У якасці хэдлайнераў на гарадскі выпускны ў Гродне ў гэтым годзе ўлады вырашылі запрасіць расійскіх выканаўцаў Galibri&Mavik. Гродзенскія выпускнікі ў сацсетках абурыліся такім выбарам.
Galibri & Mavik — расійскі музычны дуэт у стылі сучаснай поп-музыкі. Створаны ў 2020 годзе Яўгенам Трухіным (Galibri) і Аляксандрам Фаменкавым (Mavik). Да гэтага яны пісалі песні для іншых артыстаў, у тым ліку — Клава Кока, NILETTO і Хабіба. Вядомасць атрымалі пасля хіта «Федерико Феллини» (2021), які стаў вірусным у TikTok. Сярод іншых папулярных песень — «Чак Норрис», «Карнавал», «Дискотанцы», «Ромашки».
«Убачыла хэдлайнера на выпускны ў Гродне і ўжо неяк не хочацца туды ісці», — выказалася адна з гродзенскіх выпускніц у TikTok. У каментарах яе падтрымалі:
- «Самага міленіяльнага выканаўцу выбралі на выпускны да зумераў»
- «Гэта проста трэш, у адным гродзенскім канале нават каменты закрылі, таму што акрамя абурэнняў нічога не пісалі»
- «У тым годзе было лепш…»
- «Гэта проста капец, а ўсе навінавыя паблікі Гродна крычаць аб тым, маўляў, дзеці САМІ прасілі гэтых выканаўцаў у анкетаванні. Адна хлусня…»
- «Я нават назвы іх гурта не ведала і думала, што гэтыя песні гэта нейкі рофл…»
Адзін з карыстальнікаў усё ж упэўнены, што меркаванне дзяцей не варта ўлічваць:
«дзіцятка, ніхто табе не абавязаны ўвогуле якіх-небудзь выканаўцаў на выпускны запрашаць, дзякавала б кіраўніцтву горада ўвогуле за такія ініцыятывы клікаць кагосьці, а тут яшчэ выбірае, што ёй не падабаецца».
«Galibri&Mavik — адны з тых выканаўцаў, якіх прасілі вучні выпускных класаў, і за якіх галасавала моладзь у анкетах», — пісалі ў афіцыйным канале гарвыканкама, каментуючы выбар.

Не ацанілі выбар уладаў і большасць каментатараў у Instagram канале «Гродна Плюс»:
- «Я канешне ўсё разумею, але як гэтыя выканаўцы падыходзяць пад тэматыку выпускнога і хто іх выбіраў? У мінулым годзе хаця б хэдлайнеры былі вядомыя выпускнікам і яны ведалі не адну песню артыста, у іх хоць былі песні ў тэматыцы выпускнога… Цяпер жа адзіная песня знаёмая ўсім — Федэрыка Феліні, што ўсе астатнія 4 гадзіны мы будзем рабіць?»
- «Можна не прыходзіць»
- «Мда, горш быць не можа.»
- «Хто з выпускнікоў іх пісаў…»
Упершыню гарадскі выпускны ў Гродне арганізавалі ў 2024 годзе. У ім прынялі ўдзел каля 2,5 тысяч выпускнікоў. Для іх зладзілі свята з урачыстым шэсцем і канцэртам на Савецкай плошчы. Для выпускнікоў выступалі, як і ў гэтым годзе, выканаўцы з Расіі: 22-гадовы рэпер Фогель і гурт Dabro.
У гэтым годзе чакаюць 2647 выпускнікоў сярэдніх школ Гродна. Мерапрыемства пройдзе 13 чэрвеня на Савецкай плошчы.