«Лаўка Тызенгаўза» з’явіцца ў польскай Саколцы ў межах сумеснага з Гроднам трансгранічнага праекта «Шлях Тызенгаўза».

Улады Саколкі выбралі праект лаўкі сярод пяці прапановаў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, піша isokolka.eu.

Як паведамлялі раней, у межах праекта «Шлях Тызенгаўза» лаўкі з постаццю Антонія Тызенгаўза павінны з’явіцца ў абодвух гарадах-удзельніках праекта. Яны будуць азначаць пачатак і канец турыстычнага шляху, які злучыць Саколку і Гродна. Пісалі, што ў Гродне Тызенгаўз будзе трымаць у руках карту горада, а побач будзе стаяць кароль Станіслаў Аўгуст, а ў Саколцы побач з Тызенгаўзам, які будзе таксама з картай, будзе стаяць «жыд з гаманцом, які будзе плаціць за тое, каб горад развіваўся». У варыянце, які перамог у конкурсе ў Саколцы, постаці яўрэя няма.

Агульны бюджэт трансгранічнага праекта — 2 139 254 еўра, з якіх фінансаванне Еўрапейскага саюза — 1 925 329 еўра. У Гродне за гэтыя грошы рэстаўруецца былы будынак архіва на плошчы Тызенгаўза — частка комплексу Гарадніцы канца 18 ст. Пасля рэканструкцыі ўсярэдзіне будзе музычны салон, галерэя, кавярня і зала для афіцыйных прыёмаў. Адноўлены будынак пяройдзе ў распараджэнне аддзела спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама. У Саколцы ў межах праекта таксама рэстаўруюць камяніцу канца 18 ст.


Чытайце таксама: Помнік Антонію Тызенгаўзу адкрылі ў Паставах


Антоній Тызенгаўз — заслужаная постаць не толькі для Гродна. Дзякуючы яму развівалася і Саколка — была закладзеная рынкавая плошча, пабудаваныя шматлікія камяніцы. Развіваліся і іншыя мясцовасці на Падляшшы: напрыклад, у Крынках з’явілася ўнікальная шасцівугольная рынкавая плошча.