Даехаць з Гродна ў Беласток за дзве гадзіны, выдаткаваўшы 7 еўра і не стоячы ў чэргах. Гэта было рэальным шэсць гадоў таму, калі паміж Беларуссю і Польшчай хадзілі цягнікі. Апошні адправіўся з гродзенскага вакзала 14 сакавіка 2020 года ў 15.31 і ў Гродна ўжо ніколі не вярнуўся.
Вярнуць чыгуначнае злучэнне прасцей, як здаецца на першы погляд, чым адкрыць аўтамабільныя пункты пропуску. Але вось адкрыцця «Баброўнікаў» і «Кузніцы» чакаюць з тыдня на тыдзень, а пра пасажырскія цягнікі ніхто не кажа. Hrodna.life разабраўся, што перашкаджае аднавіць чыгуначнае паведамленне паміж дзвюма краінамі.
Чаму няма цягнікоў «Гродна — Кузніца» і «Брэст — Цярэспаль»?
Польскі ўрад абмежаваў чыгуначныя перавозкі вясной 2020 года ў сувязі з пандэміяй каранавіруса. Тады ўказамі міністра ўнутраных спраў і прэм’ер-міністра прыпынілі спалучэнне з усімі суседнімі краінамі. У 2021 годзе большасць цягнікоў вярнулася. Але не склады ў Беларусь і Расію.
Забарона на пасажырскія цягнікі ў гэтыя краіны захоўваецца да гэтага часу. Пры гэтым таварныя цягнікі як ездзілі, так і працягваюць курсіраваць. Чаму? Пасля заканчэння пандэміі новай прычынай не аднаўляць спалучэнне стаў для польскіх уладаў міграцыйны крызіс, які пачаўся ў 2021 годзе.
Чытайце таксама: Польшча ў лістападзе можа адкрыць два пункты пропуску з Беларуссю
Як уладкаваная польская чыгунка і хто адказвае за міжнародныя спалучэнні
У Польшчы чыгуначным транспартам кіруюць некалькі арганізацый. Ёсць розныя перавозчыкі - рэгіянальныя, нацыянальныя і нават прыватныя. За інфраструктуру адказвае асобная фірма PKP Polskie Linie Kolejowe S. A. (скарочана — PLK). Менавіта PLK сцвярджае і каардынуе расклады і маршруты па запытах перавозчыкаў. Гэта значыць, калі ў Польшчы з’явіцца цікавасць да аднаўлення паездак у Беларусь, іх павінны будуць зацвердзіць у PLK.
«Polskie Linie Kolejowe как управляющий железнодорожной инфрастуктурой в Польше составляет расписание по заявкам лицензированных перевозчиков. Если они заявят о такой необходимости [возобновить сообщение с Беларусью — Hrodna.life], то мы будем этот вопрос рассматривать», — объяснил Hrodna.life Томаш Лотовский из пресс-службы PKP Polskie Linie Kolejowe S.A.
Што ёсць у новым раскладзе польскай чыгункі на 2026 год?
Польская чыгунка кожны год у снежні ўводзіць новы расклад на наступны сезон. Чарговы раз расклад змяніцца 14 снежня 2025. Яго апублікавалі ў кастрычніку. Як і ў мінулыя гады, там няма ніякіх цягнікоў у Беларусь.
Да 2015 года ў Гродне шмат гадоў ездзілі знакамітыя польскія электрычкі. Тыя самыя, якія на хаду раскручвалі беларускія кантрабандысты. Яны належалі фірме Polregio (тады яна называлася Przewozy Regionalne). Можа быць, гэты перавозчык хацеў бы вярнуцца ў Гродна?
«Такое рашэнне не ўваходзіць у кампетэнцыі Polregio», — коратка адказалі Hrodna.life у прэс-службе фірмы.
У прэс-службе PKP Intercity, чые цягнікі абслугоўвалі маршрут «Гродна — Кракаў» з восені 2016 да пачатку пандэміі каранавіруса, на пытанні аб магчымым аднаўленні трасы не адказалі.
Усё залежыць ад МУС?
Варта ўспомніць, што спалучэнне Гродна-Кузніца або Гродна-Беласток заўсёды было датаваным. Гэта значыць Polregio і Intercity не запускалі цягнікі, калі не мелі гарантыі датацый ад Міністэрства інфраструктуры або самакіравання Падляскага ваяводства.
Справа ў тым, што ўсе міжнародныя спалучэнні ў Польшчы, як прыгранічныя, накшталт Беласток-Кузніца, так і далёкага накіравання, накшталт Варшава-Берлін, арганізуюцца або міністэрствам, або самакіраваннем. Але ці збіраецца міністэрства калі-небудзь аднаўляць рэйсы ў Беларусь?

«Аднаўленне чыгуначнага пасажырскага спалучэння праз Цярэспаль і Кузніцу Беластоцкую залежыць ад рашэння міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі. Таксама ў кампетэнцыі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі застаюцца пытанні, якія тычацца прычын абмежавання чыгуначнага прыгранічнага спалучэння з Беларуссю і Расіяй», — адказала на пытанне Hrodna.life Ганна Шуманьска з прэс-службы Міністэрства інфраструктуры.
Чытайце таксама: Адкрыццё польска-беларускай мяжы адкладаецца — Літва патрабуе каардынацыі дзеянняў
Вяртанне пасажырскіх цягнікоў ужо некалькі разоў абмяркоўвалі ў польскім урадзе. Напрыклад, у пачатку 2024 года Міністэрства ўнутраных спраў паведамляла, што за перагляд правілаў руху паміж Польшчай і Беларуссю будзе адказваць міжведамасная група па міграцыі. А ў сярэдзіне таго ж года стала вядома, што пытанне магчымага адкрыцця закрытых чыгуначных і аўтамабільных пунктаў пропуску будзе кантраляваць Міжведамасная група па комплексным кіраванні дзяржаўнай мяжой. Пакуль праца гэтых груп не наблізіла для гродзенцаў перспектыву зноў ездзіць у Беласток на цягніку.
Разумеюць, што пакутуюць людзі, але бяспека важней
Тое, што прычына прыпынення цягнікоў у міграцыйным ціску з боку Беларусі, не хаваюць і ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі.
«Аднаўленне чыгуначнага пасажырскага спалучэння праз польска-беларускую мяжу залежыць ад зніжэння пагрозы масавай міграцыі ў гэтым кірунку. Для нас важна, каб беларускія службы спынілі напады і правакацыі на тэхнічную інфраструктуру польскай дзяржаўнай мяжы», — расказалі Hrodna.life у дэпартаменце грамадскай камунікацыі Міністэрства. Пакуль беларускі бок працягвае каардынаваць міграцыйны ціск і падтрымліваць Расію ў вайне з Украінай, аднаўленне чыгуначнага спалучэння немагчыма, сцвярджаюць у міністэрстве.
«Мы ўсведамляем, што абмежаванне руху на памежных пераходах з Беларуссю стварае цяжкасці для польскіх і беларускіх грамадзян у падтрыманні сямейных і прафесійных кантактаў. Але ў сувязі з надзвычайнай сітуацыяй прыярытэтам з’яўляецца гарантаванне дзяржаўнай і грамадскай бяспекі», — дадалі ў ведамстве.
Ці зацікаўленыя ў цягніках ўлады ў Беластоку?
Чыгуначнае спалучэнне праз Брузгі і Кузніцу доўгія гады мела перш за ўсе рэгіянальнае значэнне. Нават калі вагоны ішлі далей да Варшавы ці Кракава, большасць пасажыраў карысталіся імі, каб дабрацца максімум да Беластока. Ці зацікаўлены ўлады Падляшскага ваяводства вярнуць запатрабаваны ў мінулым трансгранічны маршрут?
Ваяводскае самакіраванне паводле закону арганізуе мясцовыя спалучэнні і спалучэнні не далей 30 км ад мяжы рэгіёну. Гродна знаходзіцца ў два разы бліжэй. Але рэгіянальныя ўлады ў Беластоку сцвярджаюць, што цягнікі ў Гродна, паколькі перасякаюць мяжу Еўрасаюза, маюць пазарэгіянальны характар. А значыць, гэта не кампетэнцыя ваяводства.

«Варта адзначыць, што чыгуначнае спалучэнне з Гродна ніколі не было ўключана ў пагадненні з ваяводствам. Гэтыя паслугі аказваў рэгіянальны перавозчык або PKP Intercity, а фінансаваў міністр (інфраструктуры — Hrodna.life)», — адказала прэс-сакратар маршалка падляшскага ваяводства Малгажата Палтарак на запыт Hrodna.life.
Такую пазіцыю — «няма грошай ад міністра, значыць няма цягнікоў» — ваяводства займае ўжо доўгія гады. Чыгуначнае паведамленне з Беларуссю ў Польшчы заўсёды было датацыйным — і праблемы з фінансаваннем таксама былі заўсёды. Напрыклад, у 2011 годзе цягнікам з Кузніцы ў Гродна пагражала ліквідацыя з-за магчымага недахопу датацый ад міністэрства. Пры гэтым міністэрства настойвала на тым, што адказваць за прымежныя паведамленні павінна менавіта ваяводства.
Чыгунка як адлюстраванне дыпламатыі
Расклад чыгункі на польска-беларускай мяжы адлюстроўвае дыпламатычныя адносіны паміж краінамі, пісаў у польскім профільным выданні «Rynek kolejowy» журналіст Каспер Фішар. «За апошнія 15 гадоў колькасць рэйсаў паступова скарачалася. За некалькі гадоў да пандэміі з раскладу знік начны цягнік Варшава-Мінск, а пункт пропуску Кузніца Беластоцкая — Гродня быў часова зачынены», — успамінае Фішар. Цягнікі, якія знікалі і не вярталіся, былі і раней. Напрыклад, у 2011 годзе, пасажырскія цягнікі перасталі хадзіць праз памежны пераход Чарэмха — Высокалітоўск. Пасля закрыцця ўчастак нават адрамантавалі, але больш ніколі ім не карысталіся.
Пры гэтым з боку Беларусі цікавасць да адраджэння чыгуначных злучэнняў з суседзямі з Еўрасаюза, відавочна, ёсць. Яшчэ вясной 2025 прадстаўнікі Беларускай чыгункі на міжнароднай канферэнцыі ў Варшаве прапаноўвалі аднавіць рэйсы з Беларусі ў Літву, Латвію і Польшчу.
Але польскія ўлады пакуль што гатовыя адкрыць толькі аўтамабільныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. А цягнікоў з Гродна ў Беласток, відаць, давядзецца яшчэ пачакаць.



