Чатырох супрацоўнікаў «Гродна Азот» затрымалі з 20 да 22 верасня. Таксама паведамілі аб затрыманні былога «азотаўца» Сяргея Шэлеста. Раней паведамлялася, што ён з’ехаў за мяжу.
UPD 18.50. Ірына Мацкевіч на свабодзе, у яе канфіскавалі тэхніку.
UPD 18.10. У сваёй кватэры затрымалі Вадзіма Яфіменка — машыніста цэха перамоткі, сартавання і ўпакоўкі філіяла «Завод Хімвалакно», паведамляе канал страйкамаўцаў. Яны мяркуюць, што яго даставілі ў РАУС ці КДБ.
UPD 16.10. Затрымалі дзяўчыну страйкамаўца Уладзіміра Жураўко Ірыну Мацкевіч, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область». У якім статусе дзяўчына, пакуль невядома.
Валянціна Цераневіча, работніка прадзільнага цэха «Хімвалакно» і намесніка старшыні Беларускага Незалежнага прафсаюза ААТ «Гродна Азот», затрымалі 20 верасня, паведаміў канал завадчан, прызнаны экстрэмісцкім. Інфармацыю аб затрыманні пацвердзіў «Салідарнасці» старшыня арганізацыі Андрэй Ханевіч.
Шэлест Сяргей, апаратчык цэха аміяк-3, які пайшоў у страйкам восенню 2020 года, таксама затрыманы. Ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ г. Мінска, паведамілі канал страйкамаўцаў 22 верасня. Раней паведамлялі, што ён пакінуў Беларусь.
Таксама затрыманыя Рыгор Рубан, майстар па рамонце абсталявання цэха Аміяк-3, Дзмітрый Ілюшчанка, майстар змены цэха Аміяк-3, Аляксей Сідар, машыніст помпавых установак цэха Карбамід-2, які сыйшоў у стачку.
На выхадных у Гродне затрымалі двух былых работнікаў «Гродна Азот» — Уладзіміра Жураўко і Андрэя Пагерыла. Прычына затрымання да гэтага часу невядомая. Тады прадстаўнік прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама не пракаментаваў інфармацыю Hrodna.life. У афіцыйных крыніцах сітуацыю з «азотаўцамі» таксама не каментавалі. 21 верасня прайшоў ператрус у офісе Беларускага Незалежнага прафсаюза першаснай арганізацыі ААТ «Нафтан» і ў кватэры старшыні арганізацыі Вольгі Брыцікавай, паведамлялі праваабаронцы.
Чытайце таксама: У Гродне затрымалі двух былых «азотаўцаў»
Пратэст на «Гродна Азот»
Супрацоўнікі «Гродна Азот» пасля выбараў у жніўні 2020 года запатрабавалі ад начальства публічна прызнаць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта. Рабочыя адкрыта звярнуліся да ўладаў горада і сілавікоў у сувязі з тым, што адбываецца ў краіне. Яны вялі перамовы з начальствам і гаварылі пра спыненне прадпрыемства.
У дзень агульнанацыянальнай забастоўкі 26 кастрычніка 2020 года тых, хто сабраўся каля заводакіраўніцтва, затрымалі і збілі ў аўтобусах амапаўцы. Пасля гэтага пачаліся звальненні на прадпрыемстве. «Гродна Азот» і «Гомельскі хімічны завод» заключылі дагавор аб часовым пераводзе работнікаў. Супрацоўнікаў выклікалі ў Следчы камітэт у якасці сведак паводле арт.200 КК — Прымус да страйку альбо да адмовы ад удзелу ў ім.