Дом у Новым Свеце да рамонту. Фота: "Звязда"
На відэа, у якім рэстаўруюць дзверы аднаго з драўляных дамоў у Гродне, звярнуў увагу Telegram-канал «Спадчына». Працоўныя знялі старыя пласты фарбы, а пасля апрацавалі дрэва і дадалі страчаныя разьбяныя элементы. Паводле аўтараў «Спадчыны», праца была зроблена недасканала і часткова сапсавала выгляд дому.
Уладальнік дома звярнуўся да гродзенскай рэстаўрацыйнай майстэрні Retroio з запытам аднавіць дзверы — перафарбаваць іх у новы колер, але захаваць арыгінальны выгляд, бо дом знаходзіцца ў гістарычнай частцы горада.
Рэстаўратары знялі каля пяці пластоў фарбы, каб «адкрыць дрэва і даць яму магчымасць дыхаць», — адзначаецца ў відэа. Пасля дзверы адпаліравалі і з дапамогай шпаклявання «схавалі ўсе заганы — сколы і трэшчыны». Фінальным этапам працы стала аднаўленне разьбяных элементаў, якія з цягам часу пашкодзіліся.
Зараз дзверы загрунтаваныя — іх плануюць пафарбаваць у карычневы колер. Але прыступяць да гэтага этапу вясной, калі надвор’е стане больш цёплым.
Драўляны дом, дзе праводзіліся працы, знаходзіцца па вуліцы 17 Верасня. Вуліца трапляе ў ахоўную зону гістарычнага цэнтра Гродна — зону рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання. Таму тут забараняецца будаваць прамысловыя прадпрыемствы і камунальна-складскія аб’екты. Таксама тут нельга рэканструяваць існуючую забудову без выкарыстання гістарычнага модуля па працягласці фасадаў. Але гэта «ніяк не абараняе каштоўную драўляную забудову ад такой вось псеўдарэстаўрацыі», — адзначаюць у «Спадчыне».
Як заўважылі падпісчыкі «Спадчыны», падчас рэстаўрацыі працоўныя дапусцілі шэраг памылак. Сярод іншага адзначаюць занадта вялікую колькасць выкарыстанай шпаклёўкі, фарбаванне дзвярэй разам з ручкай, таксама з левай створкі кудысьці знік гістарычны дзвярны нумарок.
Апроч таго адзначаецца, што працы па дэмантажу абкладкі лепш праводзіць у майстэрні — інакш нераўнамерная шліфоўка можа пашкодзіць абкладку.
Падчас аднаўлення дома сярод драўляных элементаў засталіся арыгінальнымі толькі дзверы. Выкінулі драўляныя вокны з накладным дэкорам, разьбяныя падзоры, якія акаймоўвалі навісь даху, старую ашалёўку.
«Работы больш нагадваюць рамонт. І бачна, што выконваюцца не прафесіяналамі», — рэзюмуюць аўтары «Спадчыны».
Гатэль «Кронон Парк Гатэль», размешчаны ў лесапарку Пышкі ў Гродне, атрымаў прэмію Travel Time Awards…
У 2024 годзе бацькоўскіх правоў у Беларусі былі пазбаўлены бацькі 3 955 дзяцей. Гэта найбольшая колькасць…
Жыхар Гродна набіў на шчыкалатцы татуіроўку з выявай расійскага рэпера Пашы Тэхніка і подпісам “Досвидания”.…
На сёмым паверсе дома па вуліцы Ліможа, 48Б выстаўлена на продаж трохпакаёвая кватэра плошчай 74,8…
У Гродне рыхтуюцца да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы аб'яднаюць пад канцэпцыяй…
З 5 красавіка ў Гродне талоны на праезд у гарадскім грамадскім транспарце даражэюць на 10…