Гістарычны будынак манастыра, які зараз займае гарадская клінічная бальніца № 2, пасля будаўніцтва новай бальніцы на Янкі Купалы перададуць гораду. Лукашэнка прапанаваў зрабіць там інтэрнат.
Бальніца № 2 ужо шмат гадоў займае ў тым ліку былы жылы корпус манастыра францысканцаў XVII стагоддзя. Цяпер там няма магчымасці паставіць новае абсталяванне. У планах перадаць будынак гораду і ўцягнуць у абарачэнне, сказаў кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік падчас візіту Аляксандра Лукашенкі ў Гродна.
«А можа, на гэтай базе, яна ж добрая база, там нешта зрабіць — ці інтэрнат, яшчэ чагосьці», — прапанаваў Лукашэнка.
Там можна адкрыць гасцінічны комплекс, бо будынак размешчаны паблізу ад турыстычнага цэнтра, адказаў Уладзімір Каранік.
А як планавалі да гэтага?
Раней у рамках зацверджанага дэталёвага плана гістарычнага цэнтра Гродна да 2030 года збіраліся будаваць новы корпус бальніцы № 2 паблізу цяперашняй установы — у раёне Леванабярэжнай. Таксама згодна з праектам у раёне гарадской клінічнай бальніцы № 2 збіраліся пабудаваць падземны паркінг, які б абслугоўваў не толькі бальніцу. У плане было закладзена стварэнне праходу да Нёмана ад вуліцы Гагарына паміж францысканскім касцёлам і бальніцай, у працяг тупіковай цяпер вуліцы Агароднай, да 2030 года. Гэтая ідэя таксама была ў генплане 1988 года.
Саму вуліцу Агародную, на якой знаходзіцца корпус бальніцы, у даведніку «Біяграфія гарадзенскіх вуліц» называюць магчымай адной з самых старажытных вуліц занёманскай часткі Гродна.