Тралейбус № 187 возіць пасажыраў па Гродне ўжо 35 гадоў і толькі часам перарываецца на рамонт. А ў апошнія гады тралейбус увогуле стаў мясцовай славутасцю. Гісторыю вядомага транспарту распавяла газета «Гродзенская праўда».

Наступныя пасля яго — толькі тралейбусы 2007 года

Тралейбус папоўніў транспартны парк Гродна ў 1990 годзе. Тады яму прысвоілі інвентарны нумар 187 і з таго часу ён застаецца нязменным.

З часам састарэлы транспарт спісваюць, але 187 тралейбус працягваў курсіраваць па горадзе. У выніку ён застаўся адзіным у сваім родзе.

«Рэтра-тралейбус займае ў нас асаблівае месца, таму што ён такі адзін. Наступныя пасля яго — толькі тралейбусы 2007 года выпуску», — распавёў намеснік галоўнага інжынера гродзенскага аўтобуснага парка Генадзь Цвячкоўскі.

Як адзначаюць супрацоўнікі аўтапарка, тралейбус «у рамонце непатрабавальны». Нягледзячы на ​​тое, што некаторымі элементамі ён адрозніваецца ад сучасных тралейбусаў, праблем з ім не ўзнікае.

У 2013 годзе тралейбус капітальна адрамантавалі, захаваўшы яго першапачатковае аблічча і бела-аранжавую расфарбоўку кузава.

Наступны раз транспарт адрамантавалі ў 2023, надаўшы асаблівую ўвагу салону. Яго аднавілі, а над вокнамі размясцілі архіўныя фотаздымкі Гродна і ўзоры праязных білетаў мінулых гадоў.

Тралейбус заказвалі нават на выпіску з радзільнага дома

Цяпер тралейбус курсіруе па маршрутах № 3, 9 і 11. Як адзначаюць у аўтобусным парку, спісваць яго не збіраюцца. Апроч перавозкі пасажыраў, аўтобус задзейнічаюць падчас экскурсій і свят.

«Часта рэтратралейбус заказваюць, каб адзначыць дні нараджэння, карпаратывы. Адзін раз нават забіралі маму з дзіцем з радзільнага дома. Пасажыры заўсёды з усмешкай, добрым настроем, таму атмасфера ў мяне станоўчая», — адзначае кіроўца тралейбуса Віктар Макаровіч.

Чытайце таксама: Трамваі ў Гродне маглі з’явіцца раней за аўтобусы: як развіваўся гродзенскі грамадскі транспарт

Тралейбуснаму руху ў Гродне ўжо 50 гадоў

У гэтым годзе тралейбусны рух у Гродне адзначае 50-годдзе. Менавіта 5 лістапада 1974 года паміж «Азотам» і Савецкай плошчай адкрылі першы тралейбусны маршрут у горадзе.

У першы дзень працы гродзенскіх тралейбусаў кіраўніцтва горада дазволіла ўсім пасажырам ездзіць бясплатна. Маршрут складаў 8,5 кіламетраў, а транспарт праязджаў яго за 30 хвілін.

Чытайце таксама: Ад «Піянера» да бескантактнага — гісторыя гродзенскіх тралейбусаў