннага. Паводле ацэнкі ведамства, дасягнуты высокі ўзровень эфектыўнасці аховы мяжы, што дазволіла ўлічыць чаканні грамадства, у тым чым ліку прадпрымальнікаў, перавозчыкаў і жыхароў, якія ездзяць на працу з Беларусі ў Польшчу.

Таксама падкрэсліваецца, што грузавое чыгуначнае паведамленне паміж краінамі захоўваецца. Яно дазволена на пераходах у Кузніцы і Тэрэспалі, а таксама ў Семяноўцы і Зубках, хоць на апошнім участку цягнікі фактычна не курсуюць.

Рашэнне прымае МУС

Міністэрства інфраструктуры Польшчы, куды таксама звярнуліся журналісты, прамых каментарыяў аб шматгадовым прыпыненні пасажырскіх перавозак не дало. Ведамства нагадала, што да 2020 года фінансавала міжнародныя цягнікі, у тым ліку ў Гродна і Брэст, аднак пытанні функцыянавання памежных пераходаў знаходзяцца ў кампетэнцыі МУС.

«Мы не маем уплыву на рашэнні, якія прымаюцца ў гэтай сферы», — адзначыў дырэктар бюро камунікацый Міністэрства інфраструктуры Рафал Яськоўскі.