Фільм «Барбі» можна будзе паглядзець у гродзенскім кінатэатры Moоon з 9 верасня. Тады ж яго павінна пачаць паказваць і ў дзяржаўных кінатэатрах. Прэм’ера «Апенгеймера» адбудзецца ў Mooon 25 верасня. Абодва фільмы з’явіліся ў афішы сеткі Silver Screen.

UPD 28.08. «Барбі» зноў знікла з афіш. На сайце Гроднааблкінавідэапракату фільм вісіць у раздзеле «Хутка ў кіно» без канкрэтнай даты. На сайце kinoteatr.megamag.by ні «Барбі», ні «Апенгеймер» няма. У кінатэтры Моооn старт паказу «Барбі» зараз прызначаны на 16 верасня, «Апенгеймер» пакуль без зменаў. Гэта можа быць звязана з тым, што праваўладальнік Warner Bros. Pictures перанес лічбавы рэліз «Барбі» з 5 на 12 верасня.

Барбі
Кадр з фільма «Барбі»: animatedtimes.com

Пра што фільмы

У «Барбі» ляльку (у выкананні Марго Робі) выганяюць з ідэальнай краіны Барбілэнд, бо яна не адпавядае тамтэйшым нормам прыгажосці. Яна пачынае новае жыццё ў рэальным свеце, дзе выяўляе, што дасканаласці можна дасягнуць толькі дзякуючы ўнутранай гармоніі.

У біяграфічным фільме «Апенгеймер» паказваюць гісторыю жыцця фізіка Роберта Апенгеймера (у выкананні Кіліяна Мёрфі). Ён кіраваў распрацоўкай першай у свеце ядзернай бомбы — а потым шмат гадоў змагаўся за абмежаванне распаўсюду ядзернай зброі на планеце.

Чаму ўсе кажуць пра «Барбі» і «Апенгеймера»?

Сусветная прэм’ера камедыі Грэты Гервіг «Барбі» прайшла 21 ліпеня. У той жа дзень адбылася прэм’ера драмы Крыстафера Нолана «Апенгеймер». Два гэтыя фільмы сталі самымі чаканымі сёлета і паказалі вяртанне цікавасці гледачоў да кінапаказаў пасля пандэміі каранавіруса.

У першыя выхадныя пасля прэм’еры сусветныя зборы «Барбі» склалі $ 337 млн. «Опенгеймер» сабраў $ 174 млн. За месяц ў сусветным пракаце «Барбі» сабрала амаль $ 1,3 млрд, а «Апенгеймер» больш за $ 700 млн.

Як наогул «Барбі» трапіла ў Беларусь і чаму паказы пераносілі

З-за санкцый, уведзеных у дачыненні да Расіі праз яе агрэсію ва Украіне, буйныя галівудскія студыі заблакавалі паказы сусветных кінапрэм'ер у Расі. У Беларусь жа стужкі траплялі акурат з Расіі. У студзені 2023 года ў Беларусі з’явіўся закон аб паралельным імпарце, які легалізаваў у тым ліку куплю ў трэціх асоб асобна візуальнага кантэнту і асобна — агучвання. Фільмы пачалі прыходзіць ад расійскіх студый агучкі, куды яны, у сваю чаргу, траплялі таксама ў абыход санкцыяў праз трэція краіны — часта Казахстан і Грузію.

Раней у Расіі анансавалі толькі анлайн-версіі «Барбі» і «Опенгеймера» — і не раней за восень. Складанасці ўзніклі праз тое, што галівудскія кінакампаніі па ватэрмарках вылічылі прадаўцоў і схему паставак пірацкіх копій фільмаў у Расію, піша Office Life. Адным з такіх пастаўнікоў былі кінатэатры Казахстана. Зараз прапаноў па продажы версій стужак для вялікага экрана на расійскім рынку не засталося, адзначыла крыніца выдання.

Чытайце таксама: Замест «Таямніц Дамблдора» паказваюць «Брат». Чым запаўняюць пусткі ў кінапракаце Гродна