Былы спартовец і алімпіец Павел Шурмей з пазыўным «Дзядзька» стаў выконваючым абавязкі камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага. Пра гэта паведаміла «Еўрарадыё» са спасылкай на прэс-службу палка.
На пасадзе камандзіра Шурмей замяніў Дзяніса Прохарава з пазыўным «Кіт». Але ён пакуль выканаўца абавязкаў. На новай пасадзе «Дзядзьку» павінна зацвердзіць управа камандзіраў баявых падраздзяленняў, але не абавязкова, што гэта адбудзецца.
Хто такі Павел Шурмей
Павел Шурмей — 47-гадовы ўраджэнец Ліды і спартовец-вясляр. Ён удзельнічаў у Алімпійскіх гульнях 2004 і 2008 гадоў у складзе зборнай Беларусі. Жонка Паўла Шурмея — украінская вяслярка Алена Бурак. Пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 Шурмей прыехаў з ЗША ва Украіну і далучыўся да беларускага добраахвотніцкага руху. Падчас аднаго з баёў быў паранены. За адвагу яго ўзнагародзілі Медалём БНР за баявыя заслугі.
У сакавіку 2023 года ў Беларусі супраць Шурмея завялі крымінальную справу. Яго абвінавачваюць паводле артыкулаў 361−3 і 361−4 КК (удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). У чэрвені 2024 года Басманны суд Масквы завочна арыштаваў Шурмея.
Чытайце таксама: Лідчаніна будуць судзіць за ўступленне ў полк Каліноўскага. Пакуль — завочна