Навіны

«Нас выгналі, а пазыкі засталіся». На Кірава закрылі бар «Corsar», але ўладальнік ужо думае адкрыць новы

Бар «Corsar» на вуліцы Кірава, 3 закрыўся. Прычына — пазыка перад арэндадаўцам. Пра гэта Telegram-каналу Радыё «Harodnia» распавёў апошні ўладальнік бара Андрэй Мароз. Таксама ён паведаміў, што зараз каманда бара ў пошуку новага памяшкання і фінансаў.

Бар «Corsar». Фота: Hrodna.life

«Нас па сутнасці выгналі, а пазыкі засталіся»

«Установа закрылася нечакана. І нас па сутнасці выгналі, а пазыкі засталіся: як перад камунальнымі службамі і арэндадаўцам, так і перад пастаўнікамі і іншымі людзьмі. Мне трэба працаваць, каб іх закрыць. Я не магу прасіць аб большым каманду, з якой мы рабілі бар лепш, але яны сапраўды ўсе шыкоўныя хлопцы. І я быў бы рады, калі яны павераць у мяне яшчэ раз і мы ўсе разам папрацуем яшчэ раз. Але ўжо не з мінусу падымаючы бар, а з нуля. Робячы першапачаткова нешта сваё і ўнікальнае. Так што будзем рабіць новы бар, пытанне толькі ў часе».

Бар «Corsar» адкрылі ў сакавіку 2018 года. За чатыры гады ў бары змяніліся тры ўладальнікі. У жніўні 2021 года бар выставілі на продаж у сувязі са зменай месца жыхарства папярэдняга ўладальніка, тады бар выкупіў Андрэй Мароз.

Зайшоў, каб знайсці кропку для рэпетыцый і выступаў, але набыў бар

«З набыццём бара была звязаная цікавая гісторыя. У той час я арганізоўваў канцэрт сумесна з сябрамі, вакалістамі з „Міленіума“ [вакальная студыя на базе палаца культуры — Радыё „Harodnia“], і шукаў пляцоўку як для мерапрыемства, так і для дадатковых рэпетыцый. Ну і па знаёмстве зайшоў у „Corsar“ да былога ўладальніка з такім пытаннем. На што ён [папярэдні ўладальнік бара Мікалай — Радыё „Harodnia“] жартам прапанаваў набыць бар. Ідэя мяне зацікавіла, разгаварыліся, ударылі па руках і працэс пайшоў».

Па словах Андрэя, гэта гісторыя пра тое, як з нулём грошай у кішэні і з адсутнасцю фінансавай падушкі ўляцець з дзвюх ног у грамадскае харчаванне.

Хацеў зрабіць бар як канцэртную пляцоўку

«Першы час працавалі ў старым фармаце, набіраючыся вопыту са старой камандай. За што ім бясконца ўдзячны, бо без іх усё гэта скончылася б значна раней. Бар я хацеў зрабіць канцэртнай пляцоўкай з досыць высокім узроўнем, але не мог сабе дазволіць проста зачыніцца, зрабіць што хачу і адкрыцца. Таму пачалі змяняць бар толькі з красавіка 2022 года», — распавёў Андрэй.

Бар «Corsar». Фота: Hrodna.life

На думку Андрэя, пачатак 2022 года быў не вельмі ўдалым, бо «сусветная сітуацыя, святы на выходныя, зіма і гэтак далей». Паколькі ў гэты час паток людзей пачаў імкліва змяншацца, было прынята рашэнне пачаць.

Каманда бара пачала з касметычнага рамонту. Пасля зрабілі сцэну для выступаў і пачалі праводзіць канцэрты. У чэрвені пачалі павольна ўводзіць кухню.

Праблемы пачаліся яшчэ ў снежні

«Грамадскае харчаванне проста так не зачыняецца ці прадаецца. У нас прыкладна са снежня пачаліся праблемы з аплатай арэнды, бо быў суд на буйную суму з пастаўніком, і ўжо пасля гэтага пазыка пачала расці. Аналізуючы бухгалтэрыю я магу лічыць, што мінулыя ўладальнікі ў часы кавіда сутыкнуліся з падобнымі праблемамі. Таксама былі затрымкі па аплаце арэнды, што падарвала давер да нашай арганізацыі. Як правіла, у такіх сітуацыях крайнім аказваецца апошні ўладальнік. Яму даводзіцца „аддувацца“ за ўсе грахі», — сказаў Андрэй.

У Бары «Corsar». Крыніца: vogs.by

З-за пазыкі арэндадаўца вырашыў скасаваць дамову арэнды. «Аб'ектыўна, сума пазыкі не такая вялікая [$ 4 тыс. — Радыё „Harodnia“], я сутыкаўся з сумай разы ў два больш, калі толькі набыў бар. У цэлым, калі б мы працягнулі, усё было б добра, але ў кожнага свой пункт гледжання на сітуацыю. І кагосці вінаваціць за рашэнні - глупства. Проста збег абставінаў і карысны вопыт», — лічыць Андрэй.

Плануе адкрыць новае месца, але ўжо не дыска-бар

Андрэй лічыць, што дзякуючы атрыманаму вопыту ён у стане зрабіць штосці новае. У старое памяшканне ён вяртацца не хоча. Але калі атрымаецца знайсці новае, то гэта будзе не дыска-бар. «Хочацца зрабіць нейкае ўтульнае, лампавае месца, дзе можна пасядзець, пагаварыць, перакусіць і паслухаць музыку», — сказаў Андрэй.

Зараз Андрэй шукае памяшканне і фінансы для новага бара. «Мы не сумуем і верым, што гэта толькі пачатак чагосці большага. Таму, калі будзе адкрывацца новы бар, мы ўсё раскажам».

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024