Бар у дворыку на Маставой, 31 прапрацаваў тры гады — спачатку пад назвай «Чырвоным па белым», потым — «Кей Бі». Ён быў вядомы не толькі віном, але і шумнымі шматлюднымі вечарынамі, а таксама нядрэнным меню сняданкаў і абедаў. Аб закрыцці абвясцілі ў Instagram установы 8 кастрычніка. Прычыну закрыцця ўладальнікі абяцаюць раскрыць пазней.
«Так, нам вар’яцка сумна, мы жылі нашым барам і ў нас наперадзе было так шмат ідэй і мараў! Мы дзякуем усім, хто быў увесь гэты час з намі! Перажываў і падтрымліваў! Дзякуючы вам, мы таксама маглі займацца дабрачыннасцю і за час нашай працы змаглі ахвяраваць больш за 15 тысяч рублёў на дапамогу ў розныя сацыяльныя цэнтры. Спадзяемся, спонсары нашага закрыцця зараз будуць аказваць гэтую дапамогу за нас!» — пішуць у пасце ўладальнікі.
«Як толькі мы закрыем бар у іншай краіне, адразу напішам шчыра, што здарылася! Але вы можаце напісаць сваю здагадку, а мы падміргнем, калі яна акажацца слушнай», — абяцаюць уладальнікі. Яны прыгадваюць, што бар вельмі любілі тусовачныя жыхары горада, на ўваход стаялі чэргі, а госці ездзілі нават з Мінска.
Заснавальніца бара Вера Таратухіна ў асабістым акаўнце ў Instagram у сторыс паабяцала адказаць на любыя пытанні, акрамя прычыны закрыцця.
«Магу адразу сказаць, што гэта [закрыццё] не з-за стратнасці. Гэта тое, пра што нельга казаць […] Я думаю, усе здагадаліся», — расказала Вера ў сацсетцы.
Уладальнікі бара ў Instagram паабяцалі неўзабаве выставіць на продаж посуд, шкло, кальяны і крэслы.
Вінны бар «Чырвоным па белым» адкрыўся ў верасні 2020 года ў дворыку на Маставой, 31. Першапачаткова адкрыццё планавалася на люты 2020, але тады планы парушыла пандэмія COVID-19. Уладальніца бара спецыяльна пераехала з Мінска, каб адкрыць установу ў Гродне. Інтэр'ер бара распрацоўвала гродзенская студыя «Месца», вядомая працай са шматлікімі іншымі папулярнымі кропкамі грамадскага харчавання.
У апошні год працы бар змяніў назву на «Кей Бі». Мясцовым уладам папярэдняя назва не падабалася. Хаця яна ніяк не была звязана з палітыкай і была зарэгістравана яшчэ ў 2019 годзе, чыноўнікі патрабавалі яго змяніць.
Адной з праблем, але не адзінай, для бара стала забарона працы летніх пляцовак на Маставой, 31 пасля 23.00. Жыхары суседніх дамоў скардзіліся на шум, які стваралі наведнікі ўстановаў. Пасля забароны ўладальнікі ўстаноў адзначалі, што плынь кліентаў моцна зменшылася.
У канцы ліпеня 2023 у Instagram бара напісалі: «Сябры, мы не гаворым бывай, мы гаворым да спаткання нашым любімым вечарынкам». Пасля гэтага з’явіўся толькі адзін пост у верасні з кароткім паведамленнем: «Ну што сябры, сумавалі?». Наступным разам публікацыя з’явілася 8 кастрычніка — і паведаміла аб закрыцці бара.
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…
Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…