Рэканструкцыя былога піўзавода, мяркуючы па ўсім, на фінішнай прамой. Ужо зманціравалі новы дах, залілі перакрыцці, пафарбавалі фасады, гатовая частка вонкавых сетак. Завяршаюць мантаж падпорных сцен, якія фарміруюць унутраны дворык, дзе будуць праходзіць розныя мерапрыемствы.
Пасля залівання падпорных сцен будаўнікі пачнуць добраўпарадкоўваць прылеглую тэрыторыю, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс». Памяшканні ўнутры атынкавалі і расчысцілі ў іх цэглу, якая стане элементам унутранага аздаблення.
Пляцоўку перад галоўным фасадам з боку Нёмана таксама расчышчаюць. Акрамя таго, будаўнікі рыхтуюцца да залівання тэрасы, з якой можна будзе спусціцца да набярэжнай і Нёмана. Для зручнасці наведвальнікаў пабудуюць шкляны ліфт. Увесь працоўны працэс кантралююць спецыялісты, атэставаныя Міністэрствам культуры.

Пасля заканчэння работ у будынках былога піўзавода плануюць адкрыць рэстараны, кропкі грамадскага харчавання, музеі, крамы сувеніраў і выставачныя зоны.
Рэканструкцыя комплексу будынкаў на беразе Нёмана стартавала ў 2021 годзе і завершыцца ў трэцім квартале 2026-га — раней скарэктавалі тэрміны яго ўводу ў эксплуатацыю. На карэкціроўку тэрмінаў і канцэпцыі паўплывалі новыя дэталі, адкрытыя падчас рэканструкцыі. Кошт праекта — каля $ 8 млн.

Піўзавод — прыклад для Гродна
Комплекс піўзавода ўзвялі ў XVII стагоддзі. Першапачаткова гэта быў палац Сапегаў, пасля перайшоў да Агінскіх. Прадпрыемства там з’явілася ў 1860-х, а скончыла сваю дзейнасць у 2007 годзе. Будынак перажыў перапродаж і пажар. Новы інвестар пачаў рэканструкцыю восенню 2021 года. Пасля пачатку работ праект змянілі, але на карысць спадчыны. Рэканструктары адкрылі ў будынку бровара XIX ст. архітэктуру палаца XVII ст., з якога ён быў калісьці перабудаваны. Інвестар вырашыў аднаўляць больш ранні будынак, захаваць аўтэнтыку і зрабіць яе фішкай комплексу. Праз гэта прыйшлося істотна ссунуць тэрміны будаўніцтва.