У Гродне збіраюцца аднавіць і выкарыстоўваць нежылы дом на Вялікай Траецкай, 5. Па плане там з’явіцца чатырохпавярховая прыбудова, а ўнутры — швейная майстэрня, страхавое і выдавецкае агенцтва. Зараз ідуць грамадскія абмеркавання.
Гістарычная частка будынка, якая мяжуе з крамай «Лёля», захаваецца. Прыбудову ў задняй частцы з газасілікатных блокаў, якая не мае гістарычнай каштоўнасці, знясуць, распавяла Hrodna.life галоўная архітэктарка праекта Святлана Хурс. На месцы яе ўзвядуць чатырохпавярховую пабудову з падвалам, паралельна суседняму будынку банка. Чацвёрты паверх будзе мансардным. Дах зробяць двухсхільным, з фальцевых лістоў, вышыня будынка да канька складзе 12 метраў. Пры падрыхтоўцы катлавана пад будаўніцтва будзе весціся археалагічны нагляд.
Для гістарычнай часткі будынка прадугледжана захаванне канструкцый фасада, рамонт і захаванне архітэктурных элементаў дэкору фасадаў. Праект прадугледжвае кансервацыю насценнага роспісу ўнутры будынка. Дах запраектаваны аднасхільны, як і зараз, з пакрыццём з фальцевая лістоў. З’явяцца мансардные вокны. Звонку плануюць пакінуць аўтэнтычны мур, вокны будуць драўляныя.
Старая і новая часткі будынка будуць злучаныя паміж сабой да трэцяга паверха. Прызначэнне будынка — шматфункцыянальнае. У падвальным паверсе запраектаваныя кабінет аховы працы і пажарнай бяспекі, майстэрня па рамонце адзення, санвузел і памяшканне сувязі. На першым паверсе размесцяцца памяшканне бытавога абслугоўвання, службовае памяшканне, кліенцкі аддзел страхавання, санвузлы і мінікацельная на прыродным газе. На другім паверсе будуць кабінеты работнікаў страхавання, санвузлы і пакой прыёму ежы. На трэцім і чацвёртым паверхах запраектаваныя памяшканні рэдакцыйна-выдавецкага агенцтва.
Тэрыторыю каля будынка часткова добраўпарадкуюць. Яна невялікая, таму ўзгоднена вертыкальнае азеляненне на балконах, на фасадзе будынка, распавяла архітэктарка Святлана Хурс.
Замоўца праекта — Аляксей Календа, генеральны дырэктар ТАА «Гарадское будаўніцтва», кіраўнік групы кампаній G3. Будынак плануецца здаваць у арэнду. Магчыма, частку памяшканняў зойме сам замоўца. Праект падрыхтаваны праектнай кампаніяй ТАА «Праектон».
Пачатак будаўніцтва запланавана на першы квартал 2022 года. Скончыць будынак збіраюцца таксама ў 2022-м. У 2019 годзе былі планы здаць будынак у эксплуатацыю ўжо ў 2020-м.
Гістарычная частка будынка датуецца 1880 годам. Суседні будынак таго ж часу па адрасе Вялікая Траецкая, 7 у 2015 годзе разабралі і адбудавалі з газасілікатных блокаў, піша краязнаўца Мечыслаў Супрон.
Да 1 кастрычніка 2021 года ўключна ідуць грамадскія абмеркаванні справаздачы ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА). З ім можна азнаёміцца на афіцыйным сайце гарвыканкама у раздзеле «Грамадскія абмеркаванні», у ТАА «Проектон» або ў замоўцы. Заўвагі і прапановы па справаздачы аб АУНА можна накіроўваць у гарвыканкам, кантактная асоба — Казімір Гецэвіч.
Чытайце таксама:
- Проект регенерации исторического центра Гродно стал лучшим на конкурсе ICOMOS
- Две царские казармы продадут с аукциона в Гродно. После реконструкции там могут появиться многоквартирные дома
- Без асфальта и велодорожек, но с детской площадкой. В горисполкоме рассказали про новый квартал таунхаусов в Барановичах