Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы плануе з 17 лістапада адкрыць два аўтамабільныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Баброўнікі» (з беларускага боку «Бераставіца») і «Кузніца Беластоцкая» (з беларускага боку «Брузгі»). Праект пастановы апублікавалі на сайце Урадавага цэнтра заканадаўства.

«Баброўнікі» плануецца адкрыць для пасажырскага транспарту і аўтобусаў. Для грузавога транспарту будуць абмежаванні - змогуць перасякаць мяжу толькі грузавікі, зарэгістраваныя ў Еўрапейскім Саюзе, Еўрапейскай эканамічнай прасторы і Швейцарыі. «Кузніцу» пакуль што адкрыюць толькі для легкавых аўтамабіляў. Аўтобусы прапускаць пакуль не будуць.

Аднаўленне руху людзей і тавараў праз мяжу адпавядае чаканням грамадства, напісана ў абгрунтаванні да пастановы. У прыватнасці міністэрства згадвае вялікую групу прадпрымальнікаў, перавозчыкаў і людзей, якія выязджаюць на працу з Беларусі ў Польшчу.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паабяцаў адкрыць мяжу з Беларуссю падчас выступу на рэгіянальным форуме ў Беластоку 28 кастрычніка. З-за канфлікту на беларуска-літоўскай мяжы працэс зацягнуўся — неўзабаве стала вядома, што чакаць адкрыцця Кузніцы і Баброўнікаў трэба ў сярэдзіне лістапада.

Чытайце таксама: Што перашкаджае вярнуць цягнікі паміж Беларуссю і Польшчай?