Спадчына

У Гродзенскай вобласці заняліся старымі воданапорнымі вежамі: у Мастах у такой зробяць хостэл, а ў Навагрудку — бар

Дзве старыя воданапорныя вежы ў Гродзенскай вобласці выкупілі прыватныя ўласнікі. Яны плануюць аднавіць іх і змяніць функцыі: вежа ў Мастах ператварыцца ў хостэл, а вежа ў Навагрудку стане барам.

Ужо з’явіліся эскізы будучага хостэла ў Мастах. Ілюстрацыі публікуе Telegram-канал «Белорусская глубинка». Згодна з імі, пасля рэстаўрацыі ў вежы з’явяцца новыя вокны. Унутры будынак падзеляць на паверхі і памяшканні, у якіх прадугледзяць нумары для пастаяльцаў. У кожным нумары будзе ўласны санвузел. Да будынка прыбудуюць закрытую лесвіцу ў такім жа цагляным прамысловым стылі, як і ўвесь будынак.

Праект хостэлу ў мастоўскай вежы
Эскіз нумароў у хостэлу

Старую воданапорную вежу ў Навагрудку будуць рэстаўраваць уласнікі гатэля «Еўропа». Яны плануюць ператварыць яе ў бар. Аб гэтым у сваім Instagram-акаўнце паведаміў блогер Дзяніс Блішч. Вінтавая лесвіца ў вежы вядзе на самы верх, а праз акно відаць «эксклюзіўныя краявіды горада», дадае блогер.

Навагрудская вежа ўсярэдзіне
Вежа ў Навагрудку звонку

У Instagram гатэля «Еўропа» ў апісанні можна прачытаць кароткую інфармацыю: «Мы — сям’я Поткіных. Шукаем інвестараў. Рэстаўруем гатэль „Еўропа“ 1900 г. Будуем падземны музей. Рэстаўруем воданапорную вежу».

Улады планавалі стварыць у навагрудскай вежы музей вады

У 2013 годзе ў навагрудскай вежы планавалі адкрыць аглядную пляцоўку. Пасля ад гэтай ідэі адмовіліся і вырашылі стварыць інтэрактыўны музей вады. «Навагрудскія ўлады з энтузіязмам падтрымалі ідэю стварэння такой установы», — паведамлялі дзяржаўныя медыі.

Нават сабралі спецыяльную камісію, якая павінна была даследаваць тэхнічны стан будынку — але музей у вежы так і не з’явіўся.

Якія праекты з воданапорнымі вежамі (не) рэалізавалі ў Гродне

Старадаўнюю воданапорную вежу ў лесапарку Румлёва хацелі выкарыстаць для бізнесу. Паводле планаў прыватнага інвестара, на вежы мела з’явіцца назіральная пляцоўка і невялікі офіс. Але прапанова падвесці да вежы інжынерныя камунікацыі выклікала ў мясцовых эколагаў абурэнне. Ідэя не адпавядала статусу помніка прыроды, які мае парк — у выніку праект закрылі.

У былых гродзенскіх ваданапорных вежах «Кася» і «Бася» з 1987 года знаходзяцца мастацкія майстэрні. Гэта адна з турыстычных адметнасцяў горада. Праўда, не абыходзіцца без праблем: у 2022 годзе мастакам раптоўна выставілі рахунак за карыстанне зямлёй — 22 тыс. рублёў за шэсць гадоў. Тады творцам давялося шукаць спонсара, каб заплаціць пазыку.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Два падлеткі са Слоніма атрымалі крымінальную справу — за што?

Два хлопцы са Слоніма, узростам 14 і 15 гадоў, атрымалі крымінальны артыкул за хуліганства, здзейсненае…

19 верасня 2024

Стала вядома, колькі будзе каштаваць кватэра ў новым мікрараёне «Вясенні»

Дом у раёне вуліц Каліноўскага і Вясенняй, які пачалі будаваць у пачатку верасня, плануюць здаць…

19 верасня 2024

Гродзенцы абурыліся з-за платнай паркоўкі ля адной з новабудоўляў - $ 2000 за месца

Канфлікт разгарнуўся вакол паркоўкі ў новым доме на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Гродзенцы абураны тым, што…

19 верасня 2024

Пад Гроднам прадаюць гатовы бізнес па вырошчванні дурніц

Фермерская гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Пальніца, што ў 23 кіламетрах ад Гродна. Гаспадарка дзейнічае —…

19 верасня 2024

У Швейцарскай даліне з’явілася новая сцежка. Куды яна вядзе?

На ўчастку ад вуліцы Мітрапаліта Філарэта да прыпынку «Цэнтр занятасці» на вуліцы Дзяржынскага амаль скончылі…

18 верасня 2024

Прадзюсарскі цэнтр, які няўдала судзіўся з Бондаравай, абскардзіў рашэнне суда (абноўлена)

ТАА "Флагман М'юзік" не пагадзілася з адмовай у іску аб абароне дзелавой рэпутацыі да актывісткі…

18 верасня 2024